«Мама і тата – героі, але хочацца, каб былі на волі». Як псіхалагічна дапамагчы дзеткам, бацькі якіх за кратамі


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: Julia Szablowska / Facebook

У Беларусі 449 асобаў прызнаныя палітвязнямі, яшчэ некалькі сотняў застаюцца за кратамі без праваабарончага статусу. Усе гэтыя людзі з раптоўна абарваным звыклым жыццём, сацыяльнымі кантактамі, нявызначанай будучыняй, складанымі эмацыйнымі перажываннямі. А калі ўлічыць, што большасць маюць сем’і і малалетніх дзетак, якія зазнаюць гэткі ж псіхалагічны дыскамфорт, лічба пацярпелых ад дзеянняў уладаў павялічваецца ўтрая. Найбольш уразлівыя ў такіх акалічнасцях, падавалася б, дзеткі, аднак псіхолаг Аксана Ткачук зазначае, наколькі важна, каб дарослыя не ігнаравалі свайго стану.

«Гэта была ноч, і мы ішлі пешкі тры кіламетры»

«Ён не мог заснуць і ў нейкі момант я зразумела, што ў памяці ў дзіцяці засталося, як мы ішлі ў цемры па асфальтаванай дарозе ў лесе», – распавядае Ганна Канавалава, бабуля шасцігадовага Івана і чатырохгадовай Насты, якія вельмі падобныя да сваёй мамы Антаніны Канавалавай.

Антаніна Канавалава асуджаная на пяць з паловай гадоў калоніі паводле двух частак артыкулу 293: удзел у масавых беспарадках і навучанне і рыхтаванне да ў дзелу ў іх.
Фота: архіў герояў

Падчас перадвыбарчай кампаніі Антаніна ездзіла па краіне, збірала подпісы за Святлану Ціханоўскую, была ейнай даверанай асобаю, а цяпер яна палітзняволеная, асуджанай на пяць з паловай гадоў калоніі паводле двух частак артыкулу 293: удзел у масавых беспарадках і навучанне і рыхтаванне да ў дзелу ў іх.

«Яна ўсё рабіла законна, усё рабіла на дазвол Цэнтрвыбаркаму, яна законна збірала подпісы і праводзіла пікеты. І сядзіць зусім ні за што. За тое, што разам з мужам адпачывалі, гатавалі шашлыкі, купаліся, загаралі? І іх затрымалі», – разважае Ганна Канавалава.

Муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч, які быў адміністратарам тэлеграм-каналу «Армія з народам», асуджаны паводле гэтых жа артыкулаў і на такі ж тэрмін – ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Затрыманне бацькоў Івана і Насты прымусілі бабулю неадкладна забіраць дзяцей і выязджаць за межы Беларусі.

Hавiны
Як бацькам абараніць дзяцей ад палітычнага ціску ў школе
2021.06.01 18:30

«Мы ўсё праходзілі законна, у нас былі дакументы на дзяцей, дазвол ад бацькоў на выезд дзяцей за мяжу, але гэта было нечакана, гэта была ноч, і мы ішлі пешкі тры кіламетры». Падчас гэтага пераходу Іван і задаў бабулі найважнейшае пытанне пра бацькоў. Спадарыня Ганна не стала ўтойваць праўды і патлумачыла ўнуку, што мама і тата – за кратамі. Тады Іван патлумачыў гэта па-свойму, па-дзіцячы малодшай сястры.

Хаваць ад дзяцей не мела сэнсу, яны былі сведкамі ўсіх падзеяў. На вачах Івана і Насты адбывалася ажно два ператрусы. Адзін з іх, са словаў Ганны Канавалавай, быў падобны да ўзброенага захопу, калі ў двор загараднага дому ўварваліся, дзеці былі там і ўсё бачылі.

Цяпер утрох штонядзелі яны прыходзяць на варшаўскі пляц на акцыю салідарнасці, прыносяць плакат: «Маму і тату забралі войскі прусака».

«Мы думаем, што, можа, сваймі маленькімі акцыямі зможам дапамагчы маме і тату. Таму нядзеля зранку – для нас гэта царква, а ў абед – Centrum Belarus», – кажа Ганна Канавалава.

Сувязь з бацькамі Іван і Наста падтрымліваюць праз ліставанне, малюнкі. Антаніна адмыслова піша лісты друкаванымі літарамі, каб дзеткі самі маглі іх прачытаць. Сваіх бацькоў іначай як «героямі, што ратавалі краіну» Іван і Наста не называюць, але сумуюць па вельмі простых, звыклых і неабходных у іхным узросце рэчах: бацькоўскай пяшчоце – і мараць, каб тыя хутчэй апынуліся на волі.

Ганна Канавалава прызнаецца: найбольш баіцца за тое, што дачка і зяць правядуць пяць гадоў у калоніі, за тое, што з імі можа там здарыцца, і за ўпушчаны час у стасунках і выхаванні дзетак.

Ганна Канавалава, бабуля шасцігадовага Івана і чатырохгадовай Насты.
Фота: Ірына Арахоўская / Facebook

У дзіцяці дастаткова жыццёвага рэсурсу, каб выплыць, калі побач псіхалагічна ўстойлівы дарослы

Наколькі траўматычнымі апынуцца беларускія падзеі 2020–2021 гадоў для будучых пакаленняў, дзяцей з сем’яў, якія непасрэдна закранулі ператрусы, затрыманні, ціск і міграцыя з краіны, залежыць ад мноства вонкавых і ўнутраных фактараў.

«Па-першае, гэта залежыць ад таго, наколькі працяглае ўздзеянне на дзіця і на сям’ю. Па-другое, наколькі ўстойлівым будзе дарослы, з якім засталіся дзеці. Гэта вельмі-вельмі важны фактар, бо калі дзіця адчувае абароненасць і бяспеку ад дарослага, то найхутчэй траўмы не будзе. Гэта залежыць ад раптоўнасці падзеяў, ад паводзінаў дарослага пры гэтым і які дзіця само мае рэсурс, ці не было ў сям’і ў мінулым яшчэ пэўных складаных сітуацыяў. У сукупнасці гэта і будзе ўплываць: атрымае дзіця траўму ці стрэс, з якім хутка зможа справіцца», – каментуе «Белсату» псіхолаг Аксана Ткачук.

Утойваць ці распавядаць праўду, вядома, рашэнне дарослага, які застаецца гадаваць дзіця. Аднак варта памятаць, што дзеці могуць здагадвацца, што нешта не так, а калі ўпэўніваць яго ў адваротным, можна пагоршыць трывожны стан.

«Важна, як расказаць дзіцяці праўду, што, вядома, залежыць ад узросту. Дзецям да чатырох можна сказаць, што мама ці тата ў працяглым ад’ездзе, пачытаць з ім казку «Чыпаліна» і ідэнтыфікаваць з героямі дарослых, якіх няма побач. З малодшым школьнікам, падлеткам, які ў курсе, што адбываецца, варта размаўляць адкрыта, пазбягаючы падрабязнасцяў, бо для дзіцяці важна разумець: дзе іхны родны, ці будзе дзіця само ў бяспецы – гэта важна», – тлумачыць адмыслоўца.

У эмацыйным дыяпазоне дзіцяці будуць прысутнічаць сум і адчуванне недахопу ў тым дарослым, якога няма побач. Каб журба не нарастала, можна акрэсліць тэрмін, калі тата ці мама вернуцца, і штодня выкрэсліваць на календары пражыты дзень. У якасці падтрымання можна адзначаць пэўныя даты: мінуў тыдзень, месяц – любы перыяд, які так ці іначай набліжае шчаслівы момант.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Глабальны пікет салідарнасці з Беларуссю. Варшава, Польшча. 29 траўня 2021 года.
Фота: Julia Szablowska / Facebook

Дазваляйце дзіцяці сустракацца з сябрамі ды хадзіць на святы, імпрэзы, каб яно не так востра адчувала, што якасць ягонага жыцця пагоршылася.

Прыкметы траўмы могуць выявіцца не адразу, таму за паводзінамі, рэакцыямі дзяцей варта назіраць, але пры з’яўленні той ці іншай праявы псіхалагічнага дыскамфорту не трэба пужацца і панікаваць.

«Пры траўме найхутчэй некалькі прыкметаў яе будуць у сукупнасці. Пры з’яўленні адной жа не трэба прыпісваць наяўнасць псіхічнага траўмавання дзіцяці. Што гэта за прыкметы? На фізіялагічным узроўні вы можаце заўважаць эмацыйныя змяненні, пастаянную трывожнасць, парушэнне сну, назіраць змяненне апетыту, разлад стрававання, галаўныя болі, хваравітасць. Дзіця можа зрабіцца больш канфліктным, можа прыцягваць да сябе ўвагу разнастайным чынам альбо, наадварот, станавіцца няўважлівым, як часта кажуць настаўнікі, «лётаць недзе ў аблоках». Гэта кажа пра тое, што дзіця сканцэнтраванае на ўнутраным перажыванні, і не засталося сілаў на вучобу, камунікацыю ды іншае», – зазначае Аксана Ткачук.

У той жа час ні ў якім разе нельга ігнараваць праблемы дзіцяці, як і, дарэчы, і свае. Бо наступствы псіхалагічнага траўмавання, калі яны не прапрацаваныя, не адрозніваюцца ў дзяцей і дарослых.

Даведка
Псіхолаг Аксана Ткачук.
Фота: архіў гераіні

«Наступствы траўмы могуць быць рознымі, гэта не абавязкова толькі сацыяльная дэградацыя, гэта ўсяго адзін з прыкладаў, калі чалавек пачынае абязбольваць душэўныя перажыванні. Траўмаваны чалавек не адаптыўны, пазбаўлены жыццёвых сілаў, бо ўсе іх выдаткоўвае на капсуляванне і ўтрыманне траўмы. Ён мае праблемы з сацыяльнымі кантактамі, бо неадэкватна рэагуе на жыццёвыя сітуацыя, падзеі, якія могуць яму толькі падацца траўматычнымі, выклікаючы трыгерную эмацыйную рэакцыю, што ўскладняе наладжванне стасункаў, дасягненне вынікаў і іншае», – падкрэслівае псіхолаг.

З улікам расцягнутасці траўматычных падзеяў ды таго, што амаль кожны беларус, калі не стаў іх удзельнікам, то дакладна з’яўляецца сведкам, можна казаць пра масавую траўму беларускай нацыі. Як нельга ігнараваць праяўленні траўмавання, гэтак важна і не адмаўляць іх агулам.

І дарослым трэба дбаць пра сабе.

«Калі вы будзе ў парадку, то і дзіця за вамі падцягнецца, у яго шмат жыццёвых сілаў і адаптыўнасці. Калі яму ёсць, на каго абаперціся, ён выплыве. Калі ж не, варта звярнуцца па дапамогу да спецыяліста. Але найперш важна клапаціцца пра сябе, сачыць за сваёй псіхалагічнай устойлівасцю і здароўем», – рэзюмуе Аксана Ткачук.

МД, belsat.eu

Стужка навінаў