Падрабязнасці справы дасюль не вядомыя: журналіст Генадзь Мажэйка – паўгода ў СІЗА


Журналіст «Комсомольскай правды» Генадзь Мажэйка – за кратамі паўгода. Яго затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка 2021 году. У віну журналісту ставяць два артыкулы Крымінальнага кодэксу: «Распальванне сацыяльнай варожасці» (арт. 130 КК РБ) і «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК). Журналісту можа пагражаць 5–12 гадоў зняволення.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Геннадий Можейко / VK

Нагодаю для затрымання стаўся невялікі артыкул журналіста, прысвечаны страляніне ў кватэры IT-адмыслоўца Андрэя Зельцара і ягонай гібелі разам з супрацоўнікам КДБ Дзмітрыем Федасюком. Матэрыял выйшаў у канцы верасня на сайце «Комсомольскай правды в Беларуси», у ім Вера Салаўёва, аднакласніца Андрэя Зельцара, добра выказалася пра забітага.

Дасюль дакладна не вядомыя ўсе акалічнасці затрымання Мажэйкі. Беларускія сілавікі сцвярджаюць, што затрымалі журналіста ў Менску, па прылёце з Масквы. Паводле неафіцыйнай версіі, гэта адбылося ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева», адкуль Мажэйка спрабаваў вылецець у Варшаву. Паводле галоўнага рэдактара «КП», расейскія спецслужбы прымусілі Генадзя вярнуцца з Масквы ў Менск, дзе яго арыштаваў КДБ.

Пасля затрымання Генадзя Мажэйку змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна ў Менску. Але гэтым не абышлося: 29 верасня заблакавалі сайт «Комсомольской правды». У Міністэрстве інфармацыі спаслаліся на тое, што газета апублікавала тэкст, які «спрыяе фармаванню крыніцаў пагрозы нацыянальнай бяспецы, што палягае на штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве, паміж грамадствам і дзяржавай».

Аналітыка
«Справа Зельцара»: дзве смерці, катаванні і заклік да тэрору. Што стала вядома за месяц
2021.10.28 16:00

4 кастрычніка прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў: Крэмль апавясціў Лукашэнку, што выступае супраць блакавання сайту «КП» на беларускай тэрыторыі, бо гэта пярэчыць прынцыпу свабоды СМІ. Але беларускі бок не пачуў пазіцыі Масквы: афіцыйны Менск заявіў, што «Комсомольская правда в Беларуси» – беларускае выданне, таму каментаванне гэтай справы ёсць вонкавым ціскам. У выніку 5 кастрычніка маскоўскае кіраўніцтва «КП» абвесціла закрыццё свайго прадстаўніцтва ў Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

11 кастрычніка Генадзю Мажэйку выставілі абвінавачанні ў распальванні сацыяльнай варажнечы (арт. 130 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369). Да яго ў Жодзінскае СІЗА не пускалі адваката, спасылаючыся на каранцін, а таксама не прымалі перадачаў. Паўтара месяца з ім наагул не было ніякай сувязі. Раней маці журналіста Ірына Мажэйка распавядала «Белсату», што ў Жодзіне Генадзь спачатку сядзеў у камеры на 16 асобаў, там было вельмі горача. Яго часта перакідвалі з камеры ў камеру. Праз паўтара месяца яго перавялі ў камеру на 6 месцаў, знялі некаторыя абмежаванні, з’явілася магчымасць карыстацца крамай, адпачываць.

У канцы снежня 2021-га Генадзя перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага ў Менску. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем.

«У ноч на каталіцкія Каляды мяне этапавалі ў Менск. Працэс гэты – адзін у адзін як у серыялах пра бандытаў. У Менску весялей, «зручней у побыце». У нас ёсць целік і чалавечы ўнітаз. Так што мы цэлы дзень глядзім пра музыку, фільмы-серыялы і, вядома, навіны… Пачаў чытаць кніжкі пра маркетынг. Усяляк лепш, чым кніжкі пра бандытаў і злодзеяў. Агулам – камандзіроўка мая працягваецца. Назіраем далей…» (урывак з ліста)

Следчых дзеянняў у дачыненні Генадзя ніякіх не было і няма. Толькі размова, прычым адзін раз са следчым у прысутнасці адваката пасля затрымання. Ніякіх падрабязнасцяў у ягонай справе і расследаванні не вядома дасюль. Сувязь з Генадзем падтрымліваецца пераважна праз адваката, які пад падпіскаю пра неразгалашэнне.

Родныя адзначаюць, што за кратамі Генадзь вельмі перажывае за сваякоў, сяброў, калегаў, якія засталіся ў Беларусі. Настрой у самога больш-менш бадзёры. Пачаў аднаўляць сваю англійскую мову, думае над напісаннем кнігі пра сваю гісторыю. Адчувае інфармацыйны голад, вельмі не стае інфармацыі ды навінаў.

Генадзь Мажэйка.
Фота: Gennadiy Mojeiko / Facebook

У лістах да родных і сяброў Генадзь стараецца ўсіх падтрымліваць, піша, што нічога страшнага не адбылося. Не скардзіцца ні на здароўе, ні на ўмовы ўтрымання. Не прызнае ніякай віны ні ў чым. Шмат жартуе. Лісты ідуць да яго вельмі нерэгулярна, ад сяброў і былых калег найчасцей зусім не прыходзяць.

У апошніх лістах на волю Генадзь перажываў, што на фоне вайны «Комсомольская правда» яго прызабыла, ён пачаў пачувацца «закінутым», быццам застаўся «на ўзбочыне жыцця»:

«Здаецца, што я за мурамі ўжо сто гадоў, хоць па факце я толькі перазімаваў. Канца-краю пакуль гэтаму ўсяму не відаць, і гэта засмучае. Але нічога, стараюся не сумаваць. Яшчэ не стае навінаў з таго боку. Я гляджу навіны праз тэлевізар, чытаю «СБ», яшчэ выпісаў «Белорусы и рынок». Раз на тыдзень нешта распавядае адвакат. Але маіх інфапатрэбаў гэта, вядома, не закрывае. Яшчэ адчуваецца некаторае астуджэнне падтрымання звонку. Але гэта і зразумела: па той бок муроў жыццё ідзе сваім парадкам, дый інфапарадак цяпер ссунуўся на вайну. Спадзяюся, на волі мяне не забудуць».

Дасылаць лісты Генадзю Мажэйку можна на адрас: СІЗА № 1, вул. Валадарскага, 2, 220030, г. Менск.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў