Што такое «прэс-хата», дзе Сцяпан Латыпаў адсядзеў 51 дзень


Сцяпан Латыпаў на мурле на плошчы Пераменаў.
Фота: чытачы / Белсат

На судзе 1 чэрвеня Сцяпан Латыпаў, вядомы жыхар Плошчы пераменаў, парэзаў сабе горла. Перад гэтым ён заявіў пра невыносныя катаванні, 51 дзень у так званай «прэс-хаце», а таксама, што ёю пагражалі ягонаму бацьку і нават суседзям.

«Белсат» папрасіў праваабаронцу Міхаіла Жамчужнага, былога палітвязня, распавесці, што гэта такое – «прэс-хата».

Міхаіл кажа, што сам у «прэс-хаце» не сядзеў, ведае пра яе толькі ад тых, хто праз яе прайшоў.

Паводле Міхаіла Жамчужнага, «прэс-хата» – гэта такая адмыслова абсталяваная камера, якая адводзіцца ў месцах пазбаўлення волі, у прыватнасці ў следчых ізалятарах, для таго, каб чалавека пры дапамозе катаванняў і гвалту, збіцця, розных метадаў псіхалагічнага ўздзеяння прымусіць прызнаць сваю віну.

«Таму што чалавек, які не прызнаў віны, для следчых органаў, пракуратуры і суду – патэнцыйна небяспечны. Калі віну прызнае – ніякіх шанцаў для абскарджання ў яго не застаецца. А для следчага і пракурора любая сфабрыкаваная справа становіцца законнай. Таму – катаванні, кармленне псіхатропамі, пагрозы, шантаж…» – кажа былы палітвязень.

Па плошчы «прэс-хата» – стандартная камера (6 метраў даўжынёй і 3-4 шырынёй) з магутнай гукаізаляцыяй і без вакон, сцены абабітыя гумавым пакрыццём, якое паглынае ўдары.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Reuters / Forum

З вязнямі «прэс-хаты» «працуюць» супрацоўнікі адміністрацыі, што валодаюць усімі метадамі катавання і болевых прыёмаў, якія не пакідаюць ніякіх слядоў.

«Я іх называю катамі. У гэтых ж мэтах прымяняюць і асуджаных лідараў крыміналу, якія таксама валодаюць метадамі катаванняў.

Мэта ў іх адна: каб гвалтам, псіхалагічным і фізічным, дабіцца ад зняволенага патрэбных паказанняў і прызнання віны. Зламаць чалавека псіхалагічна і фізічна – і даць яму падпісаць, скажам, чыстыя лісты паперы», – распавядае Міхаіл Жамчужны.

Артыкулы
Пра «блатных», ежу, грошы, секс і свабоду. Міхаіл Жамчужны распавёў, як палітычнаму выжыць на зоне
2021.03.03 07:39

Ён удакладняе, што «прэс-хата» і ШІЗА (штрафны ізалятар) – розныя рэчы. «Прэс-хата» адмыслова так абсталяваная, «каб не было чуваць крыкаў і шуму з гэтай хаты, каб можна было бяспечна і беспакарана катаваць і мучыць зняволеных».

Другі былы вязень Мікалай, які сядзеў тэрмін не з палітычных прычынаў, кажа, што чуў пра тое, пра што кажа Міхаіл Жамчужны, але ў такіх не сядзеў. Паводле Мікалая, «прэс-хатай» можна назваць і тое, калі да зняволенага ў звычайную камеру падсаджваюць спецыяльных зэкаў, якія ламаюць чалавека і змушаюць яго да супрацоўніцтва са следчымі.

«Але ж цяпер такі рэжым, што любую камеру ў беларускіх турмах можна назваць «прэс-хатай», – кажа Мікалай, які нядаўна адбываў адміністратыўны арышт па «народных» артыкулах.

Артыкулы
Сцяпана Латыпава вінавацілі ў «намеры атруціць сілавікоў», але перадумалі. За што яго судзяць?
2021.06.01 12:03

МП, belsat.eu

Стужка навінаў