«У нас, што, вайна ўжо?» Паразмаўлялі з 78-гадовай жанчынай, якая атрымала $ 1717 штрафу


Развітанне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Галіне Герасімаўне Івановай 78 гадоў. 16 траўня яна вярталася дадому па вуліцы Прытыцкага і знайшла скошаны цюльпан. «Такі прыгожы і пухнаты!» Пенсіянерка паклала яго побач з кветкамі, якія ляжалі на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага. 31 траўня яе асудзілі за гэта на 150 базавых велічыняў (Br 4350 ці $ 1717).

Галіна Гарасімаўна Іванова большую частку жыцця адпрацавала інжынерам-электрыкам на заводзе вылічальнай тэхнікі.

«У савецкі час наш завод грымеў на ўсю краіну, а потым Лукашэнка знішчыў гэты завод, разагнаў [людзей. – Belsat.eu]. Адкрылі там крамы. А там жа столькі адукаваных людзей працавала», – узгадвае Галіна Гарасімаўна.

«Але я палітыкай ніколі не цікавілася. У савецкі час ніхто ёй не цікавіўся, усе ведалі, што з рэжымам нічога нельга зрабіць».

Пасля развалу СССР, успамінае пенсіянерка, большасць людзей і яе таксама хвалявалі пытанні выжывання. Жанчына страціла працу і вымушаная была працаваць дворнікам і прыбіральшчыцай, а потым сышла на пенсію.

«А пасля 9 жніўня ўсё рэзка змянілася. Я жыву побач з Пушкінскай, у нас тут стралялі да раніцы, я бачыла як забіраюць і збіваюць мужчын, маладых хлопцаў, гэта невыносна перажыць, як з гэтым можна змірыцца».

Пратэсты ля станцыі метро «Пушкінская». Менск, Беларусь. 10 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Галіна Гарасімаўна кажа, што тады ваенныя і амапаўцы стаялі паўсюль, і яна не баялася падыходзіць і размаўляць з імі.

«Падыду і пытаюся: у нас, што, вайна ўжо? Яны адказваюць, што вайны няма, а потым бягуць кагосьці даганяць. Я тады не баялася іх, пенсіянераў жа не чапалі яшчэ».

Сярод пенсіянераў, з якімі жанчына сябруе, практычна ўсе падтрымліваюць пазіцыю жанчыны.

«З адной лукашысткай раней мела зносіны, але цяпер не размаўляю з ёй. Яна, як і Лукашэнка, нікога не слухае, толькі сама кажа».

Забойства Аляксандра Тарайкоўскага жанчына называе менавіта той кропкай, пасля якой стала зразумела, што быць у баку і проста назіраць не атрымаецца. З тых часоў жанчына з сяброўкамі стала наведваць маршы пенсіянераў, за гэта Галіна Герасімаўна ў 2020 годзе была асуджаная і пакараная штрафам у 600 рублёў.

«Пачалі пенсіянераў чапаць, толькі каб грошай сабраць».

Другі штраф, па артыкуле 24.23 КаАП, частка 3 – за пакладзены ў кучу кветак цюльпан. І жанчына не ведае, як яго сплаціць.

«Пенсія ў мяне добрая. 600 рублёў, пасля 75 гадоў дадалі мне яшчэ 44 рублі. Я лічу, гэта добра, у людзей па 400 рублёў, у мяне знаёмыя менш атрымліваюць. Але такі штраф – гэта занадта. Буду абскарджанне падаваць, а потым няхай вылічваюць з пенсіі, мне 300 рублёў і 300 – на штраф. Не ведаю, ці пойдуць на гэта, ці прыйдуць забіраць тэхніку».

Праўда, з тэхнікі, якую можна забраць у кошт аплаты штрафу, у доме пенсіянеркі ёсць толькі тэлевізар і недарагі мабільны тэлефон. Рашэнне па справе вынесла суддзя Фрунзенскага суда Марыя Ярохіна. Яна не ўдзельнічала ў гучных палітычных працэсах 2020 і 2021 года, але лічыцца суддзёй, якая вынесла найбольшую колькасць содняў у якасці пакаранняў.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: Белсат

«Зусім маладая жанчына. Але ніякай спагады ад яе я не чакала, яна прывыкла ўжо працаваць пад капірку, выносіць рашэнні не на падставе законаў, а на падставе ўказаў, якія атрымлівае. Пратакол аб пікетаванні падрыхтаваны, сведкі ўсё выдумляюць. Я спытала ў суддзі, якім законам забаронена класці кветкі, а яна мне параіла спытаць у юрыстаў. Няхай бы ўжо прыдумалі закон, які забараняе класці кветкі. У нас ужо і так законы… далей няма куды».

Сведкамі на судзе выступілі Іванькоў Андрэй Васільевіч і Загур Антон Ігаравіч, якія два тыдні таму за ўскладанне кветак каля мемарыяла Тарайкоўскага затрымалі чатырох чалавек.

«Я ж толькі адзін цюльпанчык паклала, ён такі пухнаты і прыгожы, а яго скасілі. І такі штраф!»

Галіна Іванаўна не сумуе і за час размовы некалькі разоў паўтарае, што яна аптымістка і што трэба верыць толькі ў лепшае.

«Я веру, што нам засталося пакутаваць месяцы два, ну калісьці ж гэта павінна скончыцца?»

– Ці патрэбна вам дапамога ў аплаце штрафу? – пытаюся.

– Ведаеце, пакуль не. Мне так шкада жанчын маладзейшых, якім не штраф далі, а на Акрэсціна адправілі, а я са штрафам неяк разбяруся, пакуль збіраюся абскарджваць.

АД Belsat.eu

Стужка навінаў