Куды падзеліся хрушчы і што будзе з гароднінай? Як халоднае надвор’е ўплывае на прыроду і гаспадарку Беларусі


Бульба і капуста на рынку.
Фота: «Белсат»

Халоднае надвор’е, якое ўсталявалася сёлета ў Беларусі, стварае непрыемнасці не толькі жыхарам, але і раслінам ды жывёлінам. Пад пагрозай і сельская гаспадарка.

Пакуль цяплей не стане

Паводле Белгідрамету, у апошні дзень траўня ў Беларусі назіралася прахалодная сухое надвор’е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра +10..+13°С, што на 2-6°С ніжэйшай за кліматычную норму. Месцамі ў краіне адзначаліся замаразкі 0..-2°С.

Не стане істотна цяплей і ў бліжэйшыя дні. Умовы надворʼя ў краіне будзе вызначаць паўднёвая перыферыя скандынаўскага антыцыклону.

2 чэрвеня тэмпература паветра ўначы складзе +4..+10°С, удзень +18..+23°С. У наступныя два дні такія ж дзённыя тэмпературы захаваюцца, адно ўночы стане трошкі цяплей – +6..+11°С.

«Цяперашняй вясной тэмпы назапашванне эфектыўнага цяпла стрымлівала перавага халоднага надворʼя. Недабор эфектыўных тэмператур адбіваецца ў першую чаргу на развіцці патрабавальных да цяпла сельскагаспадарчых культур. Адставанне ад звычайных тэрмінаў назіраецца ў развіцці і іншых культур. У бліжэйшы час цеплазабеспячэнне сельскагаспадарчых культур на большай тэрыторыі рэспублікі не палепшыцца», – заяўляюць у Белгідрамеце.

Напрыканцы траўня ў Белгідрамеце адзначалі, што для таго, каб усталявалася цёплае надворʼе, неабходны «ўстойлівы антыцыклон, які забяспечыць нас сухім надворʼем.

«Пакуль такога антыцыклону не відаць», – казалі ў ведамстве.

Хрушчы яшчэ з’явяцца

Пра тое, што халады ўплываюць на жывёльны і раслінны свет кажа і дырэктар арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

«З птушкамі не заўважна спазнення. Яны гняздуюць звычайна ў залежнасці ад працягласці дня. І яны ж не ведаюць наперад, будуць халады ці не. Таму хутчэй стараюцца загнездзіцца, яйкі адкласці. А вось расліны, насякомыя, канечне, непасрэдна звязаныя з сумай цеплыні. І кветкі, і яблыні ды іншыя садовыя расліны сёлета спазніліся з квітненнем. Але ў цэлым я не думаю, што нейкая катастрофа адбылася», – адзначыў ён у каментары belsat.eu.

Сёлета некаторыя нашыя чытачы адзначалі адсутнасць хрушчоў, якія звычайна з’яўляюцца ў траўні. Аляксандр Вінчэўскі прызнаў, што сапраўды ў апошнія гады хрушчоў можна было ўбачыць ужо ў канцы красавіка, а сёлета і ў траўні іх былі адзінкі.

«Але хрушчы не могуць некуды знікнуць. Яны тры гады жывуць у якасці лічынкі пад зямлёй. І памерці ад халадоў не могуць. Яны павінны выйсці і выйдуць, хай нават пазней. Магчыма, да паловы чэрвеня будуць лятаць. Агулам біямаса насякомых зараз вялікая, таму птушкі і кажаны знойдуць альтэрнатыву хрушчам», – падкрэсліў дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Гародніна будзе даражаць

Халоднае надвор’е ўплывае не толькі на прыроду, але і на сельскую гаспадарку.

«Надвор’е не толькі халоднае, але яшчэ і дажджлівае. Мне тэлефанавалі фермеры, якія кажуць, што яшчэ толькі саджалі бульбу», – распавёў старшыня рады Беларускага грамадскага аб’яднання фермераў Юрый Сямёнаў.

Паводле яго, з прычыны надвор’я шмат якія сельскагаспадарчыя культуры адстаюць у сваім развіцці, а праз гэта садавіна і гародніна, асабліва бульба могуць вырасці ў кошце.

Юрый Сямёнаў адзначыў, што такая самая карціна цяпер і ў Расеі. Не выключае ён і магчымай адсутнасці прытоку гародніны з Захаду. Усё гэта, на думку кіраўніка аб’яднання фермераў, можа прывесці да росту коштаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў