Суд над Севярынцам будзе закрытым нават для родных


Арганізатар пратэсту Павел Севярынец. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

У Магілёве 12 траўня мае пачацца суд на сустаршынёй Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўлам Севярынцам і прадстаўнікамі «Еўрапейскай Беларусі». Працэс над імі будзе закрытым.

«Суд на Паўлам і «Еўрапейскай Беларуссю» будзе закрытым, нават для родных. Шкада, нічога не даведаемся пра іх сенсацыйнае расследаванне, а можа проста там справа ні аб чым і сорамна, каб гэта проста нехта пабачыў», – паведаміла ў Facebook жонка сустаршыні БХД Вольга Севярынец.

Яна таксама адзначыла, што палітыка пачалі пераводзіць з менскага СІЗА-1 у Магілёў 23 красавіка.

«Везлі цягніком у сталыпінскім вагоне ўсю ноч з рукамі ў кайданках. Каля 8 раніцы даставілі ў магілёўскае СІЗА, а пасля цэлы дзень пратрымалі ў стакане, толькі пад вечар перавёўшы ў камеру. Большасць рэчаў і ўсе лісты, якія даслалі людзі (каля 2 тысяч), яму прыйшлося пакінуць на Валадарцы, бо з рукамі ў кайданках перавезці іх было немагчыма. Аддаць рэчы сям’і не дазволілі, у выніку, хутчэй за ўсё, іх проста выкінулі», – заявіла Вольга Севярынец.

Павел Севярынец знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020 года. Разам з ім будуць судзіць Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Змітра Казлова, Максіма Вінярскага, Андрэя Войніча. Іх усіх вінавацяць у масавых беспарадках.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў