НАУ прэзентавала Канцэпцыю рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі


Трэці дзень суда над журналісткамі «Белсату» Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай. Менск, Беларусь. 17 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення зацвердзіла Канцэпцыю рэабілітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Яна ахоплівае перыяд за ўвесь час кіравання Аляксандра Лукашэнкі – з 20 ліпеня 1994 года.

Дакумент прадугледжвае як неадкладнае вызваленне пасля сыходу Лукашэнкі тых, хто застаецца ў турмах і СІЗА паводле палітычных матываў, гэтак і дапамогу ды кампенсацыі іншым пацярпелым ад незаконных дзеянняў улады.

«На рэабілітацыю могуць разлічваць і тыя, супраць каго распачалі крымінальную або адміністратыўную справу з палітычнаю падаплёкай. Тыя, хто прайшоў праз катаванні і быў збіты. Тыя, каго звольнілі або выключылі з ВНУ за погляды і перакананні. Тыя, каго выслалі з краіны, у каго адабралі бізнес. Усе рэпрэсаваныя будуць цалкам адноўленыя ў сваіх правах, змогуць вярнуцца ў краіну, працягнуць працу і навучанне», – заяўляюць у НАУ.

Паводле канцэпцыі, ахвяры рэжыму атрымаюць матэрыяльную кампенсацыю, юрыдычную, псіхалагічную і медычную дапамогу. Зрабіць гэта плануецца з дапамогаю камісіі, у якую ўвойдуць паважаныя юрысты, эканамісты, праваабаронцы і грамадскія дзеячы, а таксама фонд, сфармаваны за кошт рэспубліканскага бюджэту, міжнароднага падтрымання, ахвяраванняў грамадзян і бізнесу, спагнанняў з вінаватых у рэпрэсіях.

НАУ заклікае пацярпелых «збіраць сведчанні незаконных дзеянняў дыктатуры ў адносінах да сябе і сваіх блізкіх, каб паскорыць працэс рэабілітацыі і прыцягнення вінаватых у рэпрэсіях да адказнасці».

Азнаёміцца з канцэпцыяй можна праз спасылку.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў