Ці працуюць санкцыі? З якімі абмежаваннямі сутыкаўся рэжым Лукашэнкі, і да чаго гэта прыводзіла


У чэрвені Еўразвяз мусіць зацвердзіць чацверты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Абмежаванні могуць закрануць асноўныя галіны беларускай эканомікі. Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей у інтэрв’ю газеце «Коммерсант» заявіў, што Беларусь мае «вялікі досвед жыцця пад санкцыямі», і даў зразумець, што ўлады не пойдуць на саступкі. Belsat.eu распавядае, якія санкцыі Захад выкарыстоўваў супраць афіцыйнага Менску, пачынаючы з 1990-х гадоў, і на якія крокі былі вымушаныя ісці ўлады, каб скасаваць абмежаванні.

1998–2003. Кароткатэрміновыя кропкавыя абмежаванні

Упершыню санкцыі супраць афіцыйнага Менску былі прынятыя ў 1998 годзе ў выніку дыпламатычнага канфлікту, звязанага з паселішчам Дразды.

Аляксандр Лукашэнка, 1999 год.
Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

У пачатку 1990-х частку жыллёвага комплексу ў Драздах перадалі для рэзідэнцыяў замежных дыпламатаў. Там жа была рэзідэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, але на фоне пагаршэння стасункаў з Захадам яму стала няўтульна жыць побач з такімі суседзямі. Як прызнаваўся сам Лукашэнка, размяшчэнне падраздзялення марскіх пяхотнікаў ЗША за 50 метраў ад ягонай асабістай рэзідэнцыі (вайскоўцы марской пяхоты запэўніваюць бяспеку амерыканскіх дыпламатычных аб’ектаў. – Заўв. belsat.eu) цалкам выключаецца.

Увесну 1998 года ўлады паведамілі амбасадарам, што ім трэба пакінуць Дразды, бо жыллёвы комплекс нібыта патрабуе «капітальнай рэканструкцыі». Дыпламаты адмовіліся выязджаць са сваіх рэзідэнцыяў і абвінавацілі афіцыйны Менку ў парушэнні Венскай канвенцыі, згодна з якой жытло дыпламатаў і тэрыторыя амбасадаў застаюцца недатыкальныя. Аднак Лукашэнка ўсё ж выселіў амбасадараў 22 краінаў, якія ў выніку пакінулі Беларусь. У адказ на гэта ўезд у ЗША і ЕЗ забаранілі больш як 130 беларускім чыноўнікам, у тым ліку і самому Лукашэнку.

У пачатку 1999 года канфлікт быў урэгуляваны на аснове пэўнага кампрамісу. Афіцыйны Менск дэ-факта прызнаў парушэнні і пагадзіўся выплаціць кампенсацыю за адабраныя рэзідэнцыі, а Захад вярнуў дыпламатычныя місіі ў Беларусь і зняў візавыя абмежаванні.

Візавыя абмежаванні супраць Лукашэнкі і яшчэ шасці чыноўнікаў былі зноў уведзеныя ў канцы 2002 года – такім чынам ЕЗ адказаў на выцісканне з Беларусі чальцоў Кансультацыйна-назіральнай рады АБСЕ. Аднак гэтыя санкцыі працавалі нядоўга: у красавіку яны былі скасаваныя пасля таго, як у Менску пачаў працу Офіс АБСЕ.

2004–2008. Акт аб дэмакратыі і першыя эканамічныя санкцыі

Новы этап пагаршэння стасункаў афіцыйнага Менску і Захаду распачаўся ўвосень 2004 года пасля правядзення рэферэндуму, па выніках якога Лукашэнка атрымаў магчымасць абірацца на пасаду прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў.

У верасні ЕЗ ухваліў персанальныя санкцыі супраць Віктара Шэймана (тагачасны кіраўнік Савету бяспекі), Юрыя Сівакова і Уладзіміра Навумава (у розны час – міністры ўнутраных справаў), а таксама Дзмітрыя Паўлічэнкі (тагачасны камандзір в/ч 3214). Гэтых людзей падазраюць у датычнасці да дзейнасці «эскадронаў смерці». У чорным спісе яны заставаліся ўсе наступныя гады, як бы ні мяняліся стасункі Менску і Бруселю. Таксама Еўразвяз ухваліў санкцыі супраць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай за фальсіфікацыю вынікаў рэферэндуму і супраць тагачаснага камандзіра менскага АМАПу Юрыя Падабеда.

Сведкі. 2000-я
Прэзідэнцкія выбары 2006 года. Плошча і Дзень Волі
2017.04.12 14:30

Пасля выбараў 2006 года і разгону Плошчы персанальныя абмежаванні былі ўведзеныя ў дачыненні яшчэ 31 прадстаўніка рэжыму, уключаючы Лукашэнку. Пазней у спіс дадалі шэраг суддзяў і дзяржаўных абвінаваўцаў, датычных да паслявыбарчых рэпрэсіяў.

Непараўнальна мацнейшым у гэты перыяд быў санкцыйны ціск ЗША. У кастрычніку 2004 года прэзідэнт ЗША Джордж Буш падпісаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які выстаўляў рэжыму Лукашэнкі шэраг патрабаванняў (расследаванне знікнення апазіцыйных палітыкаў, вызваленне палітычных вязняў і зняцце палітычна матываваных абвінавачанняў). У выпадку невыканання гэтых патрабаванняў супраць афіцыйнага Менску мусілі ўвесці санкцыі, што і адбылося пасля разгону Плошчы ў 2006 годзе.

Даведка
У 2000-х і 2010-х некаторыя беларускія прадпрыемствы часова траплялі пад санкцыі ЗША ў сувязі з абвінавачаннямі ў супрацы з варожымі Вашынгтону рэжымамі ў Іраку, Іране, КНДР і Сірыі. І ўвядзенне, і скасаванне гэтых санкцыяў не было наўпрост звязанае з пазіцыяй ЗША ў дачыненні ўладаў Беларусі і не ўлічвала сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

На ўзроўні персаналіяў візавыя санкцыі ЗША мала адрозніваліся ад еўрапейскіх, але Вашынгтон таксама распачаў і эканамічны ціск на рэжым. У 2007 годзе ЗША ўхвалілі санкцыі ў дачыненні дзяржаўнага канцэрну «Белнафтахім», а ў 2008 годзе пашырылі гэтыя захады на шэраг звязаных з канцэрнам прадпрыемстваў. Усё гэта прывяло да дыпламатычнага скандалу: Лукашэнка загадаў выкінуць з краіны амерыканскага амбасадара і адклікаў беларускага амбасадара з Вашынгтону. Аднак шэраг аналітыкаў мяркуюць, што менавіта эканамічныя санкцыі ЗША падштурхнулі рэжым да вызвалення палітвязня № 1 на той момант – былога кандыдата на прэзідэнцтва Аляксандра Казуліна.

Аляксандр Казулін, 2006 год.
Фота: svoboda.org

Пад міжнародным ціскам улады Беларусі не толькі вызвалілі Казуліна ўлетку 2008 года, але таксама істотна знізілі ўзровень рэпрэсіяў у краіне (пачалася так званая лібералізацыя), што дало Еўразвязу нагоду замарозіць санкцыі. Пры гэтым ЗША свае санкцыі не прыпынялі, іх замарозілі толькі ў 2015 годзе падчас наступнага перыяду «лібералізацыі» ўнутранай палітыкі рэжыму Лукашэнкі.

2011–2015. Вялікі санкцыйны цыкл

Прэзідэнцкія выбары 2010 года і масавыя пратэсты супраць іх фальсіфікацыі прывялі да новага вітка рэпрэсіяў супраць апазіцыі ды грамадзянскай супольнасці. На пачатак студзеня 2011 года фігурантамі крымінальнай справы аб масавых беспарадках (менавіта так улады кваліфікавалі мірную акцыю пратэсту 19 снежня 2010 года) сталі каля 50 чалавек, сярод іх – сямёра кандыдатаў на прэзідэнцтва.

19 снежня 2010 года, плошча Незалежнасці.
Фота: Аляксандр Саенка / Belsat.eu

Захад асудзіў новую хвалю рэпрэсіяў у Беларусі і ўжо ў канцы студзеня 2011 года ўвёў першы пакет санкцыяў супраць 158 прадстаўнікоў рэжыму, уключаючы Лукашэнку і ягоных старэйшых сыноў. Летам 2011 года да персанальных абмежаванняў дадаліся першыя кропкавыя санкцыі супраць кампаніяў і прадпрыемстваў, звязаных з рэжымам.

Цягам наступных некалькіх гадоў чорны спіс неаднаразова карэктаваўся. На піку, увесну 2012 года, санкцыі дзеялі супраць больш як 240 асобаў і 30 арганізацыяў. У эканамічнай сферы пад абмежаванні трапілі кампаніі, звязаныя з алігархамі Уладзімірам Пефціевым, Юрыем Чыжом і Анатолем Тарнаўскім, а таксама дзяржаўныя прадпрыемствы «Белтэлекам» і «Спорт-Пары».

Кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што еўрапейскія санкцыі былі вельмі слабымі і мелі мізэрны ўплыў на эканамічную сітуацыю ў Беларусі:

«Гэтыя санкцыйныя кампаніі былі палітычнымі, псіхалагічнымі, маральнымі, якімі заўгодна, але не эканамічнымі. Калі казаць пра наступствы для эканомікі Беларусі, то можна пабачыць, што, напрыклад, у 2014 годзе быў дасягнуты, па сутнасці, пік развіцця эканомікі, краіна мела рэкордны ВУП (у доларавым эквіваленце ВУП дасягнуў $ 78,9 млрд, гэта абсалютны рэкорд, але ўжо ў наступным годзе праз дэвальвацыю гэты паказнік абрынуўся больш чым на чвэрць. – Заўв. belsat.eu)».

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год.
Фота: president.gov.by

СМІ неаднойчы пісалі, што Пефціеў, Тарнаўскі і Чыж даволі паспяхова абыходзілі санкцыі пры дапамозе юрыдычных хітрыкаў і змены бізнес-дакументаў. Між тым можна заўважыць пэўную заканамернасць: уплыў гэтых бізнесоўцаў пасля падзеяў 2011–2012 гадоў пачаў імкліва зніжацца. Напрыклад, Пефціеў у 2011-м займаў першае месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі, у 2016-м – 11-е, а цяпер, паводле «Ежедневника», наагул адышоў ад справаў. Чыж у 2011 годзе займаў 2-е месца, у 2016-м – 12-е, а цяпер сядзіць у турме. Тарнаўскі ў 2011 годзе быў на 12-м месцы, праз пяць гадоў – на 28-м, а яшчэ праз тры – на 70-м. Праўда, дасюль застаецца незразумелым, якую ролю ў лёсе Пефціева, Чыжа і Тарнаўскага адыгралі менавіта еўрапейскія санкцыі.

У сувязі з гэтым Раманчук падкрэслівае, што ў Беларусі няма алігархаў у поўным сэнсе гэтага слова, то бок людзей, якія б мелі рэальны ўплыў на сітуацыю ў краіне. Паводле яго, у Беларусі ёсць толькі «субсыдархі» – людзі, якія выконваюць камерцыйныя функцыі для рэжыму Лукашэнкі. «Гэта зусім іншая мадэль узаемаадносінаў: чалавека дапускаюць да фінансавых патокаў, да рэсурсаў, ён зарабляе грошы. Калі ён перастае адпавядаць пэўным крытэрам, яго проста здымаюць. Тады быў Чыж ды іншыя людзі на топе, цяпер іх там няма», – канстатуе эканаміст.

У 2014 годзе на фоне расейска-ўкраінскага канфлікту Еўразвяз пачаў скарачаць чорны спіс. У 2015-м, пасля вызвалення ўсіх палітычных вязняў (на той момант у турмах заставаліся толькі 6 палітзняволеных) і змякчэння ўнутранай палітыкі, замарозілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а ў 2016-м наагул іх адмянілі.

Hавiны
Чым Плошча-2010 адрозніваецца ад пратэстаў-2020
2020.12.19 20:10

Санкцыі маюць значэнне

Падзеі 2011–2015 гадоў дазваляюць найбольш выразна адсачыць узаемасувязь паміж санкцыйным ціскам і захадамі рэжыму ва ўнутранай палітыцы. Санкцыі не прывялі да кардынальных зменаў у краіне, але прынамсі на лёс палітвязняў міжнародны ціск сапраўды паўплываў.

19 снежня 2010 года, плошча Незалежнасці.
Фота: Аляксандр Саенка / Belsat.eu

Яшчэ ў студзені 2011 года, незадоўга да ўвядзення першага пакету санкцыяў, шэраг апазіцыйных палітыкаў былі вызваленыя пад падпіску пра нявыезд або пад хатні арышт. Увесну таго ж года частцы фігурантаў справы пра падзеі 19 снежня перакваліфікавалі абвінавачанне на больш мяккае (з арт. 293 на арт. 342 КК). Супраць пяці чалавек крымінальны пераслед быў спынены. Цягам 2011 года ў межах «справы Плошчы» 28 асобам прысудзілі розныя тэрміны турэмнага зняволення, 1 чалавека адправілі на «хімію», 11 атрымалі ўмоўныя тэрміны, яшчэ двое – аштрафаваныя. Большасць асуджаных да турэмнага зняволення выйшлі на свабоду да канца года: Лукашэнка, «кіруючыся прынцыпамі гуманнасці», чатыры разы падпісваў указы пра памілаванне палітычных вязняў.

Хваля памілаванняў лета – восені 2011 года была наўпрост звязаная з таемнаю сустрэчаю Лукашэнкі з тагачасным міністрам замежных справаў Балгарыі Нікалаем Младэнавым, які збіраўся выконваць ролю пасярэдніка ў перамовах Менску і Бруселю. Вызваленне большасці палітвязняў мусіла стаць сігналам, што рэжым Лукашэнкі сапраўды імкнецца палепшыць адносіны з Захадам.

Місія Младэнава правалілася, збліжэння з ЕЗ тады не адбылося, але ў выніку чатырох «прыступаў гуманізму» Лукашэнкі на волю выйшлі 25 чалавек. У красавіку 2012 года ён таксама памілаваў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнку. Такім чынам, менш як праз 15 месяцаў пасля ўвядзення першых санкцыйных абмежаванняў за кратамі заставаліся адбываць пакаранне толькі двое з амаль пяцідзесяці фігурантаў «справы 19 снежня»: Мікалай Статкевіч (атрымаў тады 5 гадоў зняволення) і Павел Севярынец (быў пакараны 3 гадамі «хіміі»). Праўда, паралельна ў турмах сядзелі зняволеныя паводле іншых палітычна матываваных справаў, адбываліся таксама і новыя арышты.

Нарэшце ўлетку 2015 года, каб пазбавіцца санкцыяў, Лукашэнка памілаваў адразу ўсіх палітвязняў, якія былі за кратамі на той момант: Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.

Мікалай Статкевіч (у цэнтры) падчас адной з вулічных акцыяў, 2015 год.
Фота: Belsat.eu

Каб палепшыць стасункі з Захадам, у 2015 годзе рэжым Лукашэнкі таксама пайшоў на істотнае абмежаванне рэпрэсіўных практык унутры краіны. Цягам 2015–2016 гадоў несанкцыянаваныя акцыі апазіцыі не разганяліся, а арганізатараў не затрымлівалі (толькі штрафавалі). Герб Пагоня, бел-чырвона-белы сцяг і лозунг «Жыве Беларусь!» атрымалі частковую «амністыю»: за нацыянальную сімволіку ў той перыяд не пераследавалі, а ў асобных выпадках яе выкарыстоўвалі нават прыхільнікі ўлады.

Сукупнасць фактараў

Свята Незалежнасці ля Опернага тэатру ў Менску, 25 сакавіка 2018 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Такім чынам, гісторыя паказвае, што санкцыі так ці інакш заўсёды падштурхоўвалі рэжым Лукашэнкі да пэўных тактычных саступак – ад вызвалення палітвязняў да часовага змякчэння ўнутранай палітыкі (так званай лібералізацыі). Але пры гэтым санкцыі ніколі не былі адзіным фактарам, дзякуючы якому рэжым Лукашэнкі пагаджаўся на гэтыя саступкі. І ў 2008-м, і ў 2015-м улады ішлі на вызваленне палітычных вязняў у той момант, калі пратэсты ў краіне былі цалкам здушаныя і вызваленне шэрагу апанентаў рэжыму не магло паўплываць на сітуацыю. Да саступак таксама падштурхоўвала эканамічнай сітуацыя: у 2008, 2011 (калі была вызваленая частка палітвязняў) і 2015 гадах Беларусь перажывала фінансавыя крызісы, якія суправаджаліся маштабнаю дэвальвацыяй.

Лукашэнка ўручае кветкі канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель. 11 лютага 2015 года. Фота president.gov.by

Акрамя таго, паспяховая адліга ў стасунках з Захадам заўсёды пачыналася ў выгаднай для афіцыйнага Менску міжнароднай сітуацыі: у 2008-м расейска-грузінская, а ў 2015-м расейска-ўкраінская вайна стваралі сітуацыю, калі ЕЗ і ЗША былі гатовыя больш паблажліва глядзець на паводзіны Лукашэнкі. У 2011 годзе такой сітуацыі не было: імаверна, гэта сталася адною з прычынаў правалу місіі Младэнава.

Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі ў інтэрвю belsat.eu адзначыў, што ў досведзе папярэдніх санкцыйных цыклаў і прыхільнікі санкцыяў, і іх праціўнікі могуць знайсці аргументы на карысць свайго пункту гледжання:

«Тут вельмі цяжка аддзяліць: дзе ўплыў санкцыяў, а дзе ўплыў іншых чыннікаў. Калі браць цыкл 2010 года, то там галоўным трыгерам стала расейскай агрэсія супраць Украіны, на фоне чаго Менск трохі дыстанцыяваўся ад Масквы і паказаў сябе міратворцам. Праз гэта заходнія палітыкі заплюшчылі вочы на недэмакратычнасць рэжыму, на першы план выйшлі геапалітычныя матывы – стрымліванне Расеі. На гэтай глебе адбылося паляпшэнне стасункаў. Лукашэнка ўжо ў кантэксце гэтага трэнду пачаў выпускаць палітвязняў».

Варта прызнаць, што ў параўнанні з мінулымі гадамі цяпер у супрацьстаянні Захаду і рэжыму Лукашэнкі значна выраслі стаўкі. З аднаго боку, Беларусь перажывае самыя масавыя рэпрэсіі ў найноўшай гісторыі, за кратамі застаюцца амаль у дзесяць разоў больш палітычных вязняў, чым на піку рэпрэсіяў у 2011 годзе. З іншага боку, Еўразвяз цяпер гатовы больш актыўна выкарыстоўваць механізмы эканамічнага ціску. Напрыклад, паводле «Bloomberg», ужо ў чэрвені ў санкцыйны спіс можа трапіць «Беларуськалій» – адно з галоўных прадпрыемстваў беларускай эканомікі. Раней да такіх рашучых крокаў ЕЗ быў не гатовы.

«З боку Бруселю, з боку асобных еўрапейскіх краінаў заўсёды гучалі такія контраргументы, што санкцыі, па-першае, б’юць па простым насельніцтве, а па-другое, уціскаюць Беларусь у Расею. Але цяпер, пасля інцыдэнту з самалётам, еўрапейцы адышлі ад сваіх звычайных разваг і пачалі думаць найперш пра свае інтарэсы і сваю бяспеку. Галоўны матыў цяпер – зрэагаваць так, каб не ствараць прэцэдэнту», – канстатуе Класкоўскі.

Аб’ектыў
Арышт Пратасевіча абышоўся як мінімум у дзясяткі мільёнаў долараў стратаў
2021.05.29 23:07

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў