Санкцыі, банкі і правяранні. Што новага чакаць беларусам у красавіку


Не зважаючы на вайну ў суседняй Украіне, у якой па-ранейшаму бярэ актыўны ўдзел рэжым Лукашэнкі, у Беларусі працягваюць адбывацца свае змены. Мы сабралі навінкі, якія маюць адбыцца ў красавіку.

Калійныя санкцыі наступаюць

З 1 красавіка павінны запрацаваць санкцыі ЗША ў дачыненні Беларускай калійнай кампаніі (БКК), якая рэалізуе ўгнаенні «Беларуськалію». Фінансавае ведамства ЗША давала амерыканскім кампаніям час скончыць узаемадзеянне з БКК, яе даччынаю кампаніяй ва Украіне «Агроророзквит», а таксама з усімі кампаніямі, дзе БКК і «Агророророзквит» маюць долю больш за 50 %.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: kali.by

Санкцыі забараняюць толькі амерыканскім кампаніям супрацоўнічаць са згаданымі беларускімі дастаўцамі. Але ў рэчаіснасці гэтыя захады прыводзяць да таго, што кампаніям, якія трапілі ў санкцыйны спіс, складана карыстацца паслугамі доларавай фінансавай сістэмы. Такім чынам узнікае не прапісаны юрыдычна экстэрытарыяльных эфект. Пра сваю магчымую адмову супрацоўнічаць з БКК з красавіка раней ужо заявіла нарвежская кампанія «Yara».

У звязку з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўжо падпісаў сакрэтны ўказ аб экспарце калію, частка якога закрытая для службовага карыстання і не агучваецца. Таксама з 6 красавіка ўводзяць ліцэнзаванне на экспарт калійных угнаенняў. Цяпер гэтым змогуць займацца не толькі БКК і «Беларуськалій», якія трапілі пад санкцыі, але і іншыя юрыдычныя асобы. Але іх заяўкі ўсё роўна будзе разглядаць назіральны савет вытворцы калійных угнаенняў.

Таксама санкцыі, але меншыя

Агенцтва «Bloomberg» прыпыняе з 3 красавіка сваю дзейнасць у Расеі і Беларусі праз расейскае ваеннае ўварванне ва Украіну. Кліенты ў абедзвюх краінах будуць пазбаўленыя доступу да фінансавых прадуктаў, у тым ліку да навінавага тэрміналу і платформаў электроннага гандлю.

З 5 красавіка любыя страхавыя сертыфікаты «Зеленая карта», выдадзеныя расейскімі або беларускімі страхавымі кампаніямі, лічацца несапраўднымі ва Украіне, а транспартавыя сродкі пры ўмове адсутнасці адпаведнага ўкраінскага полісу абавязковага страхавання грамадзянска-прававой адказнасці – незастрахаваныя.

Здымак ілюстрацыйнага характару. Крыніца: grodno24.com

28 красавіка Спартовы арбітражны суд у Лазане разгледзіць пазоў Беларускага фонду спартовай салідарнасці да УЕФА на адмову правесці расследаванне па фактах парушэнняў у беларускім футболе. Юрысты фонду ўпэўненыя ў паспяховасці працэсу. БФСС вінаваціць беларускіх футбольных чыноўнікаў у карупцыі, дамоўных матчах, рэпрэсіях супраць футбалістаў і трэнераў ды іншых парушэннях.

Роўмінг адмяняецца

З 1 красавіка ўлады Расеі і Беларусі збіраюцца адмяніць плату за ўваходныя званкі ў роўмінгу паміж краінамі. Зрабіць гэта даручылі Міністэрству лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацыяў РФ ды Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Беларусі.

Характэрна, што роўмінг паміж краінамі адмяняюць ужо не першы год. Яшчэ ў ліпені 2017 года адпаведны законапраект унеслі ў Дзяржаўную думу РФ.

АЭС зноў спыняць

Міністэрства энергетыкі Беларусі ў канцы красавіка плануе чарговы раз спыніць БелАЭС. Для планава-папераджальнага рамонту, які працягнецца каля 80 дзён, кіраўніцтва станцыі мае намер адлучыць першы энергаблок і правесці першую перагрузку ядравага паліва.

Здымак ілюстрацыйнага характару. БелАЭС у Астравецкім раёне.
Фота: ВК / Белсат

Таксама ў красавіку плануюць унесці ў парламент законапраект аб рэгуляванні бяспекі выкарыстання атамнай энергіі. Прапануецца больш дакладна вызначыць парадак функцыянавання гэтай сістэмы, стварыць камісію ў справе ядравай і радыяцыйнай бяспекі ды заканадаўча замацаваць пул экспертаў, якія атрымалі допускі на выкананне розных працаў для ацэнкі ды экспертызы бяспекі.

А што банкі?

Нацыянальны банк з 1 красавіка з 17 % да 16 % зніжае нарматыў адлічэнняў банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў у фонд абавязковых рэзерваў ад прыцягнутых сродкаў у замежнай валюце. Як заявілі ў рэгулятары, такое «рашэнне накіраванае на забеспячэнне ўстойлівага функцыянавання банкаў з улікам негатыўнага ўплыву вонкавых фактараў, які працягваецца».

Пры гэтым, паводле неафіцыйнай інфармацыі, з пачатку красавіка могуць запрацаваць змены ў Закон аб гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асобаў. У выніку беларусы могуць пазбавіцца магчымасці абскардзіць адмову банкаў вяртаць уклады.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Між тым беларускі «Альфа-банк» плануе пачаць выпускаць у красавіку карткі «Белкарт-мир», якімі можна расплачвацца ў расейскіх сэрвісах.

«Кашмарыць» бізнес і няробцаў

Работнікі Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнту (ААЦ) у красавіку правераць кампанію «А1». Раней Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці «ацэнку дзеянняў» кампаніі ў Беларусі і «зрабіць самыя жорсткія захады». А Беларускі саюз журналістаў абвінаваціў кампанію ў датычнасці да злачынстваў супраць работнікаў дзяржаўных СМІ.

Таксама Савет Міністраў увёў змены ў аплаце за ЖКП для тых, хто з’ехаў з Беларусі. Цяпер тыя беларусы, якія не выплочваюць падаткаў на радзіме і якія выехалі за мяжу з 1 сакавіка 2022 года больш як на 30 дзён запар, будуць павінны ў поўным абʼёме аплочваць камунальныя паслугі на радзіме.

Аднак ёсць выключэнне: плата за некаторыя віды камунальных паслуг не спаганяецца, калі грамадзянін выехаў з краіны на тэрмін больш за 10 содняў запар на лячэнне або з некаторых іншых прычынаў. У гэтым выпадку трэба абавязкова папярэдне паведаміць камунальнікаў пра свае планы выехаць за межы краіны. Памежны камітэт будзе паведамляць у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны інфармацыю пра тых, хто выехаў з краіны на тэрмін больш за 30 дзён.

Арэндавая велічыня захаваецца

Базавая арэндавая велічыня ў красавіку застаецца ранейшай. Яе памер штогод устанаўліваецца Саветам Міністраў з улікам інфляцыі за папярэдні год і ўжываецца з 1 красавіка.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: pixabay.com

Сёлета яе памер захаваецца на ранейшым узроўні – Br 16,90.

Новыя стандарты

З 1 красавіка ў Беларусі ўвядуць стандарты на альтэрнатыўныя метады выпрабаванняў парфумерна-касметычнай прадукцыі. Яны датычаць вызначэння таксікалагічных паказнікаў гэтай прадукцыі без правядзення выпрабаванняў на лабараторных жывёлінах.

Таксама ўводзяць абноўлены стандарт на абутак. Ён распаўсюджваецца на паўсядзённы мужчынскі і жаночы абутак, дэталі верху якой вырабленыя з сінтэтычных і штучных скураў або іх камбінацыяў. У стандарце ўстаноўленыя віды і памеры абутку, тэхнічныя патрабаванні да яго і да матэрыялаў для яго вырабу.

Акрамя таго, з 1 красавіка 2022 года абавязковай сертыфікацыі будзе падлягаць нетытунёвая прадукцыя, якая змяшчае нікацін, у тым ліку – электронныя цыгарэты.

А ў органах Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў пачынае дзеяць сістэма онлайн-рэгістрацыі на агляд транспартавага сродку ў хадзе правядзення на платнай аснове экспертызы ідэнтыфікацыйных маркавальных пазначэнняў транспартавых сродкаў. Азнаёміцца з правіламі і парадкам рэгістрацыі, а таксама зарэгістравацца можна на афіцыйным сайце камітэту ў раздзеле пра платныя экспертызы.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Адкарэктаваныя з 1 красавіка і правілы пераўліку ФСАН. Цяпер звесткі аб прыёме і звальненні паводле формы ПУ-2 падаюцца пры прыёме на працу не пазней за 5 каляндарных дзён з дня прыёму, а пры звальненні з працы – не пазней за дзень звальнення.

Куды можна, а куды нельга

Усходнія авіякампаніі лятаць у Беларусь пакуль не будуць. Так, «Flydubai» пацвердзіў адмену рэйсаў у Менск да 1 траўня, а «Turkish Airlines» адмянілі ранішнія рэйсы TK-284/283 са Стамбулу ў Менск і назад да 9 красавіка, вячэрнія TK-286/285 – да 11 красавіка. Таксама і расейскі «Аэрафлот» не будзе выконваць рэйсаў SU-1835/1834 з «Шарамецьева» ў Менск і назад да 22 красавіка.

Затое «Белавія» з 2 красавіка аднаўляе чартарныя рэйсы ў Акабу (Іярданія). Таксама кампанія з 15 красавіка адновіць рэйсы ў Калінінград. З’явяцца і рэйсы ў Екацярынбург ды Казань. Рэйс Менск – Казань – Менск будзе выконвацца з 9 красавіка ў суботы, з 12 красавіка – яшчэ і ў аўторкі. А рэйс Менск – Екацярынбург – Менск запланаваны з 11 красавіка ў панядзелкі, а з 14 красавіка – таксама ў чацвяргі.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: belavia.by

Нагадаем, што палёты ў Еўропу для беларусаў пасля пасадкі рэйсу «Ryanair» закрытыя. Засталіся толькі рэйсы ў Алматы, Ашгабад, Баку, Батумі, Дубай, Екацярынбург, Ерэван, Казань, Краснадар, Кутаісі, Маскву, Нур-Султан, Санкт-Пецярбург, Сочы, Стамбул, Ташкент, Тбілісі, Тэль-Авіў і Хух-Хота.

Час заехаць у Беларусь

Да 15 красавіка ў Беларусь будуць пускаць без візаў усіх, хто едзе з Украіны, у тым ліку грамадзянаў іншых краінаў. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які дазволіў войскам Расеі атакаваць Украіну са сваёй тэрыторыі, гэтак «дапамагае» тым, хто спрабуе пакінуць зону баявых дзеянняў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, значная частка такіх мігрантаў ідзе праз Беларусь транзітам у краіны ЕЗ.

Змены для перавознікаў

З 15 красавіка змены чакаюць і міжнародных аўтаперавознікаў грузаў. Цяпер дазволы на праезд па тэрыторыі замежных дзяржаваў будуць выдавацца тым, хто зарэгістраваны ў АІС «Дазвол».

Таксама міжнародным аўтаперавознікам трэба будзе падаваць аналагічныя дакументы для атрымання дазволаў на праезд як па тэрыторыі некалькіх замежных дзяржаваў, так і па тэрыторыі адной краіны.

Репортаж с польско-белорусской границы, пограничный контроль, проверка, грузовик, пограничный пункт Бобровники на границе с Польшей, транспортный контроль, дальнобойщики, большегрузы
Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Перавознік будзе абавязаны падаваць у транспартавую інспекцыю змененыя дакументы і звесткі на працягу 10 каляндарных дзён з моманту наступлення такіх зменаў. Транспартавая інспекцыя павінна будзе аналізаваць звесткі ў дакументах (у тым ліку на падставе інфармацыі ад органаў дзяржаўнага кіравання) і фактычнае выкарыстанне перавознікам дазволаў.

Мыты растуць

Беларусь з 1 красавіка павышае экспартавыя мыты на нафту і нафтапрадукты.

Стаўкі экспартавых мытаў на сырую нафту, мазут, бітум, вазелін і парафін, адпрацаваныя нафтапрадукты складуць $ 61,2 за 1 т (раней – $ 58,3), прастагонны бензін – $ 33,6 за 1 т (раней – $ 32), таварныя бензіны, дызельнае паліва, лёгкія, сярэднія дыстыляты, бензол, талуол, ксілолы, алівы змазачныя – $ 18,3 за 1 т (раней – $ 17,4).

Вялікдзень

Таксама ў красавіку беларускія вернікі будуць адзначаць Вялікдзень. Каталікі і пратэстанты – 17 красавіка, праваслаўныя – 24-га. У юдэяў Пэйсах пачнецца 15 красавіка і скончыцца 23-га.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Хрысціяне ў Вялікдзень згадваюць уваскрашэнне Хрыста, што ёсць у тым ліку знакам перамогі жыцця над смерцю, юдэі – вызваленне абранага народу з егіпецкага рабства.

ПС/ІР belsat.eu

Стужка навінаў