Карагодная справа: канвеер набраў абароты. Прысуд пятай групе прагучыць 3 чэрвеня


У берасцейскім Доме правасуддзя судовы канвеер не спыняецца ні на хвіліну: справа аб беспарадках у Берасці, «пінская справа», і адразу дзве групы ў «карагоднай справе».

Карагоды на пратэстах у Берасці, 13 верасня 2020 года.
Фота: Следчы камітэт

У судзе Берасцейскага раёну Сяргей Маручак судзіць чацвёртую групу. Абвешчаны перапынак, бо ў СІЗА захварэла Вольга Глушэнь, на мінулым судовым паседжанні яна моцна кашляла.

А тым часам 3 чэрвеня прагучыць прысуд для пятай групы ў «карагоднай справе». У судзе Маскоўскага раёну працэс вядзе Яўген Брэган. На апошнім паседжанні абвінавачанне запрасіла для 13 чалавек такія пакаранні:

  • Аляксандр Храпко – 1 год і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму;
  • Ілля Палхоўскі – 2 гады «хіміі»;
  • Андрэй Аніскевіч – 1,5 года «хіміі»;
  • Алена Лайко, Галіна Чугунова – па 2 гады «хатняй хіміі»;
  • Ігар Вінакураў, Сяргей Ксянжук, Зміцер Курганаў, Радзівон Медушэўскі, Андрэй Нямірскі, Сафія Нішт, Кацярына Смірнова, Мікіта Увараў – 1,5 года «хатняй хіміі».

13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне «вадамётным», а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца «карагоднаю».

Паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») у гэтай справе асудзілі ўжо 32 чалавекі, 18 з іх ужо адбываюць пакаранне.

Hавiны
«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць
2021.04.02 08:45

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў