«Вы – гераіні». Сёстрам прысудзілі калонію, бо схапілі міліцыянтаў «у вобласці локцевага сустава»


Вікторыя і Настасся Міронцавы.
Фота: Tut.by

У Менску 1 красавіка завяршыўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволеных сясцёр Міронцавых.

Вікторыі Міронцавай прысудзілі 2,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, а ейнай сястры Настассі – 2 гады. Трэцяя сястра пакінула краіну. Пытанні матэрыяльнай кампенсацыі «Менсктрансу» будзе развязваць грамадзянскі суд.

Калі дзеўчын выводзілі з залы суда, яны паказвалі прысутным сімвал перамогі. Маці асуджаных назвала сваіх дачок гераінямі.

«Вы – гераіні», – адзначыла яна.

Маці Вікторыі і Настассі Міронцавых у судзе.
Фота: Белсат

За што судзілі сясцёр

26-гадовая Вікторыя з адукацыі – мастачка-настаўніца, да затрымання працавала барменкаю. Ейная 24-гадовая сястра Настасся – студэнтка шостага курсу Акадэміі мастацтваў.

Настассю і Вікторыю Міронцавых затрымалі ў сярэдзіне кастрычніка. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязнямі.

Паводле абвінавачвання, Настасся ўвечары 10 жніўня была ў групе грамадзянаў, якія выкрыквалі лозунгі і гучна пляскалі ў далоні, на патрабаванні сілавікоў не рэагавалі. Гэта, паводле следства, прывяло да працяглага парушэння грамадскага спакою, блакавання грамадскага ды іншага транспарту, перашкаджала працы «Менсктрансу», а таксама выкананню службовых абавязкаў сілавікамі. За гэта дзяўчыне выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады»).

Пацярпелыя ад сясцёр Міронцавых.
Фота: Tut.by

Таксама яе вінавацяць паводле арт. 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў») у тым, што яна «не менш за адзін раз схапілася за правую руку (працаўніка Цімафеева) ў вобласці локцевага сустава».

Абвінавачанні Вікторыі выстаўленыя паводле трох крымінальных артыкулаў. Першае – паводле ч. 1 арт. 342 КК. Паводле следства, 14 ліпеня яна з іншымі людзьмі выкрыквала лозунгі, гучна пляскала ў далоні, на просьбу міліцыянтаў не рэагавала. Вікторыя нібыта «аказвала псіхалагічнае і фізічнае ўздзеянне на працаўнікоў АМАПу», была ў счэпцы локцямі.

У гэты ж вечар яна нібыта супраціўлялася работнікам унутраных справаў: упіралася нагамі ў зямлю, а таксама здзяйсняла дзеянні ў тым ліку для вызвалення ад захопу амапаўцамі. У сувязі з гэтым ёй выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 363 КК («Супраціў работніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак»).

Hавiны
Сяброўка – пра Аляксандру Патрасаеву, якой пагражае да 8 гадоў: Яна гэтага не вытрымае
2021.04.01 08:30

Трэці артыкул датычыць падзеяў 10 жніўня. Увечары дзяўчына «на праезнай частцы аўтамабільнай дарогі» праспекту Пераможцаў «узяла актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Пры гэтым яна «аказала фізічнае і псіхалагічнае ўздзеянне на працаўнікоў АМАПу», «публічна выкрыквала правакацыйныя лозунгі». За гэта яе вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Акрамя таго, Вікторыя нібыта ўжыла гвалт «у дачыненні Кузняцова, які выявіўся ў тым, што не менш за раз схапіла ягоную правую руку ў вобласці локцевага сустава, парушыўшы цялесную недатыкальнасць, прычыніўшы названаму амапаўцу фізічны боль, а таксама забяспечыўшы неўстаноўленай асобе магчымасць пазбегнуць затрымання».

Дзяўчыны прызналі сваю віну толькі часткова. Пацярпелых на працэсе пяцёра. Усе – міліцыянты, іхныя звесткі змененыя. У судзе яны былі ў масках.

Hавiны
НАУ прэзентавала Канцэпцыю рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі
2021.04.01 10:37

МГ belsat.eu

Стужка навінаў