«Я зразумеў, што перажывалі падчас сталінскіх рэпрэсіяў у 30-х гадах». Ксёндз з Лынтупаў правёў 6 дзён за кратамі


Пробашча каталіцкай парафіі ў Лынтупах (Віцебская вобласць) абвінавацілі ў «незаконным пікетаванні» і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Падставай для арышту стала фота ў сацыяльнай сетцы. Ксёндз Аляксандр размясціў на аватарцы сцяг Украіны і бел-чырвона-белы сцяг 24 лютага – у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны. На святара адразу склалі пратакол за «незаконнае пікетаванне» паводле арт. 24.23 КаАП, паведамляе партал Katolik.life.

Крыніца: сток / аўтар Hédi Benyounes

«Гэта быў як гром з яснага неба – мяне запрасілі ў міліцыю проста пагаварыць. Я ішоў, нават не ўяўляючы, чаго ад мяне хочуць. А аказалася, што ў іх ужо ўсё было гатовае да майго арышту: ляжалі стосы папераў, нейкія дакументы».

Ксёндз Аляксандр тлумачыць, што для яго, як і для многіх іншых хрысціянаў, бел-чырвона-белы сцяг – гэта знак Хрыста ўваскрэслага, які нясе мір. Сцяг Украіны ён размясціў, бо служыў у гэтай краіне і мае там сяброў і сваякоў. Такім чынам ксёндз хацеў паказаць, што памятае і любіць іх.

Пробашча адразу па наведванні міліцэйскага пастарунку затрымалі і адправілі за краты. У выніку ў ізалятары ён правёў 6 дзён. Міліцэйскія ўлады дазволілі перадаць святару акуляры і рэлігійныя кнігі. Аднак ксёндз Аляксандр адзначае, што стаўленне да яго было надзвычай дрэнным:

Турма ў Баранавічах. Студзень 2021 г.
Фота: ТК / Белсат

«Умовы ў ізалятары – як у сярэднявеччы. Да таго, як да мяне дапусцілі адваката, стаўленне да мяне было хамскім. Я зразумеў, што перажывалі святары падчас сталінскіх рэпрэсіяў у 1930-х гадах, калі іх гэтак жа кідалі за краты».

Калі прайшло трое содняў пасля затрымання, паводле закону святара мусілі або судзіць, або вызваліць. Але на яго склалі новы пратакол – і такім чынам змаглі падоўжыць арышт яшчэ на тры дні. На гэты раз абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле артыкулу 19.11 КаАП. На старонцы святара знайшлі «лайкі» за 2020 год пад публікацыямі інфармацыйных каналаў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі». Святар імкнуўся патлумачыць супрацоўнікам міліцыі незаконнасць іхных дзеянняў:

«Сотні тысяч беларусаў у той час ставілі такія ж «лайкі» – атрымліваецца, іх усіх таксама трэба судзіць? Чаму святар не можа цікавіцца падзеямі ў краіне і свеце, чэрпаць інфармацыю з розных крыніцаў? Але яны гэтага не ўспрымалі».

Ксёндз Аляксандр выказаў думку, што такімі дзеяннямі спрабуюць дыскрэдытаваць святароў, якія маюць аўтарытэт сярод вернікаў.

Hавiны
У Лынтупах затрымалі ксяндза
2022.03.27 12:54

Суд над святаром паводле двух пратаколаў прызначаны на 4 красавіка. Ён пройдзе аб 11:00 у Паставах. Ксёндз Аляксандр просіць малітвы і адзначае, што многія вернікі падтрымліваюць яго, спачуваюць і аб’ядноўваюцца ў малітве.

Нагадаем, праз суд за «экстрэмізм» святару з Паставаў прыйшлося выехаць з Беларусі, а раней у Магілёве святар адседзеў трое содняў і атрымаў штраф за налепку «Украіна, даруй».

 

ХЗ belsat.eu

Стужка навінаў