«Цябе не трэба, а ты ёсць». Беларусы спрачаюцца, ці варта было запрашаць расейцаў на фэст «Pradmova»


У чэрвені ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільні, а таксама на онлайн-пляцоўках пройдзе Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». На беларускі фэст запрасілі сярод іншага вядомых расейцаў – кагосьці гэта абурыла, а хтосьці нават адмовіўся ад удзелу.

Афіша фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». 2022 год. Выява: pradmova.by

Сярод удзельнікаў фестывалю анансаваныя шматлікія беларусы, а таксама грузіны, літоўцы, палякі… і расейцы. Некаторых беларусаў абурыла, што на фэсце анансавалі ўдзел трох расейцаў: кінакрытыка Антона Доліна, журналіста і публіцыста Віктара Шэндэровіча, пісьменніцы Лінор Гаралік. Некаторыя запрошаныя беларусы і ўкраінцы адмовіліся ад удзелу ў фэсце пасля такіх спрэчак.

Што кажуць пра тое, чаму расейцам не месца на «Pradmova»

Адны кажуць пра недарэчнасць удзелу расейцаў у беларускім фэсце падчас таго, як Расея вядзе вайну з Украінай, а другія – што «беларусы на беларускім фестывалі не мусяць цясніцца».

Кінакрытык Антон Долін падчас маскоўскай прэм’еры фільму рэжысёра Андрэя Смірнова «Француз». 31 кастрычніка 2019 года.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Вось цытаты з некаторых пастоў на Facebook:

Аляксей Карпенка, журналіст:

«…То бок у сітуацыі, калі краіна Антона Доліна вядзе захопніцкую каланіяльную вайну супраць Украіны, беларускія інтэлектуалы, ці хто там, ратуй божа, на нібыта беларускім фестывалі ладзіць у Вільні творчую вечарыну *** [клятага] Антона Доліна».

Алесь Плотка, музыка і літаратар, які адмовіўся ад удзелу ў фэсце:

«…Але тут нечакана з’явілася праграма фэсту ў выглядзе дыялогу (у тым ліку) з расейскай культурай. Я б не дурыў галаву арганізатарам сваёй заяўкай, не мог і памысліць, што такі праграмны падыход магчымы вось проста цяпер…»

Максім Жбанкоў, культурны аналітык і журналіст:

«…Імаверна, гэта здавалася цудоўнай ідэяй: зорная брыгада паравозікам. А белліт – да яе прычэпчыкам. У поп-культуры такія штурхачы завуцца хэдлайнерамі. Памылка? Так. І вельмі важная. Мяне раз’юшвае не тое, што я не Долін. Гэтага не выправіць. Мяне злуе тое, што расейскія стравы падаюць з асаблівым захапленнем і павагай. Што неспадзяваны расеец тут варты спецыяльнага сольнага вечара. Што ўкраінцы ў адказ на расейскі дэсант з праграмы сышлі – а арганізатары гэтага як бы і не заўважылі. Што беларускія сеткавыя каментатары ўзарваліся хваляй усхваляваных каментаў – а аргкамітэт палічыў за лепшае і тут пагардліва адмахнуцца з каламутнай адмазкай «мы супраць культуры забаронаў»…

Нядбай: Не запрашаць расейцаў было б самацэнзурай, а Алексіевіч – наўрад ці «прычэп» да расейцаў

Старшыня Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай пракаментавала «Белсату» спрэчкі вакол расейцаў на фэсце «Pradmova». Яна звяртае ўвагу на тое, што грамадзяне розных краінаў удзельнічаюць у фестывалі з самага яго пачатку – паглядзець на выступоўцаў мінулых гадоў можна, напрыклад, у Instagram фестывалю. Грамадзянства, кажа яна, не было «фільтрам»:

«Крытэрам было, ці мае гэты чалавек дачыненне да інтэлектуальнай прасторы і ці можа быць нечым карысны/цікавы беларускаму чытачу».

Але яна запэўнівае, што праграму фестывалю фармавалі з улікам новай сітуацыі ў рэгіёне: быў выразны антываенны падыход, хацелася найперш запрасіць украінскіх удзельнікаў. «Памірыць» украінцаў і расейцаў на фэсце не збіраюцца, такога дыялогу не канструявалі, нават не запрашалі расейцаў на імпрэзы ў Кракаве і Варшаве, дзе планаваўся ўдзел украінцаў.

Запрашэнне расейцаў было памылкай? Нядбай мяркуе, што скандалаў тады не было б, але гэта была б ужо самацэнзура:

«Разумееце, у інтэрнэт-дыскусіях ужо згадвалася, што ў часы СССР, калі людзям удавалася ўцячы за мяжу, на Захадзе іх прымалі цёпла. Сёння нам прапаноўваюць пахаваць жывымі, разам з імперыяй, тых калег з Расеі, якія намагаюцца супрацьстаяць імперыі, як і мы. Чым больш гучна ад мяне гэтага патрабуюць, тым больш мне карціць гэтаму супраціўляцца, таму што ніхто не павінен дыскрымінавацца за сваю нацыянальнасць».

Таццяна Нядбай. Менск, Беларусь. 29 красавіка 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Нядбай згадвае чуткі аб планах Расеі далучыць Беларусь у свой склад. Яна пытае, што будзе тады з беларусамі, якія стануць грамадзянамі Расеі не па сваёй волі: «Нам тады таксама будзе дарога толькі ў гета пракажоных?»

На пытанне аб тым, што беларусы, як піша Жбанкоў, стануць «прычэпам» да хэдлайнераў-расейцаў, Нядбай адказвае: гэта перабольшванне, бо з Расеі толькі тры чалавекі з больш як сотні ўдзельнікаў, а беларуская культура «для нас асноўны фокус і прызма». Нядбай таксама сумняецца, што нобэлеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч можна назваць «прычэпам да расейскіх хэдлайнераў».

«У цэлым мне здаецца, што ў такіх спрэчках выходзіць нашая фрустрацыя ад немагчымасці перамагчы ў Беларусі, вярнуць дзяржаву і краіну сабе, – мяркуе Нядбай. – Абурацца на дзеянні ўладаў па вынішчэнні культурнага поля не так папулярна і не так бяспечна».

Яна заклікае крытыкаў «Pradmova» таксама крытыкаваць разгром і знішчэнне ўладамі кніжнага рынку ў Беларусі, выказаць салідарнасць са зняволенымі Настай Карнацкай і Андрэем Янушкевічам.

Шэндэровіч: Колькасць галоваў арла ў гербе на ксіве не мусіць адцягваць увагу ад таго, што мы людзі

Антон Долін у апошні момант адмовіўся ад удзелу ў «Pradmova». Віктар Шэндэровіч, нягледзячы на спрэчкі, застаецца ў праграме. Аб гэтых спрэчках Шэндэровіч кажа «Белсату»: калі знойдуцца прэтэнзіі да яго, Доліна ці іншых удзельнікаў за падтрымку вайны ці падтрымку Пуціна, імперскую пазіцыю ці зняважлівае стаўленне да беларусаў і ўкраінцаў, ён гатовы выслухаць. Калі прэтэнзіі справядлівыя, Шэндэровіч гатовы іх прызнаць, але калі няма – «вось ён я, ёсць нейкая колькасць людзей, якія хочуць мяне пабачыць і пачуць».

«Я зыходжу з традыцыйных для ліберала каштоўнасцяў, якія заключаюцца ў тым, што няма ніякай калектыўнай віны, – тлумачыць Шэндэровіч. – Так, ёсць гістарычная калектыўная адказнасць, і расейцы будуць плаціць рахункі за свой жудасны выбар. Але што да этычнай ацэнкі, то адзінка вымярэння – чалавек».

Ён дадае, што з тымі, хто хоча яго пачуць, ён гатовы размаўляць «хоць у Зімбабвэ, калі знойдзецца агульная мова» – а з беларусамі ёсць і агульная мова, і блізкія культуры, і падставы для размовы. Беларусы і расейцы, кажа Шэндэровіч, фактычна, «як ні сумна, жывуць у адной дзяржаве», хоць ён жадаў бы, каб так не было.

Расейскі журналіст Віктар Шэндэровіч з плакатам «Вайна з Украінай — ганьба і злачынства». 2014 год.
Фота: Olya Olshansky / Facebook

Да 24 лютага, згадвае Шэндэровіч, у яго не было праблемаў з «расейскасцю», ды пасля пачатку поўнамаштабнай вайны даводзілася станавіцца аб’ектам гневу праз факт расейскага грамадзянства ці маскоўскай гаворкі. Да раздражнення ўкраінцаў ад «гукаў расейскай мовы» ён ставіцца талерантна: разумее, якая цяпер траўма ў людзей. Але калі вайну выкарыстоўваюць як «індульгенцыю на хамства», спекулююць на гэтым і сублімуюць сваю агрэсію, намагаецца «ставіць на месца».

Ці не «здушыць» Шэндэровіч сваёй вядомасцю беларускіх удзельнікаў? Ён прыводзіць «наўмысна парадаксальны» прыклад: калі б на фестываль ва ўмоўны Саратаў прыехалі выступаць гурты «The Beatles» і «Песняры», гэта не было б прыніжэннем для «Песняроў». У яго ж няма планаў дамінаваць і здушваць:

«Мне здаецца, што аўтарытэт любога фестывалю, яго цікавасць, у якасці спікераў, у тым, колькі людзей іх хочуць пачуць».

Шэндэровіч згадвае, як Канстанцін Райкін, ягоны настаўнік у тэатральнай студыі Табакова, казаў: «Што такое страшны сон артыста? Калі цябе не трэба, а ты ёсць». Ён запэўнівае: калі ён не патрэбны, яго не будзе.

Квяткоўскі: Трэба шукаць саюзнікаў, а не ператварацца ў ворагаў

Беларускі журналіст і пісьменнік Севярын Квяткоўскі выступіць 4 чэрвеня на фэсце «Pradmova» ў Тбілісі. Ён кажа «Белсату», што «нападкі на Шэндэровіча – гэта днішча», а ў спрэчках вакол фестывалю «некаторыя беларусы вырашылі стаць свяцейшымі за ўкраінцаў».

«Глядзіце, што ў барацьбе з пашпартам вы можаце ператварыцца ў свайго ворага, – засцерагае Квяткоўскі. – Калі вы будзеце па пашпарце ўсіх гнабіць, чым вы будзеце адрознівацца ад кацапаў?»

Ён згадвае, што ў Грузіі, куды эміграваў з палітычных прычынаў, сустракаўся са спробамі яго цкаваць за тое, што размаўляў там па-расейску. Грузіны не адрозніваюць беларускі і ўкраінскі акцэнты расейскай мовы, таму ў Грузіі могуць дыскрымінаваць і расейскамоўных украінцаў, якіх нямала, і этнічных расейцаў з Украіны.

Cевярын Квяткоўскі. Скрыншот: праграма «Размова» / Белсат

З іншага боку, Квяткоўскаму даводзілася сутыкацца з рознымі расейцамі – і ў фразу «няма добрых расейцаў» ён не верыць. І ён нагадвае, што ў Расеі ёсць і чувашы, і якуты, і татары, і славяне, якія супраць імперыі, за дэмакратыю.

«Наконт вайны: заўжды шукайце саюзніка на тэрыторыі праціўніка, шукайце, з кім вы можаце супрацоўнічаць, разбурайце праціўніка знутры», – кажа Квяткоўскі.

Ён раіць працаваць са «здаровымі сіламі, якія на тваім баку», – а таксама пачытаць мемуары Ўінстана Чэрчыла, які ачольваў Вялікую Брытанію ў час Другой сусветнай вайны, і аповесць «Зброя» Уладзіміра Караткевіча пра тое, як паўстанцы Каліноўскага набывалі зброю ў Маскве.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў