Мяне выпусцяць за мяжу? Нюансы выезду з Беларусі ва ўмовах пандэміі і паветранай «блакады»


Памежны камітэт Беларусі 31 траўня расказаў, што не лічыць часовы від на жыхарства за мяжой падставай выпускаць чалавека за мяжу. «Белсат» расказвае, у якіх выпадках цяпер выпусцяць з Беларусі, а ў якіх не.

granica
Беларуская мяжа.
Фота: Белсат
Абноўлена
Як цяпер легальна пакінуць Беларусь
2021.05.27 14:42

Выпусцяць

  • У Расею што па зямлі, што паветрам. Як патлумачыў Памежны камітэт Беларусі, беларускі бок не мае там ні памежнікаў, ні пунктаў пропуску. Самалёты ў Расею лётаюць, паступова аднаўляецца чыгуначнае злучэнне. Ці прыме Расея, залежыць ад грамадзянства таго, хто туды едзе. Грамадзянам Беларусі дарога адкрытая пры наяўнасці адмоўнага тэсту на каронавірус (зробленага не раней як за 72 гадзіны да ўезду).
  • У іншыя краіны самалётам, калі самалёт туды лётае і краіна прымае. Беларусь не выстаўляла абмежаванняў на вылет. Інфармацыю пра тое, якія краіны прымаюць і не прымаюць турыстаў, публікуе «Белавія». А вось куды лётаюць самалёты – цяпер вялікае пытанне, бо ўсе суседзі, акрамя Расеі, закрылі паветра для беларускіх авіякампаніяў, а замежныя авіякампаніі (акрамя расейскіх) адмаўляюцца лётаць у Беларусь. Але на Стамбул і Тэль-Авіў «Белавія» ўжо знайшла шлях у аблёт тых, хто не пускае яе самалёты.
  • У іншыя краіны па зямлі – на працу, навучанне ці лекаванне. У камандзіраванне пры наяўнасці папяровага камандзіравальнага пасведчання або копіі загаду аб камандзіраванні; на лекаванне пры наяўнасці адпаведных дакументаў; не часцей за 1 раз на 6 месяцаў – на навучанне або пастаянную працу пры наяўнасці адпаведных дакументаў. Падрабязнасці – на сайце Памежнага камітэту. Аўтобусы і маршрутныя таксі за мяжу яшчэ ходзяць, але цягнікі ходзяць толькі ў Расею. У Гомельскай і Гарадзенскай вобласцях возьмуць плату за выезд машынаю – 29 рублёў (неўзабаве ўвесці такі збор хочуць і ў Берасцейскай). Спіс краінаў, якія ў пэўных выпадках прымуць таго, хто едзе з Беларусі, тут.
  • У іншыя краіны па зямлі з пастаянным відам на жыхарства – не часцей як раз на паўгода.
  • У іншыя краіны па зямлі ў сувязі з цяжкай хваробай ці смерцю блізкага родзіча – пры наяўнасці даведкі аб цяжкай хваробе ці смерці. Памежны камітэт піша, што выпускаюць і тых, хто суправаджае людзей, якія едуць да цяжка хворых ці памерлых, але падрабязнасцяў не прыводзіць.
  • Замежных грамадзянаў – па сканчэнні 10-дзённай самаізаляцыі.

Не выпусцяць

Мяжа з Літвой.
Фота: grodnonews.by
  • У іншыя краіны, акрамя Расеі, па зямлі на адпачынак – хіба можна ехаць адпачываць у Расею або ляцець самалётам туды, куды пускаюць самалёты з Беларусі. Тураператары, якія выстаўлялі на продаж аўтобусныя туры ў краіны Еўразвязу ці Украіну, кажуць: на бліжэйшы час не маюць пэўнасці адносна таго, калі паездкі зноў дазволяць, а калі тур выстаўлены на бліжэйшыя тыдні, дык то забылі зняць прапанову з сайту.
  • У адпачынак самалётам у большасць краінаў – бо самалёты з Беларусі цяпер амаль нікуды не лётаюць, хіба ў Расею, праз яе ў Азербайджан, Арабскія Эміраты, Арменію, Грузію, Егіпет, Ізраіль, Казахстан, Турэччыну, Узбекістан і некаторыя іншыя краіны. У тураператараў многія пералёты пад пытаннем: авіякампаніі спынілі рэйсы ў Беларусь, і невядома, ці атрымаецца наладзіць палёты з перасадкай у Расеі або ў аблёт тых, хто забараніў палёты з Беларусі.
  • У іншыя краіны па зямлі з часовым відам на жыхарства – пра гэта стала вядома сёння. Чаму так, невядома.
  • У іншыя краіны морам – бо ў Беларусі няма прамога выхаду да мора і рачных памежных пунктаў пропуску (толькі пункты пропуску ў рачных партах Гомля, Мазыра і Рэчыцы, але гэтыя парты цяпер не прымаюць міжнародных пасажырскіх рэйсаў).
Hавiны
На ОНТ прыраўнялі прызямленне «замініраваных» самалётаў у Менску і Берліне. Чаму гэта не адно і тое ж
2021.05.31 17:54

АА belsat.eu

Стужка навінаў