Мікалая Статкевіча ў вязніцы катуюць выступамі Лукашэнкі

Мікалай Статкевіч. Фота «Белсат»

Мікалай Статкевіч паведаміў у інтэрв’ю нямецкаму выданню «Deutsche Welle» пра ціск на сябе і сваё бачанне будучыні Беларусі.

Палітык, які ўжо больш за 10 месяцаў застаецца ў Жодзінскай турме № 8, выстаўленыя супраць сябе абвінавачанні называе трызненнем. На пытанне пра самаадчуванне заявіў, што «дыктатар не дачакаецца», але паведаміў пра спробы ціску.

«У чэрвені 2020 года, яшчэ падчас адміністратыўнага арышту, выкарыстоўваліся такія метады: пазбаўлялі сну, па 5–7 разоў за ноч забягаючы ў камеру і стукаючы дручкамі па метале, не вадзілі ў душ, пазбаўлялі перадачаў, шпацыраў, чытання. Былі і сілавыя сутыкненні», – адзначыў палітычны вязень.

Цяпер супраць Мікалая Статкевіча ў турме выкарыстоўваюць пераважна моцны гук:

«З рэпрадуктара круцяць запісы інтэрв’ю Лукашэнкі, пакаянні зняволеных, службовыя інструкцыі. Сіла гуку такая, што нават тэлевізара на максімальнай гучнасці не чуваць. Такое адбываецца толькі ў маёй камеры. Часам круцяць усю ноч, памяншаючы гучнасць, каб не перашкаджаць асуджаным у іншых камерах».

Палітык сумняецца, што «нелегітымны ў нашых вачах і ў вачах сусветнай супольнасці, эканамічна несамадастатковы рэжым зможа захаваць кантроль цягам доўгага часу». На ягоную думку, беларусы дасюль не перамаглі Лукашэнкі толькі таму, што таго падтрымлівае Крэмль.

Статкевіч прагназуе ўзмацненне ціску на грамадства, павольную дэградацыю эканомікі і непазбежныя перамены:

«У цэлым наш народ чакае выдатная будучыня, бо мы яе заслужылі».

Мікалаю Статкевічу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да канца траўня

Днямі жонка палітыка Марына Адамовіч паведаміла, што тэрмін утрымання пад вартаю Мікалая Статкевіча працягнулі да 29 траўня. Гэта значыць, што палітык будзе як мінімум адзін год пад арыштам без суда: яго арыштавалі 31 траўня 2020 года і вінавацяць у арганізацыі масавых закалотаў.

Паводле Марыны Адамовіч, Мікалай Статкевіч «у кожным лісце выказвае падтрыманне годным і смелым беларусам».

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны