Чаму Стрыжака раней не папярэдзілі пра падрыхтоўку шантажу і пагрозу забойства? Спыталі Ігара Макара


Ігар Макар яшчэ ў канцы 2020 года ведаў, што кіраўніка фонду «BYSOL» збіраюцца шантажаваць і што могуць нават забіць. Але Макар расказаў пра гэта толькі праз паўтара года.

Ігар Макар. Люты 2021 года. Скрыншот: Радио 97 / YouTube

Выданне «Наша Ніва» апублікавала 29 траўня аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, абмяркоўваецца план шантажу ці нават забойства кіраўніка фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэя Стрыжака. Фрагменты запісу выданню перадаў былы баец спецыяльнага падраздзялення «Алмаз» Ігар Макар.

Ён заяўляе, што на аўдыя яго схіляе сабраць кампрамат на Стрыжака (або нават забіць яго, «калі першы варыянт не пройдзе») іншы былы сілавік – колішні баец АМАПу Павел Кулажанка, вядомы як блогер пад нікам Exomon, чалец руху «Супраціў» і, імаверна, баец палка Каліноўскага. Запіс, як сцвярджаецца, зроблены 28 снежня 2020 года.

Кулажанка не хоча каментаваць гэтага запісу. Згаданая ў запісе Вольга Карач, якую Макар называе замоўніцай шантажу Стрыжака, абяцала звярнуцца ў паліцыю. Сам Стрыжак тлумачыць, што ягоная «ліквідацыя» не спыніць працу фонду, бо «BYSOL» не завязаны на адной асобе.

Каментар
Андрэя Стрыжака збіраліся шантажаваць або «зліквідаваць»? Гэта не можа спыніць BYSOL
2022.05.30 20:32

«Белсат» спытаў Ігара Макара, чаму запіс не быў апублікаваны адразу ж у снежні 2020-га, і чаму Стрыжака не папярэдзілі пра пагрозу яшчэ тады.

Макар пачаў з гісторыі стасункаў з Кулажанкам. Тады, у канцы 2020 года, як сцвярджае Макар, ён з Кулажанкам размаўляў ці не штодзень, бо Кулажанка супрацоўнічаў з «Кіберпартызанамі», ішлі перамовы з прапановай Макару купіць фільм «Кіберпартызанаў» за 50 тысяч долараў. Калі Кулажанка раптам прапанаваў «сур’ёзную справу» адносна Стрыжака, Макар, як кажа, папрасіў паўзу і запісаў размовы на дыктафон. Ужо пасля гэтага ў Макара пачаўся канфлікт з Карач праз прызначэнне «Дня Ікс» і змены ўлады.

Але апублікаваць аўдыя Макар вырашыў, як ён кажа, толькі пасля таго, як яго спытаў пра Кулажанку журналіст «Нашай Нівы». Адкуль журналіст ведаў, што трэба пытаць пра Кулажанку, Макар не ведае: магчыма, звярнуў увагу на пост у канале Макара, дзе ён выклікаў Карач, Кулажанку і іншых на размову ў жывым эфіры пасля таго, як украінскі блогер BalaganOFF не агучыў пытанні Макара да Кулажанкі ў сваім эфіры на Youtube.

Чаму не раней?

Макар прызнаецца: не ведае, як адказаць на гэтае пытанне.

«Першае: я пра гэта не думаў, – кажа Макар «Белсату». – Другое: тое, што адбывалася ў апазіцыі, «з тым не размаўляй, туды не лезь, на таго не глядзі», то бок было нейкім дзіўным чынам. У мяне яшчэ шмат чаго ёсць, і не на аднаго Кулажанку, і я таксама гэтага не публікую. Але, гледзячы на ўсё, я хутка пачну публікаваць».

Тое ж яго пыталі, згадвае Макар, і пра аўдыя 2012 года адносна планаў забойства Паўла Шарамета: чаму апублікаваў толькі ў 2021 годзе? «Таму што таму», адказвае сам сабе Макар: не апублікаваў, бо не апублікаваў, а калі «прыйшоў час», тады апублікаваў.

Публікацыю адносна Стрыжака Макар, як ён кажа, зрабіў у сувязі з удзелам Кулажанкі ў Полку Каліноўскага (прадстаўнік полку казаў «Белсату», што полк не разумее, якое дачыненне мае да аўдыя) і праз тое, што быў закрануты ягоны (Макара) асабісты гонар.

Але калі б сёння паведамілі, што рыхтуюць замах на кагосьці з апазіцыйных лідараў, ці папярэдзіў бы Ігар Макар патэнцыйных ахвяраў адразу? Ён адказвае: цяпер так, цяпер ведае, з кім размаўляць, і калі дойдзе інфармацыя, што кагосьці хочуць забіць, то паведаміць пра гэта непублічна ці публічна.

«Ігар Макар цяпер не той, які быў у 2020 годзе, – кажа ён пра сябе. – Я пабыў у гэтым апазіцыйным коле, размаўляў кулуарна са шматлікімі людзьмі, зразумеў, хто ёсць хто, куды лезці і не лезці. Я разумею, што інсайдамі мы Беларусь не зробім свабоднай. Інсайды трэба захоўваць проста на той момант, калі ў новай Беларусі камусьці прыйдзецца адказваць за тое, што ён нешта зрабіў».

Запіс, які апублікавала «Наша Ніва», не поўны – гэта толькі фрагменты размоваў. На пытанне аб тым, чаму не быў апублікаваны поўны запіс, Макар адказвае: «Нашай Ніве» не аддаў «самага галоўнае», ад чаго «валасы дуба ўсталі». Але ён мяркуе, што неўзабаве апублікуе поўны запіс на сваім канале і гатовы даць яго для фонаскапічнай экспертызы.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў