Вынікі пошуку для:

Сцяпана Латыпава вінавацілі ў «намеры атруціць сілавікоў», але перадумалі. За што яго судзяць?

Суд супраць жыхара плошчы Пераменаў Сцяпана Латыпава пачаўся 1 чэрвеня. Працэс ідзе ў судзе Савецкага раёну Менску. «Белсат» згадвае, у чым яго вінавацілі і за што ўрэшце збіраюцца судзіць.

Сцяпан Латыпаў. Фота: Сцяпан Латыпаў / VKontakte

Як перадае «Новы час», суд пачаўся а 10:30, суддзя – Аляксандр Воўк. Падсуднага вялі ў кайданах. Ён прасіў карыстацца роднай мовай, суддзя дазволіў. Журналісты заўважылі, што ў падсуднага перабінтаваная рука.

Абноўлена. На судзе Латыпаў зняў маску з твару, на правым баку твару пабачылі гематому, піша «Новы час». «Пацярпелы» міліцыянт Аляксандр Балаш заявіў, што пацярпеў толькі маральна, але з заявай нікуды не звяртаўся і прэтэнзіяў не мае, але просіць кампенсацыі маральнай шкоды за абразу. А «пацярпелы» міліцыянт Дзмітрый Пухло заявіў, што не бачыў, каб Латыпаў хацеў кагосьці ўдарыць або кагосьці абражаў, хоць 18 лютага Пухло даваў іншыя паказанні – што Латыпаў нібы намагаўся яго ўдарыць. «Пацярпелы» міліцыянт Васіль Рогаў мяркуе, што Латыпаў яго ўдарыў нагой па галаве, калі міліцыянты ўжо неслі затрыманага да машыны. Да такой высновы ён прыйшоў, бо ў яго «пахіснулася кепка». Што дакладна тады адбылося, міліцыянт не памятае.

Сцяпан Латыпаў – 41-гадовы арбарыст (дрэвавод) і прамысловы альпініст, дырэктар кампаніі «Беларбо» і жыхар дому № 1 на менскім Смаргоўскім тракце – каля плошчы Пераменаў. Яго называюць актыўным абаронцам муралу, які шмат разоў зафарбоўвалі сілавікі і невядомыя ў масках, а жыхары шматкроць аднаўлялі.

Сілавікі схапілі яго 15 верасня ў двары, калі ён прасіў людзей у масках назвацца. Удома правялі ператрус. Суседка расказвала, што байцы без апазнавальных знакаў ламалі дзверы ягонай кватэры каля 30 хвілінаў, адмаўляліся казаць, хто яны і адкуль. Латыпава да суда трымалі ў менскім СІЗА № 1.

Тагачасны міністр унутраных справаў Юрый Караеў заяўляў, што Латыпаў «замяшаны ў карупцыйных злачынствах» і нібыта «планаваў атруціць сілавікоў» – «распыліць атрутныя хімікаты з якой-небудзь высоткі на баявыя парадкі АМАПу і ўнутраных войскаў», і пры тым нібы разумеў, што зачэпіць не толькі сілавікоў, а і ўсіх грамадзянаў, бо хацеў раззлаваць і тых, і тых. Адкуль узяліся хімікаты ў чалавека, які на працы змагаўся з баршчэўнікам, не ўдакладнялі.

Аднак заявы Караева не пацвердзіліся: Латыпаву не выставілі абвінавачанняў, звязаных з замахам на сілавікоў ці намерам распыліць хімікаты. Паводле Следчага камітэту, Латыпаў «аб’яднаў вакол сябе групу грамадзянаў для супольнага ўдзелу ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», стварыў тэлеграм-чат, дзе заклікаў да «дэструктыўнай дзейнасці» – распаўсюду агітацыі, нанясення на сцены надпісаў і малюнкаў. Таксама яго вінавацяць у тым, што ён «стварыў майстэрні для вытворчасці пратэставай сімволікі», збіраў грошы ў паплечнікаў, інфармаваў «радыкальныя і экстрэмісцкія каналы» пра дзейнасць дваровай супольнасці. Гэтая супольнасць «сістэматычна брала ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах», сцвярджаюць следчыя.

За гэта яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК РБ – «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ён супраціўляўся невядомым у масках (ч. 2 арт. 363 КК РБ).

Следчыя заяўляюць, што ягоная кампанія «Беларбо» крала грошы і аказвала неналежныя паслугі, парушала правілы абыходжання са сродкамі хімічнай абароны раслінаў, нанесла 16 юрыдычным асобам шкоду на суму 123 тысячы рублёў. За гэта яго вінавацяць у «махлярстве ў асабліва буйным памеры» (ч. 4 арт. 209). Хоць менскія чыноўнікі не мелі прэтэнзіяў да працы кампаніі.

Праваабаронцы прызналі Латыпава палітычным зняволеным. Суседзі падтрымлівалі Латыпава акцыямі салідарнасці. Напрыклад, такой:

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны