«Чык-Чырык». Хто з беларускіх комікаў дазваляе сабе палітычны гумар


Сёння 1 красавіка, Дзень гумару. Беларусам цяпер смех патрэбны як элемент барацьбы і крытыкі, а таксама як ахоўны сродак. На дзяржаўных пляцоўках вы не пачуеце жартаў пра чыноўнікаў і Лукашэнку. Мы склалі падбор прафесійных гумарыстаў, якія не баяцца жартаваць пра сітуацыю ў краіне і Лукашэнку.

 

Слава Камісаранка, якому забаранілі канцэрты ў Беларусі

Слава Камісаранка – адзін з найлепшых расейскамоўных стэндап-комікаў. Ён нарадзіўся і вучыўся ў Беларусі, але даўно жыве ў Маскве.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Камісаранка рэзка выказваецца пра Лукашэнку ў шоу «Что было дальше»: «Бачылі, як у Чык-Чырыка фляга свісціць?»

(На жаль, гэтае і некаторыя іншыя відэа ўтрымоўваюць лаянку. Калі гэта для вас непрымальна, паглядзіце гісторыі нашага праекту «Мне яшчэ пашанцавала», з якімі павінен пазнаёміцца кожны.)

А пасля гэтага выдання Славу Камісарэнку анулявалі гастрольныя пасведчанні на канцэрты ў Менску.

«Іранічна, што ўсім канцэрты адмяняе каронавірус, а мне – галоўны ковід-дысідэнт. Так што я не бачу больш сэнсу стрымлівацца», – у адказ на забарону заявіў Камісаранка і напісаў новы стэндап пра Чык-Чырыка.

Слава Камісаранка пачынаў шлях са студэнцкага Клубу вясёлых і знаходлівых, вучыўся ў Беларускім эканамічным універсітэце разам з іншым папулярным комікам Іванам Усовічам.

Хлопцы разам ахвяравалі ў фонды дапамогі беларусам і публічна абмяркоўвалі падзеі: «У Беларусі відавочная барацьба дабра са злом».

Іван Усовіч, брата якога збілі на пратэстах

Брата беларускага стэндапэра Івана Усовіча збілі на Акрэсціна ў першыя дні пратэстаў. Іван публічна распавёў пра ўмовы ўтрымання брата і знаёмага, які апынуўся ў рэанімацыі. Праз тры дні пасля выбараў Усовіч размясціў у сваім акаўнце зварот да сілавікоў.

Іван Усовіч родам з Мядзелу, вучыўся на маркетолага і часта згадвае радзіму ў сваіх стэндапах.

Андрэй Скараход зняў серыял пра «крэпкага хазяйсцвеніка»

Андрэй Скараход нарадзіўся ў Старых Дарогах, ён рэзідэнт «Comedy Club», зняў серыял пра «Крэпкага хазяйсцвеніка».

«Вітаю, мяне завуць Рыгор Аляксандравіч Шаўшэнка, і я з’яўляюся дырэктарам аднаго ўнікальнага прадпрыемства. Сёння я справаздачыўся аб зробленай працы за 25 год», – так пачынаецца серыял Андрэя Скарахода.

«Зразумеюць толькі беларусы» – пазначана ў апісанні роліку.

«Не трэба прыніжаць свой народ!» – Андрэй Скараход з першых дзён пратэстаў падтрымліваў беларусаў.

«Дзеці Т’юрынга», якія параўналі Лукашэнку з зацёртаю кружэлкай

Каманда студэнтаў БДУ, якія выступаюць у вышэйшай лізе расейскага Клубу вясёлых і знаходлівых. Вядома, што КВЗ даўно зрабіўся бяззубым, і палітычныя жарты цэнзуруюцца, але беларуская каманда жартуе пра палітыку элегантна.

Раней «Дзеці Т’юрынга» з пляцоўкі расейскага тэлеканалу дзёрзка падымалі пытанне інтэграцыі з Расеяй.

А яшчэ гэтая каманда адмовілася выступаць у Крыме, калі той увайшоў у склад Расеі. Улетку 2020 года ў Крыме праходзіў чвэрцьфінал КВЗ, але «Дзеці Т’юрынга» адмовіліся ад удзелу. Рэч у тым, што чальцы каманды маюць сваякоў ва Украіне, а прыехаць туды пасля наведвання Крыму яны ўжо не змогуць, бо трапяць у чорны спіс.

«Хай так» – сатырычнае шоу «Белсату»

Штосуботу ў вечаровым эфіры «Белсату» ідзе сатырычнае шоу «Хай так». Хайтакаўцы смела і трапна жартуюць на палітычныя тэмы. Не адмоўце сабе ў задавальненні і паглядзіце відэа на іхным YouTube.

«ЧынЧынЧэнэл» – былыя купалаўцы і аўтары гіта «Шчучыншчына»

Рэжысёр Андрэй Кашперскі і былыя акторы Купалаўскага тэатру запусцілі ў YouTubе сатырычны канал «ЧынЧынЧэнэл». Аўтары жартуюць з беларускіх чыноўнікаў і дзяржаўнай прапаганды. А таксама яны аўтары гіта «Шчучыншчына».

Дарэчы, у навагоднюю ноч на «Белсаце» выйшаў навагодні музычны фільм «ЧынЧыны ў краіне цудаў». Нягледзячы на тое, што сёння ўжо 1 красавіка, абавязкова зірніце.

«Цяпер нельга абстрагавацца ад тых сур’ёзных рэчаў, што адбываюцца ў грамадстве. Але гумар, сатыра – гэта тое, што можа ўратаваць ад роспачы і даць сілы. Смех гоніць страх. Таму, думаю, беларусам цяпер як ніколі да гумару», – кажа былы актор Купалаўскага, адзін з «ЧынЧынаў» Міхась Зуй.

IA, belsat.eu

Стужка навінаў