«Ізалятар падобны да ваеннай турмы». У Магілёве пасля 20 содняў арышту на волю выйшлі два журналісты

Уладзімір Лапцэвіч, карэспандэнт магілёўскага парталу 6tv.by, і Аляксандр Буракоў, які супрацоўнічае з «Deutsche Welle», распавялі пра катаванні ў ІЧУ. Сваякам і калегам не дазволілі сустрэць журналістаў – абодвух загадзя вывезлі на міліцэйскіх машынах у розных кірунках.

Аляксандр Буракоў параўнаў Магілёўскі ІЧУ з ваеннай турмой.

Аляксандр Буракоў. Крыніца: тэлеграм-канал MAYDAY

– Першыя содні мы былі ўчатырох у двухмясцовай камеры, потым утрох. Першыя трое содняў я яшчэ ўзгадваў пра правілы ўнутранага распарадку, пра тое, як яны мусяць дзейнічаць, – распавёў журналіст. – У адказ яны зрабілі што: калі вы нечага патрабуеце, усю камеру «на шмон» з заломваннем рук, і кажуць: ты зразумеў, што да чаго? Я вырашыў, што гэта такі ваенны рэжым, і адзінае, што заставалася – падпарадкоўвацца.

Таксама Буракоў зазначыў, што да іх у камеру адмыслова падсадзілі чалавека, у якога «гніюць ногі». Будзілі па два разы за ноч і патрабавалі называць прозвішча. На ложках не было матрасаў, не выдавалі пасцельнай бялізны, ручнікоў.

– Яны адразу на нас накінуліся, паставілі на расцяжкі, і кажуць: у вас такі рэжым, што павінна быць голая хата -–толькі паста, шчотка, і больш ні на што вы не маеце права, – распавёў Уладзімір Лапцэвіч. – За ўвесь час я толькі аднойчы быў на шпацыры, і ён цягнуўся недзе хвілін 15.

Лапцэвіч і Буракоў былі затрыманыя 12 красавіка каля Магілёўскага абласнога суда, дзе ў той дзень у закрытым рэжыме распачаўся суд над Паўлам Севярынцам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». Родныя абвінавачаных і людзі, якія прыйшлі падтрымаць вязняў, сабраліся на вуліцы. Міліцыя запатрабавала, каб усе разыйшліся. Калі людзі пачалі сыходзіць, з’явіўся АМАП, пачаліся затрыманні.

Лапцэвіча і Буракова асудзілі на 20 содняў за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У зняволенні журналісты абвяшчалі галадоўку, якую спынілі праз праблемы са здароўем.

Уладзімір Лапцэвіч. Крыніца: тэлеграм-канал MAYDAY

Тады ж, 12 красавіка, ля Магілёўскага абласнога суда былў затрыманы мясцовы палітык Алег Аксёнаў з БХД, а на наступны дзень – Уладзімір Шанцаў, старшыня абласной арганізацыі АГП. Іх таксама судзілі паводле арт. 24.23 КаАП, але пакаралі 15-дзённым арыштам. Пасля вызвалення мужчыны распавядалі пра холад у камерах у ІЧУ, адсутнасць пасцельнай бялізны. У іх забралі пісьмовыя прылады і не заўсёды аддавалі перадачы, катавалі пазбаўленнем сну – па тры разы за ноч будзілі і патрабавалі называць прозвішча.

ГГ, belsat.eu

Hавiны