«Помста грамадству за сваю ўласную траўму». Валер Карбалевіч пра палітычную эвалюцыю Аляксандра Лукашэнкі


Амаль 12 гадоў таму, напрыканцы 2010-га, у Менску адбылася прэзентацыя кнігі гісторыка, палітолага, палітычнага аналітыка радыё «Свабода» Валера Карбалевіча «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт».

Кніга выйшла ў Маскве ў выдавецтве «Партызан» накладам 7000 асобнікаў. На 700 старонках аўтар апісвае ўсе на той час этапы палітычнай кар’еры кіраўніка Беларусі, прыводзіць цэлы стос ягоных цытатаў, праз якія імкнецца найбольш трапна апісаць характар і намеры героя кнігі. Наколькі, з гістарычнага пункту гледжання, асоба Аляксандра Лукашэнкі сапраўды ўплывае на развіццё краіны, пра гэта карэспандэнт «Белсату» гутарыць з Валерам Карбалевічам.

Журналіст і палітолаг Валеры Карбалевіч.
Фота: liberalclubbelarus / Facebook

– Вы называеце Лукашэнку цікавым гістарычным, палітычным і сацыяльна-псіхалагічным феноменам. Прычым феноменам знішчэння дэмакратыі. Чаму ўвогуле ў вас з’явілася жаданне заняцца ягонай біяграфіяй і шляхамі станаўлення?

– Чаму зацікавіла, то гэта відавочна. Чалавек шмат гадоў ва ўладзе і, ганьбячы ўсе каноны, не збіраецца з яе сыходзіць, стварыўшы персаналісцкі рэжым, рэжым асабістай улады. І ад ягоных уяўленняў, звычак, ягонай стылістыкі залежаць у Беларусі і эканоміка, і палітыка, унутраная і вонкавая. Ды я ж і не першы. Раней выйшла кніжка «Лукашэнка. Палітычная біяграфія» Аляксандра Фядуты і «Выпадковы прэзідэнт» Паўла Шарамета і Святланы Калінкінай. Найбольш дасціпныя вывучалі, чаму такая з’ява адбылася ў нас. І чаму ён хутка пераўтварыўся з аднаго Лукашэнкі ў іншага. Дзесьці з 1989 да 1992 год ён быў сапраўды дэмакратам. Выказваў гэткія каштоўнасці, публічна іх дэманстраваў ці ішоў услед за тэндэнцыямі, якія дамінавалі. Ён разумеў, што звычайны дырэктар саўгасу можа стаць палітыкам толькі тады, калі спрабуе трапіць у фокус грамадскіх чаканняў, выказваючы думкі, якія ёсць у свядомасці большасці. Ён крытыкаваў камуністычную партыю, дзяржаўную ўласнасць. У кнізе прыводжу такую цытату з ягонага інтэрв’ю:

«Я заўсёды ваяваў супраць улады. Супраць дурноты ейнай. І таму маё жыццё шмат разоў вісела на валаску».

Акрамя таго, ён вельмі ганарыўся тым, што меў магчымасць як кіраўнік гаспадаркі размяркоўваць жыллё, нейкія сацыяльныя выплаты і пуцёўкі, трымаючы людзей за паўпрыгонных. Тады, магчыма, пачала развівацца «манія вялікасці». А яшчэ адным комплексам была пахвальба тым, што да яго прыслухоўваюцца больш высокія кіраўнікі. Як ён узгадваў, Гарбачоў часта збіраў нарады і на адну з іх Кампартыя БССР накіравала Лукашэнку.

«Мяне ён цэлых 13 хвілінаў літаральна раздзіраў на трыбуне сваймі пытаннямі пра мой перадавы досвед наконт арэндных адносінаў і фермерскай гаспадаркі, і я ўступіў у палеміку».

З нагоды гэтай цытаты можна паразважаць на ўлюбёную тэму Лукашэнкі «я і вялікія», якую псіхолагі лічаць класічным прыкладам комплексу непаўнавартасці. І яшчэ ў яго вельмі дрэнная здольнасць да сацыяльнай адаптацыі. Ён чалавек вельмі канфліктны. Таму часта мяняў месцы працы. Але ён марыў перш за ўсё пра кар’еру. Таму і адукацыю другую атрымаў. Хіба асаблівасці характару доўга вельмі перашкаджалі яму.

Аляксандр Лукашэнка, 3 ліпеня 2015 года.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Увесь час кіравання Лукашэнкі – гэта пастаянныя канфлікты: з Захадам, з суседзямі, з Расеяй той жа. Ні ў каго і ні з кім у Расеі не было такіх спрэчак, як з Беларуссю. Прынамсі да 2014 года, да Крыму. І таму не выпадкова, што Беларусь – адзіная краіна, якая не стала чальцом Рады Еўропы, краіна, якая дагэтуль не ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Чаму? Бо там ёсць нейкія правілы, якім павінна падпарадкоўвацца любая дзяржава – чалец гэтай структуры. А для Лукашэнкі любыя структуры, якія ставяць нейкія межы ягонай палітыцы, – гэта непрымальна. Ён у шматлікіх інтэрв’ю так і кажа:

«Я не ўяўляю сабе жыццё без улады. Я нават не ўяўляю, што рабіць, калі аднойчы раніцою я падымуся ўжо не прэзідэнтам. І што рабіць?»

Для яго гэта сітуацыя непрымальная, незразумелая і фантастычная. І яго вельмі раздражняе тое ўяўленне, што яго недаацэньваюць, што не паважаюць ягоны доўгі палітычны досвед, а з іншага боку – маецца нейкі такі месіянскі комплекс.

– Вы пішаце ў кнізе, што, паводле настаўнікаў, ён у школе шмат чытаў. Але часам з ягоных выказванняў можа скласціся іншае ўражанне.

– У серыяле «Гульня тронаў» («Game of Thrones») ёсць такая цікавая фраза аб тым, што чалавек пры ўладзе – гэта такі цень чалавека на сцяне. То бок чалавек можа быць маленькі, а цень – вялізны. Вось такія асацыяцыі можна прывесці і ў нашым выпадку. Тыя тэндэнцыі, якія выявіліся ў папярэднія часы, дайшлі да свайго поўнага канца, вельмі выразна праявіліся ў 2020 годзе і за апошнія два гады.

Марш недармаедаў у Менску. 15 сакавіка 2017 года.
Фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

– То бок ён не развіўся, не змяніўся, не палепшыўся, а толькі пагоршаў?

– Тыя прагнозы, якія я даваў тады, спраўдзіліся, а адзін з раздзелаў заключнай часткі кніжкі называецца «Ён не можа сысці». Бо ён сам стаў закладнікам той сістэмы, якую стварыў. Не толькі Беларусь трымае ў закладніках, але і сам сябе ў сваім жа рэчышчы. І 2020 год паказаў, што сапраўды ён не можа сысці, бо за ўсё тое, што ён нарабіў, давядзецца адказваць. Ён вяртае краіну не проста ў савецкі час, а ў савецкі сталінскі час. Бо, напрыклад, у брэжнеўскі перыяд людзей за іншадумства не садзілі ў турму, хіба што хавалі ў вар’ятнях. І ў брэжнеўскі час не давалі дысідэнтам такія тэрміны, як 18 гадоў, 20 гадоў. Гэта чыста «сталінскія тэрміны», «сталінскае заканадаўства», калі да тэрарызму прыроўненая апазіцыйная дзейнасць. Мы ведаем досвед палітычных рэжымаў, якія на грамадскія забурэнні рэагавалі па-іншаму. Узяць тую ж расейскую рэвалюцыю пачатку ХХ стагоддзя. Сталыпін пры ўжыванні жорсткай сілы задушыў яе, але ён разумеў, што без рэформаў рэвалюцыя можа паўтарыцца. І з’явілася сталыпінская аграрная рэформа, з’явіўся парламент у Расеі. Хоць ягоныя функцыі і былі абмежаваныя, але ён захаваўся і яго не зліквідавалі.

Ці тыя ж кітайскія камуністы пасля плошчы Т’янь-Ань-Мэнь у 1989 годзе разумелі, што грамадскае незадавальненне расце, і адзінае выйсце для легітымізацыі рэжыму – гэта моцна паскорыць рынкавыя рэформы ў эканоміцы. І Кітай зрабіў такі рывок наперад, што гэта легітымізавала ўладу Камуністычнай партыі, няхай і не дэмакратычнай. І тут мне выявілася адная даволі важная асаблівасць. Лукашэнка быў упэўнены, што ён сапраўды народны прэзідэнт. Што ён несумненна ўсенародна абраны і падтрымліваецца цягам усяго часу. Ён шмат разоў распавядаў замежным, асабліва расейскім журналістам, як у 1994 годзе хворыя людзі, якія ляжалі паралізаваныя шмат гадоў, раптам у час прэзідэнцкіх выбараў узнімаліся з ложка і ішлі галасаваць, бо ўбачылі, што нарэшце да ўлады прыходзіць чалавек з народу, а не ад кан’юнктуры. Гэтае ўяўленне, што ён купаецца ва ўсенароднай любові, было моцна ўкаранёнае ў ягоную свядомасць. І тое, што зараз адбываецца, гэткія жорсткія рэпрэсіі, гэты тэрор – помста грамадству за сваю ўласную траўму, спроба кампенсацыі яе, траўмы, якая цяпер ужо дакладна не загоіцца ўсё жыццё. І таму гэтыя рэпрэсіі спыніцца проста не могуць.

Што датычыць чыноўнікаў вакол яго, то людзі, якія маглі з ім спрачацца, даўно сышлі. За гэтыя амаль 28 гадоў пастаянна адбываецца натуральная, але адмоўная селекцыя. То бок людзі з нейкай асабістай думкай, з нейкімі элементамі прафесіяналізму проста сыходзяць. А на іх месцах зʼяўляюцца сляпыя выканаўцы, якія паводле свайго характару ў прынцыпе не хочуць спрачацца, імкнучыся захаваць свае пасады.

– Ваш прагноз: калі не стане Пуціна, то не стане адразу і Лукашэнкі? І Беларусь стане іншай, сучаснай, вольнай. Ці будзе такі варыянт ГКЧП у выглядзе ўлады Савету бяспекі, што больш за год таму імкнуўся зацвердзіць дэкрэтам Лукашэнка?

– Вы задаяце пытанне, на якое ніхто вам не можа даць адказу. Нават астролагі. Нікому не вядома, чым закончыцца вайна ва Украіне, чым закончыцца гэткае глабальнае супрацьстаянне Расеі з Захадам, як гэта паўплывае на пуцінскі рэжым. Усё можна пайсці рознымі шляхамі. Можа адбыцца працэс дэмакратызацыі ў выніку паразы ў гэтай вайне. А можа, Расея, наадварот, скоціцца да таталітарнай сістэмы. Такі працэс мы і назіраем сёння. Тое ж самае адбываецца, што і ў Беларусі. Магу сказаць толькі тое, што дэградацыя рэжыму Пуціна, паслабленне рэжыму Пуціна ў Расеі – гэта вялікі шанец для дэмакратызацыі Беларусі. Але і падкрэслю, што ў Беларусі лукашызм без Лукашэнкі немагчымы. Яго не заменяць ні сыны, на Савет бяспекі, ні Качанава, ніхто кольвек, каго, напрыклад, прызначыць сам Лукашэнка. Усё роўна новы лідар вымушаны будзе ісці па шляху дэлукашэнізацыі, бо лукашызм – размытая сцежка ў нікуды. Той, хто прыйдзе пасля Лукашэнкі, проста абавязаны будзе ствараць лібералізацыю палітычнага рэжыму, нармалізаваць адносіны з Захадам, дамагацца нейкіх сур’ёзных рэформаў у рынкавай эканоміцы. Бо толькі ў такім выпадку можна будзе легітымізаваць сваю ўладу. Сёння маятнік палітычнага жыцця настолькі завернуты ў адзін бок, што далей яго штурхаць ужо няма куды. Ён, паводле закону маятніка, абавязкова мусіць перасунуцца на іншы бок. І відавочна, што без Лукашэнкі сістэма не мае ні адзінага шанцу ўтрымацца.

Размова
Шыбеніца на экране і заклікі да расправаў. Азаронак – не фармат тэлебачання
2022.06.01 13:51

Размаўляў Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў