Вайсковы эксперт: Вайной пачалі камандаваць не вайскоўцы, а палітыкі, што для нас добра, а для расейцаў кепска


«Звычайна, калі палітыкі ўмешваюцца ў вайну, гэта прыводзіць да катастрофы для тых, кім яны камандуюць», – так ахарактарызаваў сітуацыю ва Узброеных сілах Расейскай Федэрацыі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Расейскія войскі. Кіеўская вобласць, Украіна. 24 сакавіка 2022 года.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

У эфіры «Белсату» знаўца распавёў, што паводле ягоных дадзеных перадыслакацыя расейскіх войскаў пераважна скончылася і неўзабаве варта чакаць эскалацыі падзеяў на ўсходзе Украіны:

«Мы чакаем найбліжэйшымі днямі кульмінацыйнага моманту, засяроджвання максімальных высілкаў з боку расейскіх войскаў, асабліва ў напрамках ад Ізюму. Хутчэй за ўсё, тут будзе галоўны ўдар. З некаторых чутак, у Ізюм прыбыў генерал арміі (Віталій) Герасімаў, кіраўнік генеральнага штабу. Найбліжэйшыя дні мы будзем назіраць нарошчванне высілкаў расейскіх войскаў у напрамках Севераданецк-Краматорск».

Жданаў падкрэсліў, што такія дзеянні расейскага боку абумоўленыя блізкім святам 9 траўня. І тут эксперт бачыць добрыя навіны для тых, хто абараняе Украіну:

«Гэта толькі дзеля 9 траўня. Гэта кажа пра тое, што вайной пачалі камандаваць палітыкі, а не вайскоўцы. Што для нас, у прынцыпе, добра. Звычайна, калі палітыкі ўмешваюцца ў вайну, гэта прыводзіць да катастрофы для тых, кім яны камандуюць».

Ён адзначыў, што на ўсіх напрамках вялікага наступу не назіраецца, бо расейскія войскі не маюць моцы. На думку эксперта, цяпер прыярытэтным застаецца толькі данецкі напрамак, астатняе – для адцягнення ўвагі.

«Яны хочуць зрабіць плацдарм, каб потым развіваць наступ у бок Мікалаева і Адэсы. У іх галоўная задача там, на паўднёвым напрамку, – гэта адразанне Украіны ад Чарнаморскага ўзбярэжжа і ўз’яднанне з Прыднястроўем. У выпадку поспеху Малдова будзе захопленая сходу. Але гэты плацдарм яны ствараюць ужо другі тыдзень – і поспехаў там няма. Усе гэтыя намаганні прасунуцца да межаў акругаў спыненыя ЗСУ», – заявіў Алег Жданаў.

Ён перакананы, што той ваеннай групоўцы, якую Расея здолела сабраць за апошнія часы на Данбасе, не стае для масавага наступу:

«Яна занадта малая для такой глыбіннай задачы. А гэта задача большая чым на 500 кіламетраў. А тымі сіламі, што яны маюць, можна толькі праводзіць атакі на ўкраінскія пазіцыі, што яны і робяць. Тэма з Прыднястроўем пачынае пакрысе затухаць. Яны паспрабавалі зрабіць ілюзію наяўнасці другога фронту, у іх не атрымалася. Пра высадку дэсанту ў ваколіцах Адэсы цяпер нават не ідзецца. Бо няма ні сілаў, ні магчымасці яго высадзіць».

Эксперт паведаміў, што ўкраінскія агнявыя сродкі дазваляюць кантраляваць тэрыторыю Прыднястроўя на ўсю яе глыбіню, гэта робіць немагчымым атакі з боку расейскіх войскаў.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў