Сяброўка – пра Аляксандру Патрасаеву, якой пагражае да 8 гадоў: Яна гэтага не вытрымае


Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Менску працягнецца разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай. Гэта ўжо чацвёртае паседжанне. 21-гадовую дзяўчыну абвінавачваюць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Ёй пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 8 гадоў. Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка, бок абвінавачання прадстаўляў памочнік пракурора Маскоўскага раёну Фёдар Сініцкі. Аляксандра віны не прызнае.

«Белсат» паразмаўляў з Маргарытай, сяброўкай зняволенай, якая наведвае кожнае паседжанне. Дзяўчына кажа, што на суды збольшага ходзяць неабыякавыя людзі, якія даведаліся пра справу з інтэрнэту, затое старых знаёмцаў Аляксандры бачыць не часта.

«Мы трымаем з імі сувязь, але старыя знаёмыя на Сашыны суды не ходзяць. У кожнага свае прычыны. Яе прыходзілі падтрымліваць калегі. Характарыстыку з працы напісалі добрую, яна любіла сваю працу».

У судзе Маскоўскага раёну Менску працягнуўся разгляд справы Аляксандры Патрасаевай, дзяўчыны, якая ў ноч на 11 жніўня выйшла на вуліцу, каб даць медычную дапамогу пратэстантам, але была затрыманая.
Фота: Белсат

Маргарыта пазнаёмілася з Аляксандрай у 2017 годзе. Яшчэ да выбараў яны разам жылі ў адной кватэры з цёткай Маргарыты, аднак пасварыліся, і Маргарыта выехала, а Аляксандра засталася. Менавіта там Аляксандру і затрымалі 14 кастрычніка. Сяброўка не называе Аляксандру актывісткай і не ведае, ці галасавала яна на выбарах 9 жніўня і што падштурхнула яе паехаць 10 жніўня да ўніверсаму «Рыга» памагаць параненым. Пра палітыку дзяўчыны не размаўлялі.

Даведка

Аляксандру Патрасаеву затрымалі ў ноч з 10 на 11 жніўня на Інстытуце культуры. Дзяўчына ў той вечар дапамагала пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў у раёне ўніверсаму «Рыга». Тры дні яе трымалі ў ізалятары на Акрэсціна. Распавядала пра катаванні: збіццё, знявагі, абразы, пагрозы згвалтаваць. Паводле Аляксандры, яе прымушалі распранацца, уставаць на расцяжку, яе збівала жанчына. З Акрэсціна яна выйшла з перабітымі нагамі і парванымі звязкамі. Ёй накладвалі гіпс.

«Падзеяў 10 жніўня з Аляксандрай мы не абмяркоўвалі, у той дзень не сазвоньваліся. Яна ўжо адседзела паўгода ні за што. Гэта вельмі б’е па псіхіцы. Ніякіх намераў негатыўных яна не мела. Яна проста дапамагала. Не думаю, што яна шкадавала, што пайшла дапамагаць».

Маргарыта апісвае Аляксандру як далікатную, творчую асобу. Дзяўчына любіць маляваць, піша карціны. Вучылася ў каледжы на фатографа, але забрала дакументы праз канфлікты з адміністрацыяй. Маргарыта тлумачыць гэта тым, што Аляксандра не заўсёды вярталася ў інтэрнат своечасова.

Артыкулы
«Чалавека можна ўзяць каля пад’езду, і ён проста знікне». Родныя Марыі Несцеравай не ведаюць дакладна, чаму яе забралі
2021.03.19 07:00

Аляксандра распавядала Маргарыце і пра пагрозы гвалту, і пра кепскія ўмовы на Акрэсціна.

«Саша распавядала, што яе пагражалі вывезці ў лес і «пусціць па коле». У ізалятары з імі ў камеры была наглядчыца, яна вельмі кепска ставілася да дзяўчат, не дазваляла ім размаўляць, біла».

Ёсць праблемы і з поштай. Лісты да Аляксандры не даходзяць, на гэта яна скардзілася адвакату. Таксама не прыходзяць і лісты ад яе. Маргарыта кажа, што ніводнага паведамлення ад сяброўкі за гэтыя паўгода не атрымала.

У судзе Маскоўскага раёну Менску працягнуўся разгляд справы Аляксандры Патрасаевай, дзяўчыны, якая ў ноч на 11 жніўня выйшла на вуліцу, каб даць медычную дапамогу пратэстантам, але была затрыманая.
Фота: Белсат

Маргарыта адзначае, што псіхічны стан Аляксандры не найлепшы. Пасля другога затрымання дзяўчыне стала блага, і яе забралі ў шпіталь, а адтуль на экспертызу ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

«Яна была ў аддзяленні № 30 [пад апекай Міністэрства ўнутраных справаў і кіравання медычнай экспертызы і пракуратуры. – Заўв. belsat.eu]. Якія вынікі экспертызы, пакуль не вядома. Я спадзяюся, што ёй змякчаць рэжым. Ёй пагражае ад 3 да 8 гадоў. Я ведаю Сашу добра, і ведаю, што яна не вытрымае. Ніводны нармальны чалавек такога не вытрымае. Наколькі мне вядома, яшчэ ніводную жанчыну паводле гэтага артыкулу не судзілі. Артыкул няправільны, ёй проста яго ўляпілі. У той час бралі ўсіх, і ў іх была адна задача – пасадзіць».

Чурленскі дзіцячы сад – сярэдняя школа. Вёска Лыцавічы, Вялейскі раён, Беларусь. 16 сакавіка 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

21-гадовая Аляксандра Патрасаева нарадзілася ў Вялейскім раёне, у 6 гадоў яна стала круглаю сіратой, выхоўвалася ў Чурленскім вучэбна-педагагічным комплексе і жыла ў прыёмных сем’ях. Дзяўчына працавала ў Менску рэкламным агентам. Праваабаронцы прызналі Аляксандру палітзняволенай.

  • Дасюль самае суворае пакаранне для жанчын, якіх вінавацілі паводле палітычных справаў, – 2,5 года калоніі – вынеслі грамадзянцы Швейцарыі Наталлі Хершэ за тое, што яна сцягнула балаклаву з амапаўца.
  • Паводле праваабаронцаў, у Беларусі як мінімум 141 палітычна матываваная крымінальная справа, заведзеная супраць жанчын. Прынамсі 49 жанчын застаюцца за кратамі ці пад хатнім арыштам. Дзесяць з іх асудзілі на рэальныя тэрміны пазбаўлення волі, астатнія чакаюць судоў.
Гісторыі
Пагражалі згвалціць і перабілі ногі. 21-гадовай дзяўчыне, якую катавалі, пагражае да 8 гадоў за дапамогу параненым
2021.03.17 10:45

ДР belsat.eu

Стужка навінаў