«Беларусы за гэты год пракачаліся ў жанры абсурду». Міхаіл Зуй – пра гумар у трагічны час


Міхаіл Зуй.
Фота: АВ / Белсат

«ЧынЧынЧэнэл» мае свайго кандыдата на «Еўрабачанне»: 1 красавіка каманда праекту выпускае кліп на новую песню «Дзекаць і цекаць». «Нячэсныя» музыкі ўжо ацанілі кампазіцыю на таямнічым праслухоўванні і спрагназавалі, што яна будзе адназначна «заядаць» на языку. Зрэшты, яшчэ паглядзім, ці дасягне «Дзекаць і цекаць» поспеху «Шчучыншчыны».

Тым часам свабодны купалавец і адзін з чынаў Міхаіл Зуй расказаў «Белсату» пра гумар у трагічны час, з чаго цяпер не пасмяешся і як чыноўнікі зліваюцца са сцяной.

– Ці да смеху вам сёння?

– Канечне, цяпер самы час, каб смяяцца, бо гэта ў пэўным сэнсе выратаванне: з гумарам рэальнасць не падаецца такою страшнай. Да таго ж ён дапамагае нешта асэнсаваць і паглядзець нават на трагічную сітуацыю з іншай кропкі. Смяяцца трэба абавязкова, бо калі мы не будзем смяяцца, значыць, мы слабыя, мы прайгралі і ўсё тлен.

– Пасля жніўня былі такія моманты, калі вы не маглі ні жартаваць, ні смяяцца?

– Якраз у жніўні. У нас тады былі вялікія сумневы, ці выдаваць у «ЧынЧынЧэнэл» загадзя знятыя відэа, бо здавалася, што людзям зусім не да таго. А потым я іх паглядзеў – і пэўныя жахі мяне адпусцілі. Мы абмеркавалі і вырашылі выпускаць: можа, на некага яны акажуць такі ж эфект. Вядома, перыядычна нічога не хочацца, але прырода нашых жартаў у тым, каб рэагаваць на тое, што нас злуе і раздражняе. Для нас гэта нават не гумар, а проста іншы погляд.

– Ці змянілася якасць гумару ў новай рэальнасці з яе выклікамі?

– Гумару ўвогуле паболела: за год з’явілася шмат гумарыстычных праектаў, і ўсе яны так ці інакш рэагуюць на тое, што адбываецца. Здаецца, любую творчасць, любое выказванне ты ацэньваеш паводле таго, як гэта стасуецца з падзеямі на вуліцы. Сферычны вакуум мог быць хіба ў пачатку мінулага года. Цяпер французская камедыя сітуацыяў не закране мяне ад слова «абсалютна». Згадваюцца купалаўцы: не тое каб мы наўмысна хацелі рабіць нешта звышактуальнае, проста нас хвалююць нейкія рэчы, і мы на іх рэагуем. Як у сям’і. Калі здараецца нешта жахлівае, пакуль праблема не вырашыцца, яны не могуць нармальна з’ездзіць у адпачынак.

Фота: АВ / Белсат

– У працэсе звальнення з Купалаўскага ў калектыве жартавалі?

– Вядома! Напрыклад, калі ў тэатр прыйшлі нейкія людзі, пачалі там раскідваць бутэлькі і здымаць гэта. Я не адчуваў ніякага абурэння, мне было проста смешна ад таго, як усё гэта бяздарна.

– Дзе ў сённяшнім наваколлі вы знаходзіце смешныя моманты?

– Іх і шукаць не трэба, яны самі нас знаходзяць. Праблема, наадварот, у тым, каб вылучыць тое, пра што пажартаваць. Рэчаіснасць нават больш абсурдная і смешная. Калі такое расказаць, табе не павераць: гэта ўжо занадта, так не бывае. Беларусы за гэты год пракачаліся ў жанры абсурду, але даводзіцца хадзіць па мяжы. Цяпер круцяць гайкі, і ты не разумееш, як можа быць выкарыстанае любое тваё слова. З іншага боку, гэта цябе вызваляе, бо калі да любога слова могуць прычапіцца, жартаваць можна з таго, што цябе насамрэч хвалюе.

Hавiны
«Чык-Чырык». Хто з беларускіх комікаў дазваляе сабе палітычны гумар
2021.04.01 13:10

– А з чаго, што сёння адбываецца, не пажартуеш?

– З пакутаў людзей, якія за кратамі, якія страцілі блізкіх назаўсёды альбо на час. Але можна пажартаваць ці, хутчэй, паіранізаваць – гэта такая сатыра – з ацэнкі гэтых пакутаў людзьмі ад дзяржавы, як яны ўсё гэта апраўдваюць. Шмат якія рэчы і выказванні ўжо проста не выклікаюць ні гневу, ні гумару – іх хочацца толькі праігнараваць.

– Як вы з Дзмітрыем Есяневічам прыдумляеце свае сюжэты і колькі ў іх імправізацыі?

– Імправізацыя мінімальная, ёсць толькі пару выпускаў, дзе мы робім стрымы і там ужо нясём пургу ад сэрца. Іншая справа, што часцяком, калі не можам нешта прыдумаць, мы ўключаем дыктафон і пачынаем імправізаваць, і ў выніку гэта амаль у такім выглядзе ідзе ў выпуск. Мы з Дзімам жывём побач і часам ходзім па раёне, пакуль нешта не знойдзем, хаця нават не ведаем, што шукаем. Часам мы баімся, каб нашыя жарты не ўзялі на ўзбраенне. Калі здымаўся фільм «ЧынЧын у краіне цудаў», мы падумалі, што строі Дзеда Мароза і Снягуркі трэба змяніць. І на наступны дзень прачыталі ў навінах, што недзе там сапраўды спісалі чырвоныя і белыя навагоднія касцюмы.

– Ведаю, што падчас здымак вас часам прымаюць за сапраўдных чыноўнікаў.

– Мы неяк здымалі, а Дзіма Тумас, які грае нашага ахоўніка, папрасіў нейкага хлопца абысці вакол, бо тут здымкі. Той размаўляў праз тэлефон і кажа: «Не даюць прайсці чынушы гробаныя». Першы выпуск мы рабілі ля МАЗу, і там шмат чаго наслухаліся, калі людзі выходзілі са змены, мы адчувалі нелюбоў проста ў атмасферы. Для аднаго з выпускаў Дзіма быццам здымаў дэманстрацыю і потым расказваў, што фізічна адчуваў варожасць людзей. Да яго некалькі разоў падыходзілі і пыталі: «А што ты тут робіш?» Яго там ледзь не змалацілі, уратавала тое, што ён падымаў байку, а там майка «Я/Мы Купалаўцы». Пасля нейкага нашага выступу да Дзімы Есяневіча падышлі некалькі мужыкоў і пачалі выгаворвацца: «Такія, як ты, мне ўсё жыццё псавалі, я хадзіў па гэтых кабінетах, а мне казалі, што мне рабіць, як мне працаваць».

Фота: АВ / Белсат

– Як вам досвед выступаў у дварах?

– Нават тыя, хто не ведаў пра «ЧынЧынЧэнэл», адразу разумелі, што гэта прыкол, хаця некаторыя нас успрымалі ўсур’ёз. Але гэта былі цудоўныя, найлепшыя выступы, і ў людзей была магчымасць выказаць нешта быццам у вочы чынушам. Мы нібы выходзілі на дыялог і адказвалі на пытанні народу. Самыя вострыя пытанні, натуральна, абыходзілі і казалі: «Звяртайцеся ў пісьмовым выглядзе ў службу «Адно акно», і вам цягам двух месяцаў адкажуць».

– Ці ёсць сёння добры гумар на баку афіцыйнай культуры?

– Выбачайце, але ўсе іхныя спробы выглядаюць у стылі «а я таксама так магу». Гумар таго боку адштурхоўваецца ад нас, мне часам падаецца, што пэўныя рэчы ствараюцца проста ў піку нам. Як чорная магія, хоць гэта і некарэктны прыклад, не піша сваю малітву, а прапануе прачытаць хрысціянскую задам наперад. YouTube у якасці рэкламы паказвае мне новы кліп гурта «Галасы ЗМеста» – нічога супраць іх не маю, апроч таго, што яны выступалі ў Купалаўскім з не надта добрым рэпертуарам, але ўсё гэта нясмешна. Я амаль упэўнены, што людзі, якія ствараюць гэты гумар, самі не смяюцца. Можа, яны і кажуць адно аднаму: «Як класна мы іх патролілі», – але самі не смяюцца. Данелія распавядаў, як яны з Рэзо Габрыядзэ працавалі над сцэнаром «Міміно»: яны так рагаталі, што не маглі пісаць. Мы кіруемся тым жа прынцыпам. У нас добра атрымліваецца, калі мы самі смяёмся, потым супакойваемся, потым зноў смяёмся і на наступны дзень зноў смяёмся. Тая ж «Шчучыншчына»: мы ўсё напявалі матыў і разумелі, што гэта хімічная зброя.

– Гумар можа быць зброяй?

– Гэта такая зброя, якая працуе не на разбурэнне праціўніка, а на падмацаванне сваіх уласных сілаў.

– Якія ў вас з Дзмітрыем любімыя чыноўнікі?

– Калі мы пачыналі ствараць сваіх персанажаў і прыдумлялі нейкія фразы ды абароты, думалі, адкуль мы ўсё гэта бяром. І потым зразумелі, што яно з’яўляецца проста з паветра.

Бо мы сорак гадоў жывём у гэтым свеце, дзе ты ад пачатку не маеш рацыі ды адразу ў нечым вінаваты і нешта вінны – паліклініцы, ЖЭСу, усім. Гэта, здаецца, ужо наш культурны код, ты прыязджаеш з-за мяжы і фізічна адчуваеш, як на цябе кладзецца бетонная пліта. Таму ў нас няма любімых персаналіяў – імя ім легіён. «ЧынЧынЧэнэл» – гэта не пра чалавека, а пра сістэму.

Фота: АВ / Белсат

– У вас ёсць гамерычна смешная прыдумка ў адным з эпізодаў, што чыноўнікі зліваюцца са сцяною.

– Мы самі вельмі палюбілі гэтую сцэну. Калі мы яе прыдумлялі, ішлі ад логікі светаўспрымання нашых персанажаў. Кастрычніцкая вуліца з яе мураламі, заходняю стылістыкай, усё стракатае ім не падабаецца. Яны любяць зразумелае і звыклае. Вось шэрая сцяна – гэта іхны свет. І ён сыходзіць, гэтыя хтанічныя змены адбываюцца проста цяпер, час гэтых чыноўнікаў сышоў, яны больш не эфектыўныя і нічога не могуць ствараць. Мне падаецца, рана ці позна яны сапраўды растворацца ў гэтай сцяне, а з ёю потым таксама нешта здарыцца.

Гутарыла Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў