У расейскім Белгарадзе гарыць нафтабаза. Мясцовыя ўлады вінавацяць украінскія шрубалёты


У ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка адбыўся пажар на нафтабазе ў расейскім Белгарадзе, што месціцца на мяжы з Украінай. Пра здарэнне паведаміў мясцовы губернатар Вячаслаў Гладкоў.

Паводле чыноўніка, у выніку пажару пацярпелі два працаўнікі нафтабазы. З суседніх вуліцаў на час ліквідацыі ўзгарання рассяляюць жыхароў.

«Пажар на нафтабазе адбыўся з прычыны авіяўдару з двух шрубалётаў Збройных сілаў Украіны, якія зайшлі на тэрыторыю Расеі на нізкай вышыні», – заявіў губернатар.

Афіцыйных заяваў ад украінскага боку пакуль не было. Выданне УНІАН адзначае, што на відэа, якія зʼяўляюцца ў сетках, бачны верталёт Ка-52, якіх няма на ўзбраенні ЗСУ.

У сваю чаргу тэлеграм-канал «Злой одессит» падкрэслівае, што «Украіна не магла б адправіць свае ўдарныя верталёты ў Расею з той прычыны, што ім давялося б праляцець дзясяткі кіламетраў у зоне дзеяння эшаланаванага СПА».

Гладкоў дадаў, што цяпер улады Белгараду займаюцца зменай лагістычных ланцужкоў транспартавання паліва на АЗС. Ён абяцае не дапусціць дэфіцыту паліва.

29 сакавіка здарыўся пажар на складзе ўзбраенняў пад Белгарадам, у выніку чаго адбыўся шэраг выбухаў. Прычынаю здарэння назвалі чалавечы фактар.

Hавiны
Каля расейскага Белгараду на мяжы з Украінай адбыліся выбухі
2022.03.30 00:13

ПС belsat.eu

Стужка навінаў