У Аўтуховіча і Разановіча абвастрыліся праблемы са здароўем падчас суда


У гарадзенскай турме трэці тыдзень працягваецца судовае паседжанне над фігурантамі «справы Аўтуховіча». У Мікалая Аўтуховіча і святара Сяргея Разановіча за гэты час пагоршылася здароўе, паведамляе «Вясна».

Судовы працэс над «групай Аўтуховіча». Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года.
Фота: БелТА

Вядома, што ў Сяргея Разановіча цукровы дыябет. Палітвязень ужо некалькі дзён скардзіцца на стан здароўя. У мінулую пятніцу, калі ў судзе перайшлі да допыту Сяргея, ён стаў адчуваць сябе вельмі дрэнна, таму перапынак у судзе абвясцілі раней, чым звычайна – у 16:00.

Таксама паведамляюць, што і ў Мікалая Аўтуховіча абвастрыліся праблемы са спінай, і ён увесь час адчувае моцны боль. Гэта звязана з клеткай-«стаканам», у якой яго штодзённа ўтрымліваюць амаль тры тыдні. У «клетцы» амаль няма месца, а сядзець можна толькі на вузкай лаўцы.

Hавiны
На судзе над Аўтуховічам распавялі, што Лукашэнку нібыта збіраліся забіць з дапамогай ракеты
2022.05.27 17:20

Нагадаем, што 18 траўня пачаўся судовы працэс над 12 беларусамі, якіх следчыя аб’ядналі ў так званую групу Аўтуховіча і вінавацяць у тым ліку ў тэрарызме. Самому Аўтуховічу выставілі 10 артыкулаў.

Паводле інфармацыі, пададзенай Генпракуратураю РБ з нагоды перадачы справы ў суд, абвінавачваным інкрымінуюць 12 злачынстваў, сярод якіх – «акт тэрарызму». Пакаранне за яго прадугледжвае ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу РБ. Гэта «расстрэльны» артыкул.

  • «Стварэнне злачыннай арганізацыі і ўдзел у ёй» (ч. 1-3 арт. 285 КК);
  • «Замах на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 2 арт. 357 КК);
  • «Здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК) – выстаўлены толькі Аўтуховічу;
  • «Распальванне іншай сацыяльнай варожасці» (ч. 3 арт. 130 КК);
  • «Заклікі да санкцыяў, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361 КК);
  • «Замах на ўцягванне ў тэрарыстычную дзейнасць» (ч. 1 арт. 290-2 КК);
  • «Акт тэрарызму і рыхтаванне да яго» (ч. 3 арт. 289 КК);
  • «Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, у тым ліку рыхтаванне да такіх дзеянняў» (ч. 3-4 арт. 295 КК);
  • «Незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭЗ і дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, камплекту боепрыпасаў да яго, выбуховых рэчываў і прыладаў» (ч. 3 арт. 333-1 КК);
  • «Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў» (ч. 1 арт. 295-3 КК);
  • «Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК);
  • «Пакрыванне цяжкага злачынства» (ч. 1 арт. 405 КК).

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў