«Карагодная справа» – адна з самых вялікіх палітычных справаў у Беларусі. Што трэба пра яе ведаць


13 верасня мінулага года ў Берасці адбывалася чарговая пратэставая акцыя. Людзі маршам прайшлі па праезнай частцы праспекту Машэрава ды спыніліся на яго скрыжаванні з бульварамі Касманаўтаў і Шаўчэнкі. Раптам некалькі соцень асобаў утварылі карагод. Была музыка, свята, нібыта карнавал – так згадваюць тыя падзеі відавочцы.

Разганяць карагод прыехаў вадамёт, ужыты ўпершыню падчас пратэстаў у Беларусі. З таго часу берасцейцы называюць гэтае скрыжаванне вадамётным, а распачатая пазней крымінальная справа стала звацца карагоднаю.

Праз некалькі тыдняў завялі крымінальную справу паводле артыкулу 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для яе сілавікі старанна падбіралі людзей: праглядалі камеры відэаназірання і матэрыялы журналістаў, затрымлівалі і апытвалі берасцейцаў. Лік падазраваных пайшоў на дзясяткі, мінімум 10 фігурантаў гэтай справы да сёння застаюцца ў СІЗА № 7, а пошук удзельнікаў тых падзеяў следчыя і міліцыя не спыняюць да сёння. Можна сказаць, што гэта адна з самых масавых крымінальных палітычных справаў у гісторыі Беларусі: у якасці абвінавачваных цяпер праходзяць больш за 70 асобаў.

Карагоды на пратэстах у Берасці.
Фота: Следчы камітэт

Што следчыя напісалі ў матэрыялах справы?

Следства сцвярджае, што «абвінавачваныя дзеялі ў групе з іншымі асобамі, якія на праезнай частцы гучна крычалі, свісталі, выкрыквалі лозунгі, пляскалі ў далоні, наўмысна бралі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і перашкаджалі нармальнай працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацыяў». Менавіта гэта зачытваюць у судзе дзяржаўныя абвінаваўцы. Прасцей кажучы, людзей судзяць за тое, што яны выйшлі на скрыжаванне, чым нібыта перашкодзілі працы грамадскага і асабістага транспарту.

Таксама праз гэта збіўся графік працы размешчаных паблізу гандлёвых аб’ектаў. Прастой тралейбусаў склаў больш за 29 гадзінаў, аўтобусаў – больш за 5 гадзінаў. Шкоду тралейбуснаму парку ацанілі на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму – на 40 рублёў 37 капеек. Маршрутныя таксі ехалі ў абʼезд, кіёскі зачыніліся раней, а рэстаран «KFC» не працаваў 37 хвілінаў.

Аднак большасць прадстаўнікоў гэтых прадпрыемстваў у судзе не мелі да пратэстоўцаў ніякіх прэтэнзіяў. Некаторыя з абвінавачваных добраахвотна сплацілі шкоду яшчэ да пачатку судовага разбору, але на прысуды гэта не паўплывала. Адзначым, што за ўдзел у тым пратэставым маршы некаторыя ўжо былі пакараныя ў межах адміністратыўнай справы.

Суд у «карагоднай справе» ў Берасці.
Фота: Belsat.eu

Людзі атрымоўваюць рэальныя тэрміны – ад калоніі да «хатняй хіміі»

На гэты момант суды адбыліся над двума дзясяткамі абвінавачваных, вынесеныя 18 выракаў. Працэс разглядае суд Ленінскага раёну Берасця. Прысуды першай дзясятцы вынес Святаслаў Каліна. 25-гадовая настаўніца замежных моваў Марына Глазава (першая ў гэтай справе апынулася ў СІЗА) і Яраслаў Ярашук атрымалі па 1,5 года «хатняй хіміі» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), 20-гадовая студэнтка філфаку БДУ Марына Сірэцан – год.

Яшчэ сямі ўдзельнікам працэсу прысудзілі звычайную «хімію» (абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу): Мікалаю Федарэнку, Яўгену Калпачыку, Аляксею Якубуку, Віктару Дзенісенку і Віталю Літвіну – па 1,5 года, Максіму Жараву і Вадзіму Варановічу – па 2.

Суд над другім дзясяткам вёў Дзмітрый Шурын. Ён прысудзіў калонію з агульным рэжымам тэрмінам на 1 год і 8 месяцаў Дзмітрыю Буневічу і 1,5 года Аляксею Арцецкаму. Два гады «хіміі» атрымалі Дзмітрый Абрамук і Павел Брух, 1,5 года «хіміі» – Аляксей Бараноўскі, Дзмітрый Качурка і Уладзімір Талатынік, а Генадзь Місюта – 1,5 года «хатняй хіміі». Пакуль невядома, якое пакаранне вынесуць Валянціне Жукоўскай і Сяргею Наліўку.

Неўзабаве адбудзецца працэс над трэцім дзясяткам, але пакуль даты паседжання не прызначылі. Будуць судзіць 12 асобаў, сярод якіх – вядомая на ўсю Беларусь пенсіянерка Алена Гнаўк.

Гісторыі
Алена Гнаўк: Калі б мне сказалі, Алена, калі ты выйдзеш, цябе заб’юць, я б усё роўна выйшла
2020.12.22 07:57

Алена Гнаўк: У судзе мы пойдзем у атаку

– Справа з самага пачатку сфабрыкаваная. Адзінае, на што цягне, дык гэта на ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве, а гэта адміністратыўная, але не крымінальная справа, – кажа Алена Гнаўк.

Паводле спадарыні Алены, следчыя гэтак шчыруюць толькі для адной мэты – асабістага кар’ернага росту.

Алена Гнаўк уважліва сачыла за двума першымі працэсамі:

– Пакуль было так: кожны сам па сабе. У першым дзясятку дык наагул, як аказалася, людзі не былі нават знаёмыя адно з адным. Цалкам давяраліся сваім адвакатам, асцерагаліся сказаць лішняе слова, зрабіць нешта дзёрзкае. Некаторыя прызналі віну, мацнейшыя – не. Але ўсе атрымалі практычна аднолькавае пакаранне – хто прызнаў, хто не прызнаў, хто быў з адвакатам, у каго не было адваката.

Спадарыня Алена – юрыстка з адукацыі – абяцае, што іхная група пойдзе на судзе ў атаку:

– Адзін з абвінавачваных – Даніла Чамаданаў – застаецца ў СІЗА, усе астатнія – пад падпіскаю. Загадзя спісаліся, сустрэліся, выпрацавалі агульную лінію паводзінаў. Калі першыя два дзясяткі былі гэтакія ягняткі на заколе, то мы пойдзем у наступ. Мала не падасца!

Аб’ектыў
Алена Гнаўк: «Судзяць нас за песню і танцы, што, вядома, дзіка»
2021.02.15 22:23

Віктар Клімус: Калі ў лістападзе ў маю хату ўламаліся з ператрусам, сумневы ў артыкуле адпалі

Берасцеец Віктар Клімус прывозіў на пратэст музыку і таксама стаўся фігурантам «карагоднай справы». Увага міліцыі яго не здзіўляла, але калі ў кватэру ўламаліся з ператрусам, у актывіста не засталося сумневу, што за мяжой ён зробіць больш, як за кратамі. Віктару ўдалося з’ехаць у Польшчу.

– Шукалі і спрабавалі вешаць нешта, хутчэй за ўсё, традыцыйную 23.34 яшчэ з канца жніўня. Яшчэ да карагоду. Слалі позвы, пільнавалі каля хаты. Скралі машыну і настойлівымі тэлефанаваннямі праз сваякоў запрашалі з’явіцца ў РАУС забраць яе. Я не меў ніякіх ілюзіяў наконт таго, што іхная цікавасць да мяне звязаная з грамадскай актыўнасцю і пратэстамі, – кажа Віктар у размове з журналістам «Белсату».

Берасцейскі актывіст Віктар Клімус.
Фота: Viktar Klimus / Facebook

Напрыканцы верасня да сваякоў Віктара завіталі са Следчага камітэту:

– Хлусілі, што я ім патрэбны як сведка наконт нейкага скрадзенага ровара. Але калі адзін з родзічаў адмовіўся даваць паказанні без позвы, без пратаколу, там ужо афіцыйна прагучала, што справа паводле 342 КК. Але міліцыянты ўсё адно ўпарта не хацелі казаць, якія да мяне прэтэнзіі. Калі 16 лістапада ў маю хату ўламаліся з ператрусам, сумневы ў артыкуле адпалі. Зʼехаць было складана найперш маральна. Я да апошняга верыў, што магчымы пералом на карысць пратэсту, што ў грамадства знойдуцца сілы супрацьстаяць рэпрэсіям. Ці, прынамсі, што ў міліцыі не будзе хапаць рук на ўсіх актывістаў. У пэўным сэнсе так яно і было: больш як за тры месяцы мяне так і не знайшлі. Але ж далей хавацца станавілася ўсё цяжэй.

Раман Кісляк: Масавыя пратэсты спрабуюць пагасіць масавымі крымінальнымі справамі

Праваабаронцы ў адзін голас кажуць, што не бачаць у берасцейскай «карагоднай справе» складу крымінальнага злачынства.

– Улады выкарыстоўваюць Крымінальны кодэкс для палітычнага пераследу і запалохвання. Гэтыя артыкулы КК, якія ставяцца ў віну пратэстоўцам і нязгодным, раней былі мёртвыя ці выкарыстоўваліся вельмі рэдка. Цяпер бачная задума ўладаў як мага больш людзей правесці праз крымінальны пераслед. Масавыя пратэсты спрабуюць пагасіць масавымі крымінальнымі справамі. Суды працуюць як бесперапынны канвеер. Тыповы прыклад – «карагодная справа» ў Берасці. У гэтай справе, як і большасці іншых супраць пратэстоўцаў, я не бачу складу крымінальнага злачынства, – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Суд у «карагоднай справе» ў Берасці.
Фота: Белсат

Андрэй Шарэнда: Цяжка знайсці ў Берасці чалавека, якога не закранула гэтая крымінальная справа

Берасцейскі актывіст Андрэй Шарэнда мяркуе, што ўлады самі справакавалі перакрыццё праспекту Машэрава, калі не пусцілі людзей на плошчу Леніна:

– 13 верасня людзі сабраліся на вуліцы Савецкай на чарговы нядзельны марш, яны збіраліся трапіць на цэнтральную плошчу Берасця, але яна была перакрытая міліцыяй. І тады людзі прыйшлі на самае значнае скрыжаванне гораду – праспекту Машэрава і двух бульвараў – і вырашылі: калі нам не даюць іншай плошчы, то гэта будзе нашая Плошча. І на гэтым скрыжаванні зрабілі танцпляцоўку – грала музыка, людзі танчылі. Але гэта цягнулася нядоўга, хвілінаў пятнаццаць. Затым міліцыя сабрала ўсе свае сілы, падцягнула вадамёт і разагнала людзей. Тады былі затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў, увесь ІЧУ быў загружаны людзьмі.

Актывіст з вялікім досведам змагання з дыктатурай упэўнены, што ў новай Беларусі «карагодную справу» будуць вывучаць у падручніках гісторыі:

– Можна смела сказаць, што ў Берасці няма ніводнага чалавека, знаёмы якога не праходзіў бы ў гэтай справе – у якасці сведкаў, у якасці падазраваных ці абвінавачваных. Сотні асобаў прайшлі праз допыты ў гэтай справе. Суды ў «карагоднай справе» будуць цягнуцца мінімум паўгода. Я не сумняюся, што гэтая справа ўвойдзе ў гісторыю Беларусі.

CA belsat.eu

Стужка навінаў