Прысудзілі 4350 рублёў штрафу за адну кветку, 2 гады «хатняй хіміі» за слова «ўзурпатар»


У судзе Фрунзенскага раёну Менску 31 траўня суддзя Марыя Ярохіна прысудзіла 78-гадовай пенсіянерцы Галіне Івановай штраф 4350 рублёў за «пікетаванне шляхам узняцця рукі ўверх і ўскладання аднаго цюльпана», перадаюць назіральнікі «Вясны».

Суд Фрунзенскага раёну. Менск, Беларусь. 24 траўня 2021 года.
Фота: АК / Белсат

На Галіну Іванову склалі пратакол за «несанкцыянаваную акцыю» 16 траўня. Яе затрымалі ў Менску каля станцыі метро «Пушкінская» – на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Гэты было для жанчыны паўторным затрыманнем за год – летась яе аштрафавалі на 600 рублёў за ўдзел у Маршы пенсіянераў.

Іванова пракаментавала абвінавачанне так: была адна на вуліцы Прытыцкага, знайшла на зямлі прыгожы, але крыху падсохлы цюльпан, «рука не паднялася» выкінуць у сметніцу, таму паклала яго каля астатніх кветак ля дарогі і пайшла далей. «Сведка»-міліцыянт заявіў, што бачыў, як яна «спрабавала прыцягнуць да сябе ўвагу кіроўцаў» – пенсіянерка рассмяялася.

«А дарэчы, ці ёсць закон, які забараняе класці кветкі?» – спытала падсудная ў суддзі. Суддзя абурылася.

Абноўлена
Узгадваем тых, чые смерці звязваюць з пратэстамі 2020 года. Што сёння кажуць следчыя і сваякі?
2021.05.11 14:00

У судзе Савецкага раёну 31 траўня суддзя Алена Жуковіч прысудзіла 62-гадовай пенсіянерцы Зінаідзе Смірновай штраф 870 рублёў за белы шалік з чырвонымі палоскамі, расказваюць назіральнікі «Вясны». Жанчына расказала, што ішла міма Курапатаў з тым шалікам, абматаным вакол паясніцы, калі за ёй пагналіся невядомыя. Яна стала ўцякаць з крыкамі «Ратуйце, міліцыя!», а нападнікі сказалі, што яны і ёсць міліцыяй. «Сведкі»-міліцыянты на судзе сцвярджалі, што яна крычала «Жыве Беларусь», а шалікам махала транспарту на вуліцы Мірашнічэнкі. Падсудная гэта адмаўляла, у пратаколе гаворылася пра завязаны на паясніцы шалік, але яе прызналі вінаватай у «несанкцыянаваным пікетаванні».

У той жа дзень у судзе Баранавіцкага раёну, перадае «Вясна», асудзілі 47-гадовага Вячаслава Кульбу – яго вінавацілі ў «публічнай абразе прэзідэнта» (ч. 1 арт. 368 КК РБ). Паводле абвінавачання, 20 лістапада 2020 года на запраўцы «Беларусьнафты» ён «наўмысна, маючы на мэце публічную абразу дзейнага прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі, усведамляючы зневажальны характар свайго выказвання, разлічваючы на тое, што ў далейшым запіс стане даступны нявызначанаму колу асобаў», зрабіў у кнізе прапановаў і заўваг такі запіс:

«Скаргаў няма. Не разумею калектыву вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі».

Мужчына прызнаў віну цалкам, раскаяўся і сказаў, што ў той момант не разумеў, што абражае Лукашэнку. Суддзя Юляна Шчэрба прысудзіла два гады «хатняй хіміі».

Таксама 31 траўня суд горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна прызнаў 21-гадовага Вячаслава Ўласевіча вінаватым у здзеку над дзяржаўным сцягам. Суддзя Вольга Раманюк у якасці пакарання хлопцу прызначыла год «хіміі» з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову. Акрамя, юнак мусіць сплаціць працэсуальныя выдаткі ў памеры васьмі капеек. Кампенсацыю за пашкоджанне сцяга ў памеры 2 рублёў 44 капеек Уласевіч сплаціў раней.

Паводле абвінавачвання, Вячаслаў Уласевіч 3-га красавіка 2021 года каля 5.25 раніцы ў стане алкагольнага ап’янення зняў сцяг з будынка на вуліцы Леніна, кінуў яго недалёка адтуль, у выніку чаго на тры часткі зламалася дрэўка, а таксама было пашкоджана палотнішча сцяга. У той жа дзень Уласевіч быў затрыманы на трое содняў.

У апошнім слове юнак прасіў маці прабачыць яго, а суд – не караць моцна.

АА/ГГ belsat.eu

Стужка навінаў