Лукашэнка заявіў, што дамовіўся з Расеяй на пастаўкі нафты ў Беларусь

Пуцін пра такое не казаў. А яму за гэта могуць пагражаць санкцыі ЗША.

Мазырскі НПЗ, ілюстрацыйная выява. Фота: mnpz.by

Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 чэрвеня, што «ўрады вельмі сур’ёзна прапрацавалі пытанне» і «мы дамовіліся, што ніякіх пытанняў з пастаўкамі нафты не будзе», «так было сказана прэзідэнтам Расеі», перадае БелТА. Калі і як гэта адбылося, невядома, аднак Лукашэнка расказваў пра гэта ў кантэксце вынікаў перамоваў з кіраўніком Расеі Уладзімірам Пуціным.

На момант публікацыі ні расейскі ўрад, ні прадстаўнікі Пуціна, ні сам Пуцін такой дамоўленасці не згадвалі.

«У Крамля даволі сур’ёзны арсенал прымусу Лукашэнкі». Эксперты пракаментавалі вынікі ды наступствы перамоваў у Сочы

Лукашэнка ж кажа, што пастаўкі будуць «у запланаваных аб’ёмах», а Беларусь можа перапрацоўваць і 22 млн т нафты. «Праблемаў не будзе» і з пастаўкамі нафтапрадуктаў на расейскі ды іншыя рынкі, запэўніў Лукашэнка.

«Прынцыповую дамоўленасць» з Расеяй дасягнулі і ў «мінімізацыі стратаў беларускіх НПЗ ад падатковага манеўру ў Расеі» – Лукашэнка заявіў, што ўрады знайшлі кансэнсус, але на чым ён палягае, не сказаў.

А з пастаўкамі газу, сказаў Лукашэнка, пытання яшчэ не вырашылі, але «няма ніякіх праблемаў», «колькі трэба – столькі і трэба». Са словаў Лукашэнкі, Пуцін паабяцаў: «збяруцца і падумаюць, як у гэтай сітуацыі дапамагчы Беларусі з цаной на газ».

За першы квартал 2021 года Расея паставіла ў Беларусь 3,597 млн т нафты. Праблема з далейшымі пастаўкамі была звязаная з санкцыямі Злучаных Штатаў супраць «Белнафтахіму» і «Нафтану» – новы механізм амерыканскіх санкцыяў закранае не толькі самі прадпрыемствы, але і тых, хто з імі супрацоўнічае.

Ці спыніць Расея пастаўкі нафты ў Беларусь праз амерыканскія санкцыі? Тлумачаць эканамісты

Hавiны