«Сёння без аплаты – за дзякуй». Рэпартаж з расейскага канцэрту ў падтрымку вайны з Украінай


Напярэдадні 9 траўня расейскія ўлады наважылі прадэманстраваць, што вайна з Украінай карыстаецца народнай падтрымкай: для гэтага ў розных рэгіёнах краіны праводзяцца арганізаваныя як пад капірку канцэрты і мітынгі. Зрэшты, асаблівага ажыятажу такія мерапрыемствы не выклікаюць, таму ў некаторых гарадах у якасці масоўкі вырашылі выкарыстаць студэнтаў і курсантаў ваенных вучэльняў. Карэспандэнт «Вот Так» схадзіў на праўладны мітынг у Пецярбургу і пагаварыў з яго ўдзельнікамі.

Валанцёры пазіруюць фатографу з выдадзенымі сцяжкамі падчас музычнага тэлемарафону «Za Мир – без нацизма!» у Кранштаце.
Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

27 красавіка на старонцы ВКонтакте Цэнтру гарадскіх валанцёраў з’явіўся пост з запрашэннем прыняць удзел у музычным тэлемарафоне «Za Мир – без нацизма!» у Кранштаце.

У тэксце гаварылася, што на мерапрыемстве патрэбныя будуць валанцёры, аднак уся іх праца зводзілася да таго, каб назіраць за выступленнем ваенных аркестраў. Узамен арганізатары прапанавалі добраахвотнікам выдаць даведку, якая вызваляе ад вучобы, а таксама забраць з сабой пасля канцэрта вопратку – футболку і талстоўку ад Цэнтру гарадскіх валанцёраў.

«Потым будуць падарункі»

9:30 раніцы, метро «Старая деревня». Адсюль адыходзяць аўтобусы ў Кранштат. Побач з выхадам са станцыі сабралася група з 12 чалавек, усе яны – валанцёры канцэрту, які мае адбыцца. Ніякіх плакатаў або значкоў з літарай Z у іх з сабой няма. Маладая дзяўчына, якая называецца Настай (імёны герояў тэксту змененыя. – Рэд.), дастае спіс валанцёраў і пачынае пераклічку.

– А ці шмат народу будзе? – цікаўлюся я.

– Не ведаю колькі людзей будзе. Ад нас павінна быць 25 чалавек, але многія не прыйшлі: сказалі, што баяцца захварэць, – коратка адказвае Наста.

Магчымасць захварэць не проста адгаворка: валанцёрам трэба было тры з паловай гадзіны прастаяць на вуліцы ў парку «Патрыёт», а тэмпература ў Пецярбургу раніцай – каля нуля. Добраахвотнікі заходзяць у аўтобус і рассаджваюцца асобна – практычна ніхто не знаёмы адзін з адным. Выключэнне складаюць два маладых хлопца – Антон і Дзіма. Яны даўно ў цэнтры валанцёраў і разам наведваюць многія мерапрыемствы.

Аўтобусы, на якіх прывезлі людзей.
Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

– А што па аплаце? – пытаецца хлопцаў, якія размаўляюць паміж сабой, жанчына, якая сядзіць побач са мной.

– Сёння без аплаты – за дзякуй. Але потым будуць падарункі: футболка, кофта там, – супакойвае яе Дзіма.

Высвятляецца, што жанчына насамрэч пацікавілася, як аплаціць праезд – валідатары ў аўтобусе не працуюць, а кандуктара няма. Зрэшты, з-за гэтага выпадковага непаразумення завязваецца размова.

Дзмітрый і Антон распавядаюць, што займаюцца валанцёрствам у гарадскім цэнтры ўжо некалькі гадоў. Па іх словах, цэнтр рэгулярна заахвочвае сваіх актывістаў квіткамі на канцэрты, спартыўныя матчы, часам можна атрымаць мерч і падзякі ад гарадскіх уладаў. На некаторых мерапрыемствах, адзначае Зміцер у размове са мной, смачна кормяць – для яго гэта не апошні фактар у валанцёрскай працы.

«Абы вайны не было»

На працягу ўсяго дня я спрабаваў высветліць, навошта валанцёры пагадзіліся ўдзельнічаць у канцэрце ў падтрымку вайны ва Украіне. Высветлілася, што большая частка групы – не штатныя актывісты цэнтру, яны даведаліся пра мерапрыемства выпадкова праз сацыяльныя сеткі. Адны захацелі бясплатна атрымаць вопратку, іншым спатрэбілася падзяка ад уладаў – такія дакументы ў некаторых пецярбургскіх ВНУ дапамагаюць атрымаць павышаную стыпендыю або розныя льготы. На пытанне пра стаўленне да вайны з Украінай амаль ніхто з валанцёраў не адказвае – адклікаецца толькі Антон.

Куратар валанцёраў фатаграфуе тых, хто прыйшоў, для справаздачы.
Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

– Я наогул не сачу за палітыкай. Мне гэта нецікава. Абы вайны не было, – кажа ён.

– Вайны дзе не было? – удакладняю я.

– Каб у нас вайны не было ў горадзе, – дадае Антон. – А так дзеля цікавасці наогул паехаў сюды.

Нягледзячы на тое, што палітыкай Антон не цікавіцца, яна ў апошнія месяцы моцна змяніла яго жыццё. Падчас дарогі ён абмяркоўвае са сваім сябрам, што ў Пецярбургу зараз не паглядзець галівудскія фільмы. Да пачатку вайны Антон працаваў у «Макдоналдсе»: пасля таго як кампанія прыпыніла працу на расейскім рынку, ён застаўся без працы.

– «Макдоналдс» у траўні адкрыецца, так сказаў хтосьці з дэпутатаў, – спрабуе падбадзёрыць таварыша Зміцер.

– Ды не адкрыецца нічога. Глупства. Дэпутатам нельга верыць. Яны казалі, што будзе «Дядя Ваня» замест «Макдоналдсу». Ну і дзе ён? – абураецца Антон.

«Я не з такіх»

Мерапрыемства, на якое мы едзем, чамусьці называецца тэлемарафонам, хоць па сутнасці гэта звычайны канцэрт. Куратары тлумачаць нам, што пачатак перанеслі на гадзіну – замест 11 раніцы мерапрыемства пачнецца а 12. Зрэшты, валанцёраў знайшлі чым заняць у гэты час: арганізатары даручылі мне раздаваць мінакам каля парку сцяжкі з літарай Z і хэштэгам #своихнебросаем.

Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

Перад пачаткам працы ўсіх валанцёраў пастроілі ў шарэнгу для таго, каб зрабіць традыцыйную для такіх мерапрыемстваў фотасправаздачу – хапіла ўсяго двух здымкаў.

З пастаўленай задачай па раздачы сцяжкоў кожны валанцёр спраўляўся па-свойму: хтосьці актыўна прапаноўваў іх мінакам, хтосьці проста стаяў на ўваходзе ў парк, некаторыя вырашылі пасядзець на лаўцы. Я вырашыў скарыстацца сітуацыяй і пагутарыў з іншымі валанцёрамі пра іх стаўленне да вайны, якую развязаў Уладзімір Пуцін супраць Украіны.

– Мне СМС прыйшла ў ВК ад супольнасці. Вырашыў паехаць, таму што тут плюшак шмат даюць: футболку там, худзі – распавядае Сяргей, яму каля 20 гадоў.

– А я думаў, за ідэю паехаў сюды, – здзіўляюся я.

– Не, я не з такіх, – парыруе суразмоўца.

Валанцёр Глеб, які стаіць побач, падключаецца да размовы. Відавочна, ён заканчвае ў гэтым годзе школу – яму трэба ліст з падзякай, таму што з яго дапамогай можна атрымаць дадатковыя балы да ЕГЭ. Я кажу, што мерч і падзякі дазволілі забраць толькі на наступным тыдні. Пасля гэтых навінаў Глеб і Сяргей выглядаюць засмучанымі.

– Ідзі вунь паліцыі раздай сцяжкі, – жартам прапаноўваю Глебу.

– Не, яшчэ забяруць з сабой. Хоць думаю, што сёння нікога не будуць браць, – адказвае ён.

– А павінны кагосьці забіраць? У нас жа свабода слова і дэмакратыя ў краіне! – яхідна заўважаю я.

– З нагоды свабоды слова можна паспрачацца. На справе неяк не так усё, – кажа Глеб.

Hавiны
У Менску на мітынгу «За Расею» затрымалі тых, хто спрачаўся з яго ўдзельнікамі
2022.05.01 14:18

Нягледзячы на гэта, палітыку расейскіх уладаў Глеб у цэлым ухваляе: ён кажа, што вайна «усіх зблізіла і аб’яднала ў адно цэлае».

– Сумна назіраць за крывадушнымі людзьмі, якія спачатку неяк хэйцілі ўсё грамадства расейскае, Пуціна, а потым пасля вайны пачалі яго паважаць, – адзначае ён.

Наступная мая суразмоўніца – Марыя, ёй 20 гадоў, яна ўжо даволі даўно працуе валанцёрам на розных мерапрыемствах. На канцэрт яе ўгаварыла паехаць мама: сказала, што гэта добрая магчымасць атрымаць прыгожую вопратку.

Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

Студэнтка-філолаг Ангеліна называе самую незвычайную пакуль што прычыну ўдзелу ў мілітарысцкім канцэрце – ёй проста хацелася ў вольны час паслухаць музыку. Падобная матывацыя, мяркуючы па ўсім, і ў дзвюх жанчын пенсійнага ўзросту, якія таксама прыехалі на канцэрт у складзе групы валанцёраў. Яны актыўна абмяркоўваюць адна з адной, у якія месцы пойдуць у Кранштаце, калі мерапрыемства скончыцца. Зрэшты, іх хапіла прыкладна на гадзіну – яны крыху патанчылі і сышлі з канцэрту.

«Нашыя салдаты»

З усіх апытаных толькі двое валанцёраў прыехалі на тэлемарафон з ідэйных меркаванняў. 20-гадовая Карына захавала некалькі сцяжкоў з літарай Z для дзіцячага садка, у якім яна працуе: па яе словах, атрыбутыка патрэбна ёй для правядзення «палітычных мерапрыемстваў». На пытанне аб тым, што далучаць дзяцей у палітыку нельга па законе, яна бегла адказвае, што ў іх у дзіцячым садзе гэта «называецца па-іншаму».

Арына, маладая дзяўчына, якая захапляецца паэзіяй, таксама распавяла, што прыехала ўдзельнічаць у тэлемарафоне «Za Мир – без нацизма!» праз палітычныя погляды. Нягледзячы на гэта, Арына, па яе словах, не цікавіцца палітыкай і не сочыць за навінамі з Украіны. Аднак лічыць, што цяпер важна падтрымаць расейскіх вайскоўцаў, таму што гэта «нашыя салдаты».

Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

Абедзве дзяўчыны называюць сябе «патрыёткамі», мы размаўляем з імі ўжо пасля канцэрту, вяртаючыся на аўтобусе дадому. І Арыне, і Карыне пасля дыялогу, здаецца, стала неяк няёмка – іншыя валанцёры, якія паехалі на канцэрт за адзеннем і падзякамі ад гарадскога ўраду, на іх аповед адрэагавалі смяшкамі.

«Царства, падзеленае знутры, не ўстаіць»

«У парку «Патрыёт» 29 красавіка сабраліся сотні людзей для таго, каб падтрымаць герояў, якія прама зараз рызыкуюць жыццём на Данбасе», – пішуць «Известия». На справе ж гэтыя «сотні людзей» прастаялі ледзь больш гадзіны. Некаторыя пачалі сыходзіць з парку адразу ж пасля таго, як фатографы зрабілі здымкі, іншыя вырашылі схавацца ў мясцовым кафэ, каб сагрэцца.

Так, «Юнармия» падзялілася на дзве часткі: дзяўчынкі засталіся стаяць да канца канцэрту, а хлопчыкі строем сышлі, прабыўшы на ім каля гадзіны. Пакінуць парк яны вырашылі менавіта ў той момант, калі вядучая абвясціла пра ўрачыстую пераклічку, якая павінна была падняць «баявы дух» удзельнікаў канцэрту. Крычаць «Ура» юнармейцам давялося ўжо на выхадзе з парку.

Чальцы «Юнармии» на канцэрце.
Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

Звычайных людзей на канцэрце практычна не было – туды прывезлі кадэтаў ваенных вучэльняў і актывістаў розных праўладных арганізацый: і тых, і іншых чамусьці пастроілі ў шарэнгі. Некаторыя з удзельнікаў нават не да канца разумелі, куды яны прыехалі: так, кіраўніку групы «Валанцёры перамогі» давялося вывучаць афішу, каб зразумець, што тут адбудзецца канцэрт у падтрымку вайны. Адзінай групай маладых людзей без спецыяльнай формы была група валанцёраў ад гарадскога цэнтру.

Арганізатары тэлемарафону абяцалі выступ губернатара Санкт-Пецярбургу Аляксандра Бяглова і старшыні Заканадаўчага сходу Аляксандра Бельскага, аднак ніхто з іх так і не з’явіўся падтрымаць расейскіх вайскоўцаў.

Затое да ўдзелу ў тэлемарафоне запрасілі пробашча Кранштацкага Марскога сабора архімандрыта Алексія Ганьжына. У сваёй прамове ён заявіў, што бог дабраслаўляе «справядлівую лаянку» (гэтым словам ён замяніў «вайну». – Рэд.), і дадаў, што «трэба не дапусціць, каб наша зброя заржавела».

«Я ведаю, што царства, падзеленае знутры, не ўстаіць. І мы ведаем, што пакуль ёсць зло, пакуль ёсць нядобрыя і нямірныя людзі, то гэта не спыніць нічым, акрамя вайны», – сказаў Ганьжын.

Фота: Пётр Іваноў для «Вот Так»

Пад канец канцэрту людзі, якія грэліся ў найбліжэйшым кафэ, выйшлі, каб падтрымаць выступленні ваенных аркестраў апладысментамі. Кадэты і праўладныя актывісты, пакідаючы парк, напоўнілі сметніцы ўсё тымі ж сцяжкамі з літарай Z. хтосьці нават раскідаў іх па тратуары – людзі ішлі проста па іх, але гэта, здаецца, нікога не бянтэжыла.

Пётр Іваноў для «Вот Так» /ІР

Стужка навінаў