Медыі даведаліся імёны звязаных з Беларуссю вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне на баку Расеі


Радыё «Свабода» апублікавала імёны пяці вайскоўцаў, якія былі звязаныя з Беларуссю і загінулі, ваюючы супраць Украіны на баку Расеі. Спіс можа быць няпоўным.

Данбас.
Фота: Настасся Уласава / Белсат

33-гадовы Пятро Лузанаў загінуў 24 сакавіка паблізу Марыупалю. Ён быў родам з Мазыра, вучыўся ў Вайсковай акадэміі ў Менску (год выпуску 2012-ы). У войсках «ДНР» быў намеснікам камандзіра батальёну, капітанам. Меў пазыўны «Пятровіч».

51-гадовы нарадзінец Ліды Павел Яўглеўскі (пазыўны – «Кадэт») удзельнічаў у вайне на ўсходзе Украіны ад 2014 году, у 2015-м быў паранены. Ён вучыўся ў Менскай сувораўскай вучэльні, потым – у Данецкай вышэйшай вайскова-палітычнай вучэльні. Загінуў 9 красавіка, калі батальён «народнай міліцыі ДНР» пад ягоным кіраўніцтвам атакаваў пазіцыю байцоў «Азова» ў Марыупалі.

21-гадовы Ілля Курналёў загінуў 30 сакавіка. У Данецк з Ганцавічаў пераехаў разам са сваёй сям’ёй.

25-гадовы Уладзіслаў Чарноў, малодшы сяржант расейскага войска, нарадзіўся на Магілёўшчыне, але ў двухгадовым узросце сям’я пераехала ў Тамбоўскую вобласць Расеі. Служыў у Ленінградскай вобласці РФ паводле кантракту. Загінуў 28 сакавіка.

Найбольш вядомы сярод загінулых – 67-гадовы Мікалай Маркаў, палкоўнік авіяцыі Рэспублікі Беларусь, які жыў у Лідзе. Ён скончыў Чарнігаўскую вышэйшую вайскова-авіяцыйную вучэльню. Спачатку служыў у Казахстане і ГДР, а потым у беларускіх Паставах і Лідзе. Ягоны самалёт збілі 12 траўня над Папаснай Луганскай вобласці.

Спіс няпоўны?

22 траўня Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны паведамляла, што ў некалькіх населеных пунктах Беларусі прайшлі пахаванні вайскоўцаў, якія пагадзіліся заключыць кантракты з расейскімі прыватнымі вайсковымі кампаніямі. У прыватнасці, паведамляецца пра развітанне з загінулымі адстаўнікамі ў Мар’інай Горцы і Асіповічах.

Таксама 5 красавіка з’явілася інфармацыя аб тым, што аўтамабіль беларускіх памежнікаў, які патрулюе прымежную зону ў раёне вёскі Даўляды Нараўлянскага раёну, падарваўся на міне. Адзначалася, што міну пакінулі расейскія вайскоўцы, якія адступалі ў Беларусь з Украіны. У выніку загінуў 37-гадовы падпалкоўнік КДБ з Гомельскай вобласці Андрэй Равуцкі.

Абноўлена
Стала вядома, як звалі падпалкоўніка КДБ, які падарваўся ў Нараўлянскім раёне
2022.04.07 11:36

Між тым беларусы прымаюць актыўны ўдзел у вайне на баку Украіны, стварыўшы адмысловыя падраздзяленні ў складзе Збройных сілаў Украіны.

З 24 лютага ў баях за ўкраінскую незалежнасць ужо загінулі шасцёра беларусаў: Павел Волат, Канстанцін Дзюбайла, Зміцер Рубашэўскі, Зміцер Апанасовіч, Аляксей Скобля і Ілля Хрэнаў.

Hавiны
Батальён Каліноўскага абвясціў пра стварэнне палка з двух батальёнаў
2022.05.21 13:56

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў