Пяць грамадзянаў Расеі, якіх трымаюць у няволі ў Беларусі праз палітычныя справы

Расея 27 траўня зацікавілася лёсам сваёй грамадзянкі Соф’і Сапегі, якую затрымалі ў Беларусі 23 траўня пасля захопу самалёта «Ryanair». Прэс-сакратар Пуціна абяцаў, што той асабіста распытае Лукашэнку пра лёс Сапегі. У выніку Расея вырашыла «самым дэталёвым чынам адсочваць» лёс сваёй грамадзянкі ў беларускай няволі, бо ў яе ёсць від на жыхарства ў Беларусі.

Адносна яшчэ чатырох грамадзянаў Расейскай Федэрацыі, зняволеных у Беларусі, не было каментароў на такім высокім узроўні. Пра пяцёх зняволеных расейцаў расказвае «Вясна».

Соф’я Сапега, трымаюць у СІЗА КДБ без выстаўленага абвінавачання

Соф’я Сапега. Фота: ehu.lt

Соф’ю Сапегу затрымалі 23 траўня разам з ейным хлопцам – беларускім журналістам Раманам Пратасевічам, пасадзіўшы ў Менску самалёт, які ляцеў з Афінаў у Вільню. Лятак прызямлілі, паведаміўшы пра бомбу на борце.

Дзяўчыну арыштавалі на два месяцы, змясцілі ў СІЗА КДБ. Нібыта падазраюць у «Арганізацыі масавых беспарадкаў» (арт. 293 КК РБ), «Арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК РБ) і «Распальванні варожасці» (арт. 130 КК РБ), ды абвінавачання ёй пакуль не выставілі.

25 траўня праўладны Telegram-канал апублікаваў відэа з Сафіяй Сапегай, у якім яна назвала сябе рэдактаркаю каналу «Чёрная книга Беларуси», у якім публікуюцца асабістыя звесткі сілавікоў. Блізкія сябры і знаёмыя дзяўчыны ў размове з «Белсатам» гэтую інфармацыю зняпраўдзілі. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.

Аляксандр Лукашэнка 1 чэрвеня заявіў, што следства супраць Пратасевіча і Сапегі будуць весці ў Беларусі – пра гэта ён нібыта казаў Пуціну, і ў Расеі «яны не крыўдзяцца», пытанняў з доступам консулаў не будзе.

Што вядома пра дзяўчыну Рамана Пратасевіча, якую затрымалі разам з ім у менскім аэрапорце

Даніла Чамаданаў, асуджаны на 1 год калоніі ў «карагоднай справе»

Даніла Чамаданаў у судзе. Берасце, 7 траўня 2021 года. Фота: «Вясна»

Данілу Чамаданава затрымалі 22 студзеня ў Берасці, судзілі ў межах «карагоднай справы» за мірную акцыю пратэсту 13 верасня 2020 года. Як адзначае «Вясна», на працэсе разам з ім праходзілі яшчэ 13 чалавек, але Даніла адзіны быў пад вартай. Прысуд яму агучылі 7 траўня.

Дзеянні пратэстоўцаў на судзе ацанілі на 619 руб. 55 кап. шкоды тралейбуснаму парку, 40 руб. 37 кап. шкоды аўтобуснаму парку. Таксама нібыта праз акцыю пратэсту давялося зачыніцца тром кіёскам і рэстарацыі KFC.

Чамаданаў прызнаў віну цалкам, прасіў адно даць спаткацца са сваёй дзяўчынай Марыяй Скакавец, абвінавачанай у той жа справе. Яе ў выніку асудзілі на два гады «хатняй хіміі», яго – на год калоніі. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.

«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць

Андрэй Новікаў, другі раз у Валадарцы

Андрэй Новікаў. Фота: Радыё «Рацыя»

Летам мінулага года Андрэя Новікава, які тады быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, затрымалі ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну за пікет для збору подпісаў, які чамусьці палічылі «несанкцыянаваным мерапрыемствам». Спачатку склалі адміністратыўны пратакол, але потым адвезлі ў Менск на Акрэсціна, затым у СІЗА № 1 на Валадарскага. Трымалі за кратамі сем месяцаў, зрабілі фігурантам «справы Ціханоўскага» і вінавацілі ў «Арганізацыі і рыхтаванні дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), але 26 лістапада раптоўна вывезлі на мяжу з Расеяй і адпусцілі, забараніўшы ўезд у Беларусь на 10 гадоў.

Ды ў Беларусі ў яго засталіся жонка і два дзіцяці. У красавіку ён таемна прыехаў у Беларусь, каб наведаць іх. 13 красавіка яго затрымалі – цяпер за «Незаконнае мінанне мяжы» (арт. 371 КК РБ). Высветлілася, што старога абвінавачання з яго не знялі. Цяпер ён зноў у СІЗА № 1 і зноў прызнаны палітычным зняволеным.

Новікаў – падпалкоўнік у адстаўцы, служыў у міліцыі, двойчы ваяваў у Чачэніі на баку Расейскай Федэрацыі.

Затрыманы былы палітвязень. Ён вярнуўся ў Беларусь да сям’і, хоць яму забаранілі ўезд на 10 гадоў

Дзмітрый Папоў, паспеў запісаць відэа перад затрыманнем

Мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзмітрый Папоў раней кіраваў расейскім праектам па дэананімізацыі сілавікоў «Сканер» і радыкальна-патрыярхальным рухам «Мужское государство». Ён знік у Беларусі 4 чэрвеня 2020 года, але перад знікненнем запісаў відэа, на якім казаў, што яго шукаюць міліцыянты – хочуць затрымаць і пачаць крымінальную справу.

4 траўня 2021 года стала вядома, што яго збіраюцца судзіць разам з Сяргеем Ціханоўскім, Міколам Статкевічам, Ігарам Лосікам і іншымі, затрыманымі ў розны час у сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Папову, як і Ціханоўскаму, закідаюць «Арганізацыю масавых беспарадкаў» (ч. 1 арт. 293 КК РБ), «Распаўсюд матэрыялаў, накіраваных на распальванне варожасці супраць прадстаўнікоў улады» (ч. 3 арт. 130 КК РБ), «Пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі» (ч. 2 арт. 191 КК РБ) і «Арганізацыю групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Ён чакае суда ў СІЗА № 3 у Гомлі. Прызнаны палітычным зняволеным у Беларусі.

Ягор Дуднікаў – амаль месяц у СІЗА КДБ без доступу адваката

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіву

Чаму затрымалі Ягора Дуднікава, невядома: 5 траўня ён праводзіў дзяўчыну дадому, абяцаў маці, што патэлефануе, і знік. У кватэры правялі ператрус, забралі толькі мікрафон. Знайшоўся ў СІЗА КДБ з абвінавачаннем у «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ). Адваката да яго так і не пусцілі.

Ягоная маці Юлія перакананая, што Ягор пераехаў у Менск праз тое, што закахаўся некалькі гадоў таму ў дзяўчыну. Тут жа ён агучваў мультфільмы, анімэ, гульні, рэкламныя ролікі, таксама апрацоўваў тэксты, падпрацоўваў рэдактарам, а часам і грузчыкам. Адвакат кажа, што Ягора нібы вінавацяць у тым, што агучваў відэаролікі для беларускай апазіцыі, але «гэта тое самае, што пасадзіць у турму таксіста за тое, што ён падвёз апазіцыянера».

Маці згадвала, што Ягора затрымлівалі летась у кастрычніку, калі ён заступіўся за дзіця, якое хацелі затрымаць. Са словаў маці, у ейнага сына «атрымалася пазбегчы арышту, бо калі яго сталі біць [супрацоўнікі], яму стала дрэнна з сэрцам». Тады Ягора адвезлі ў больніцу.

20-гадовага расейца абвінавачваюць у арганізацыі пратэсту

АА belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны