«Гэта не азначае, што прафсаюзаў не стала». Размаўляем з сябрам рады СПБ Дзянісам Садоўскім


Лукашэнка баіцца страйкаў і таму хоча закрыць – ува ўсіх сэнсах – свабодныя прафсаюзы? Як патлумачыць атаку на беларускія незалежныя прафсаюзы за два тыдні да Свята працы 1 траўня і як працаваць ва ўмовах, калі ўжо сяброўства ў недзяржаўнай прафсаюзнай арганізацыі трактуецца як злачынства? Паразмаўлялі пра гэта з сябрам рады Свабоднага прафсаюзу беларускага (СПБ) Дзянісам Садоўскім.

Дзяніс Садоўскі падчас антыдармаедскіх пратэстаў у 2017 годзе.
Фота: svaboda.org

«Ціск на незалежныя прафсаюзы працягваўся ўвесь час іх існавання, але найбольш узмацніўся пасля 2020 года, а пік рэпрэсіяў прыпаў на 2022 год. Мне падаецца, ён наўпрост звязаны з нарадай Лукашэнкі 18 красавіка. Не так шмат арганізацыяў заставалася на той момант – грамадскі сектар і дваровыя ініцыятывы ўжо зачышчаныя. Заставаліся прафсаюзы, якія працуюць легальна, і палітычныя партыі. Ну вось, пачалі з прафсаюзаў…» – кажа Дзяніс Садоўскі.

«Белсат»: Што вядома пра затрыманых?

Дзяніс Садоўскі: Вядома мала што, бо да затрыманых не пускалі адвакатаў. Агулам было затрымана каля 20 чалавек, частку людзей потым вызвалілі пад падпіску аб нераспаўсюдзе інфармацыі. Ведаем на сёння (27 красавіка), што абвінавачванняў ім не выставілі, але працягнулі тэрмін затрымання на 10 дзён. Так што 29 красавіка іх або вызваляць, або выставяць ім абвінавачванні (стала вядома толькі пра вызваленне з-пад варты Мікалая Шараха, ён праходзіць як падазраваны ў справе па ч.1 арт. 342 КК – заўв. ЗК).

Будзе абвешчаная кампанія салідарнасці

– Што менавіта ім могуць выставіць?

– Цяжка сказаць. Мы ж ведаем, што прыдумаць яны могуць што заўгодна. Мы на сёння не валодаем інфармацыяй, што ім могуць выставіць і ці выставяць наагул. Але фантазія ў так званых сілавікоў небагатая. Гэта могуць быць нейкія эканамічныя парушэнні ці ўдзел у маршы, ці яшчэ што. Не будзем лепш варажыць, будзем спадзявацца на лепшае.

Hавiны
Над старшынёй незалежнага прафсаюзу «Нафтан» прайшоў пяты суд. Яна застанецца за кратамі 75 содняў
2022.04.28 09:19

– Якім чынам цяпер можам падтрымаць незалежныя прафсаюзы?

– Калі затрыманыя прафсаюзныя лідары і актывісты не выйдуць на волю, будзе абвешчаная кампанія салідарнасці. Будзем заклікаць пісаць лісты і падтрымліваць сем’і. Гэта будзе вельмі важна. Ну і таксама важна, каб людзі, якія лічацца сябрамі дзяржаўных прафсаюзаў, выходзілі з гэтых арганізацыяў, не фінансавалі іх і, па магчымасці, далучаліся (бот у «Тэлеграме»: @ProfOtvetBot) да незалежных прафсаюзаў.

Даведка
Паводле «Вясны», за кратамі СІЗА КДБ утрымліваліся пасля затрымання 7 лідараў незалежных прафсаюзаў: Аляксандр Ярашук, Генадзь Фядыніч, Аляксей Еўдакімчык, Сяргей Антусевіч, Мікалай Шарах, Вацлаў Арэшка і Васіль Бераснеў. Дакладна вядома пра затрыманне яшчэ 7 актывістаў, у тым ліку старшыні СПМ Аляксандра Бухвостава. Яшчэ 7 асобаў пасля допыту выйшлі на волю пад падпіску аб нераспаўсюдзе інфармацыі. 27 красавіка на 15 содняў пяты раз запар асудзілі кіраўніцу незалежнага прафсаюзу «Нафтану» Вольгу Брыцікаву.

– Дзяржаўныя прафсаюзы неяк адрэагавалі на рэпрэсіі ў дачыненні калегаў з недзяржаўнага сектару?

– Яны нас не лічаць калегамі, называюць нас «антыдзяржаўнымі арганізацыямі». З імі сутыкаемся толькі на нейкіх міжнародных канферэнцыях. Але тут усё відавочна: дзяржаўны прафсаюз – гэта дзяржаўны орган, дадатковы орган кантролю над працоўнымі, які ажыццяўляе на месцах зусім не тыя функцыі, якія на яго ўскладзеныя, а збольшага рэпрэсіўныя. Гэта антыпрафсаюзы.

Ці ўжывуць «выключную меру пакарання» – артыкул 33?

– Як будзеце адзначаць Дзень працы?

– Ведаеце, зараз не да святаў. Час такі. Мы працягваем сваю працу ў Беларусі і маем пакуль што магчымасць працаваць легальна. І на месцах робім усё, што можам. А наконт свята, то ўздымаем вялікую хвалю салідарнасці з затрыманымі прафсаюзнымі лідарамі і актывістамі на міжнародным узроўні. Пройдуць акцыі ў Берліне, Варшаве, у іншых гарадах. Будзем патрабаваць неадкладнага вызвалення прафсаюзных актывістаў і лідараў. Плануем правесці акцыі салідарнасці і пасля 1 траўня.

Удзельнікі акцыі ў Варшаве. 29 траўня 2021 г.
Фота: СФ / Белсат

Міжнародная арганізацыя працы (МАП) ужо паінфармаваная і выступіла з адпаведнай заявай. Гэта галоўная міжнародная арганізацыя для абароны правоў працоўных. То бок на міжнародным узроўні праца вядзецца. І мы ў гэтай сітуацыі будзем рабіць усё, што можам.

– У МАП ёсць якія-небудзь інструменты ціску на Беларусь, апроч заяваў?

– Натуральна. Пытанне Беларусі ў сувязі з парушэннямі правоў працоўных стаіць на парадку дня МАП з 2002 года. Але сітуацыі дайшла да такой кропкі, што ўжо гаворыцца пра ўвядзенне параграфу 33 МАП у дачыненні РБ. Гэта свайго кшталту «выключная мера пакарання» з боку арганізацыі. За 102 гады існавання арганізацыі параграф 33 ужывалі толькі аднойчы – супраць Мʼянмы ў 2011 годзе, і гэтая краіна апынулася тады ў эканамічнай блакадзе.

Цяпер яго могуць ужыць да Беларусі. Думаю, у сітуацыі, якая склалася, пагроза яго ўвядзення становіцца ўсё больш рэалістычнай. І беларускія ўлады павінны разумець, да чаго гэта можа прывесці. Выбар за імі. Бо МАП вельмі наблізіўся да прыняцця такога рашэння.

Даведка
Артыкул 33 Статуту МАП «Невыкананне рэкамендацыяў камісіі для расследавання або Міжнароднага суда»: «Калі які-небудзь сябра Арганізацыі не выканае ў вызначаны тэрмін рэкамендацыяў, якія могуць утрымлівацца ў спавешчанні камісіі або ў рашэнні Міжнароднага суда, Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць Канферэнцыі такія дзеянні, якія яна палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацыяў».

– Ці можаце назваць агульную колькасць сябраў незалежных прафсаюзаў у Беларусі?

– Дакладную лічбу не назаву. Магу толькі сказаць, што ў 2020 годзе колькасць сябраў павялічылася ў 4, а можа, і ў 5 разоў. Людзі тады актыўна шукалі нейкія цэнтры, каб абʼяднацца, салідарызавацца. Пазней, з прычыны рэпрэсіяў, быў адток. Не ведаю, можа 10–15 % выйшлі. Але гэта не азначае, што прафсаюзаў раптам не стала. Аднак, безумоўна, гэтыя рэпрэсіі перашкаджалі росту і магчымасці нармальна працаваць.

Калі казаць пра Свабодны прафсаюз беларускі, то ў яго складзе зараз больш за 3 тысячы прафсаюзных сябраў. Апроч СПБ, дзеюць яшчэ тры незалежныя прафсаюзы: Беларускі прафсаюз працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП), Беларускі незалежны прафсаюз (БНП) і Свабодны прафсаюз металістаў (СПМ). Яны абʼяднаныя ў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) – арганізацыю, якая прадстаўляе іх інтарэсы на міжнародным узроўні.

«Перамагчы ў судзе стала немагчыма»

– Дык як працаваць у сённяшніх умовах? Ці маеце кантакт з «пяршоўкамі» і шараговымі сябрамі?

– Проста працягваем працаваць. Пакуль прафсаюзы не ліквідаваныя, і я вельмі спадзяюся, што такога не адбудзецца, хоць і прагназуем розныя варыянты. Так што ў легальным рэчышчы. Ствараюцца ячэйкі, людзі збіраюцца, абмяркоўваюць пытанні, калі што – звяртаюцца да прафсаюзнага юрыста, праводзяцца агульныя сходы, адукацыйныя семінары.

Працоўныя ААТ «Горадня Азот» на сустрэчы з адміністрацыяй.
Фота: belsat.eu

Іншая рэч, што калі да 2020 года нам удавалася адстойваць правы працоўных праз суды, то пасля 2020-га, калі стала «не да законаў», сітуацыя, мякка кажучы, пагоршылася. Перамагчы ў судзе, нават калі закон цалкам на тваім баку, стала практычна немагчыма. То бок паўстала пытанне рэальнай абароны працоўных.

– Кажаце пра «легальнае рэчышча», але прафсаюз РЭП ужо прызналі экстрэмісцкім фармаваннем…

– Так, зусім нядаўна, і мы пакуль разбіраемся, як дзеяць у гэтых умовах: прызнаны экстрэмісцкім, але не ліквідаваны. Сітуацыя была трохі падвешаная. Глядзім, што будзе далей, а тады будзем вырашаць.

– Стан працаўнікоў пагаршаецца? Аднак жа статыстычны камітэт сцвярджае, што сярэдні заробак у краіне складае цяпер 1602 рублі…

– Не ведаю, ці гэта рэальна. Але агульная заклапочанасць цяпер: цэны растуць, а заробкі – не. Чалавек за свой заробак можа купіць значна менш, чым гэта было нават да 24 лютага, да вайны. Сітуацыя з заробкамі значна пагоршылася. Працягваюцца таксама звальненні, звязаныя ў тым ліку з тым, што прадпрыемствы не могуць функцыянаваць нармальна. Людзей адпраўляюць у адпачынкі без аплаты, а кагосьці проста звальняюць. Гэтыя факты мы фіксуем. Так што эканамічная сітуацыя ў краіне і стан працоўных усё горшыя і горшыя.

«Раскіданыя па ўсім свеце…»

– Ці часта звяртаюцца людзі па дапамогу і з якімі пытаннямі?

– Пытанні вельмі шырокага спектру. Пачынаючы ад вузкапрацоўных – чалавек хоча звольніцца, а яго не звальняюць, ці наадварот і г. д. Або пытанні, звязаныя з калектыўнай дамовай. Але часта звяртаюцца да юрыстаў і ў нейкіх агульных пытаннях – наконт спадчыны, выплаты аліментаў і г. д. То бок мы кансультуем не толькі ў нейкіх вузкапрафесійных пытаннях, але і ў агульных справах.

– Ці могуць сябры прафсаюзаў, якія выехалі з Беларусі, разлічваць на дапамогу?

– Мы з усімі падтрымліваем кантакты. Сябры, якія зʼехалі з радзімы, удзельнічаюць у паседжаннях у онлайн-фармаце. Калі казаць пра СПБ, то сябры прафсаюзу сапраўды раскіданыя па ўсім свеце, частка цяпер ва Украіне, частка – у Польшчы, Літве, Нямеччыне. Некаторых актывістаў, найперш студэнтаў, якім пагражаў арышт ці адпраўка ў войска, мы накіравалі на адукацыйную праграму, якая рэалізуецца ў Нямеччыне.

Кантактуем і сувязі не губляем. Дапамагаем, чым можам. Шмат беларусаў зʼехала і, напэўна, мала каму лёгка. Як тут, так і там.

Hавiны
У Беларусі прыпынілі дзейнасць незалежнага прафсаюзу «Горадня Азот»
2022.04.27 20:39

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў