Нямеччына і Францыя абмеркавалі Беларусь: заклікалі да новых выбараў, абяцалі новыя санкцыі


Францыя і Нямеччына правялі 31 траўня паседжанне рады міністраў, прэзідэнт Францыі і канцлерка Нямеччыны далі супольную прэс-канферэнцыю. Сярод галоўных тэмаў была Беларусь.

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель на прэс-канферэнцыі. 31 траўня 2021 года.
Фота: Bergmann / Bundesregierung

На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы міністраў нямецкая канцлерка Ангела Мэркель расказала, што размаўлялі сярод іншага пра сітуацыю ў Беларусі і стасункі з Расеяй. Французскі прэзідэнт Эманюэль Макрон гэта пацвердзіў.

Ад журналіста паступіла пытанне аб магчымасці новых сустрэчаў у Менску па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе ў «нармандскім фармаце». Журналіст казаў, што карціна з Сочы выглядае так, нібы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін «не асабліва ўражаныя» новымі санкцыямі Еўразвязу, а Беларусь знаходзіцца ў «сферы інтарэсаў Расеі».

Мэркель на гэта адказала: з таго, што паказвалі з Сочы, можна зрабіць выснову, што яны «ўражаныя здольнасцю еўрапейцаў дзейнічаць», бо Еўразвяз вельмі хутка і рашуча заявіў пра свае дзеянні ў адказ на падзеі ў Беларусі, якія «жалю вартыя». Мэркель падкрэсліла, што Еўразвяз рашуча асуджае «тое, што Лукашэнка робіць з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй», і што дзеянні Лукашэнкі «не апраўдаюць сябе ў доўгатэрміновай перспектыве». Яна паабяцала ўвядзенне «вельмі прыцэльных» санкцыяў.

Аналітыка
«У Крамля даволі сур’ёзны арсенал прымусу Лукашэнкі». Эксперты пракаментавалі вынікі ды наступствы перамоваў у Сочы
2021.05.31 19:07

Макрон сказаў, што падтрымлівае гэта. Адносна «нармандскага фармату» ён дадаў, што між тымі перамовамі і Беларуссю няма наўпроставай сувязі: вырашальнае значэнне там мае абмен меркаваннямі з Пуціным і прэзідэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. А пра адказ рэжыму Лукашэнкі расказаў: пытаў сябе, ці маглі зрабіць лепш за санкцыі, але прыйшоў да высновы, што лепш не было магчыма, «улічваючы непрымальныя рашэнні, якія прыняла Беларусь».

У заяве, прынятай па выніку паседжання французскіх і нямецкіх міністраў, адзін з пунктаў (60-ы з 62) таксама прысвечаны Беларусі. У ім гаворыцца пра асуджэнне перанакіравання рэйсу Ryanair у Менск 23 траўня, патрабаванне вызваліць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу, вітанне хуткага адказу на гэта з боку Еўразвязу, чарговае патрабаванне новых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення гвалту супраць беларускага народу.

Hавiны
Нямеччына асудзіла відэа з «прызнаннем палоннага» Пратасевіча
2021.05.26 18:13

На 1 чэрвеня запланаваная тэлеканферэнцыя міністраў замежных справаў і абароны чальцоў НАТО. Яна ў сваю чаргу праводзіцца перад самітам НАТО, запланаваным на 14 чэрвеня, а на тым саміце сярод іншага збіраюцца абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі.

Тым часам адзін з лідараў нямецкай партыі «Зялёныя» Джэм Оздэмір «узяў шэфства» над затрыманым пасля захопу рэйсу «Ryanair» журналістам Раманам Пратасевічам. Ён, як перадае «Deutsche Welle», заклікаў НАТО і Еўразвяз да больш рашучых дзеянняў супраць рэпрэсіяў у Беларусі і сказаў, што месца Лукашэнкі – перад незалежным судом.

АА belsat.eu

Стужка навінаў