Расейскі суд пастанавіў экстрадаваць Яну Пінчук у Беларусь


У Расеі адбыўся суд у пытанні экстрадыцыі грамадзянкі Беларусі Яны Пінчук. Як паведамляе карэспандэнт «Белсату», суд пастанавіў экстрадаваць актывістку.

Яна Пінчук.
Фота: zaks.ru

Падчас паседжання суддзя забараніла фота- ды відэаздымку на працэсе нават тым, хто меў акрэдытацыю медыяў.

Пракурор і адвакат паспрачаліся наконт таго, ці пагражаюць Яне ў Беларусі катаванні. Абвінавачанне пераконвала, што не, бо справа нібыта не з’яўляецца палітычна матываванай, а суд будзе адбывацца «у межах міжнароднага права».

Пасля зачытаных гарантыяў з боку Генеральнай пракуратуры з судовай залы выдалілі чалавека, які рассмяяўся.

Абноўлена
Расейскі суд адмовіў беларускай палітзняволенай Яне Пінчук у прытулку
2022.05.27 11:23

Яну Пінчук затрымалі 1 лістапада 2021 года ў Санкт-Пецярбургу на запыт беларускіх сілавікоў. 3 лістапада мясцовы раённы суд абраў для яе меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. На радзіме за адміністраванне тэлеграм-каналу «Віцебск 97%» супраць Яны Пінчук выставілі абвінавачанні паводле пяці крымінальных артыкулаў: распальванне нацыянальнай варожасці (ч. 3 артыкула 130), заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (ч. 3 артыкула 361), паклёп (артыкул 188) і іншыя.

Дзяўчына звярнулася з просьбай пра часовы прытулак. Яна ўказала, што «пражывае ў РФ з 2018 года, не хавалася, а вяла лад жыцця свабоднага чалавека». І лічыць пачатыя супраць яе справы «палітычна матываванымі» «за дапамогу затрыманым за мірныя пратэсты».

За час знаходжання за кратамі Яна паспела выйсці замуж, а вядомы расейскі праваабарончы цэнтр «Мемарыял» прызнаў яе палітвязнем.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў