Belsat.eu падводзіць вынікі 1 красавіка – 236-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.
Затрыманы падпалкоўнік КДБ і капітан Генштабу
У эфіры тэлеканалу АНТ паказалі фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты». У ім паведамілі пра затрыманне прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, якія злівалі звесткі пратэстоўцам.
У фільме сцвярджаюць, што злітыя ў сеціва тэлефонныя размовы Наталлі Эйсмант з Мікалаем Латышонкам, памочнікам Аляксандра Лукашэнкі, і кіраўніком хакейнай федэрацыі Дзмітрыем Баскавым нібыта былі следчым эксперыментам, інсцэнізацыяй.
Беларускі аператар мабільнай сувязі «А1» паведаміў пра DDoS-атакі на свае серверы
Уважаемые абоненты! В настоящее время наблюдаются трудности с доступом в интернет по сети фиксированной связи А1 в связи с DDoS-атакой, совершаемой на DNS-сервера компании.
— А1 Беларусь (@a1belarus) April 1, 2021
У кампаніі адзначылі, што тэхнічныя адмыслоўцы «А1» робяць усе неабходныя захады для нейтралізацыі DDoS-атакі і працуюць над аднаўленнем працы сэрвісу.
Беларускі палітолаг Дзмітрый Балкунец, супраць якога Генпракуратура распачала крымінальную справу за публічную абразу прэзідэнта, тэрмінова з’ехаў з Расеі, дзе пастаянна пражываў.
У сваім тэлеграм-канале палітолаг напісаў, што быў вымушаны перабрацца ў больш бяспечнае месца ў сувязі з «узніклаю сур’ёзнаю рызыкаю фізічнай расправы за выступы з боку ўладаў Беларусі».
«Узбудзіўшыся не на жарт ад маёй дзейнасці, фашысцкі рэжым Лукашэнкі перайшоў да сваіх любімых метадаў запалохвання.
Сам правадыр аказаўся слабаком. Ён не здольны ўспрымаць праўду», – напісаў Балкунец.
Затрыманаму ў Горадні журналісту Анджэю Пачобуту прад’явілі абвінавачанне
Журналісту Анджэю Пачобуту прад’явілі абвінавачанне ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай і іншай сацыяльнай варожасці або розні паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу.
Па гэтаму артыкулу яму можа пагражаць ад 5 да 12 гадоў зняволення. Цяпер Анджэй знаходзіцца ў СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
У Менску спынілі выставу, прысвечаную гераізму медыкаў.
У менскай прасторы «Месца» 30 сакавіка запрацавала выстава, прысвечаная медыкам і выклікам, з якімі яны сутыкнуліся ў мінулым годзе. Але праз няпоўных тры дні выставу зачынілі, бо ў прасторы знайшлі парушэнні.
Выстава «Машына дыхае, а я – не», прысвечаная медыкам, павінна была працаваць да 17 красавіка, але сёння, 1 красавіка, у event-прастору прыйшлі з МНС і санітарнай станцыі. У выніку з заўтрашняга дня пляцоўка павінна зачыніцца да ліквідацыі парушэнняў.
На Менскім малочным заводзе №1 мяняюць гендырэктара праз звальненне працоўных
На Менскім малочным заводзе, адкуль масава звольніліся працаўнікі з-за новай дамовы, кіраўніцтва холдынгу вырашыла замяніць кіраўніцтва.
У канцы сакавіка з Менскага малочнага заводу № 1 пачалі актыўна звальняцца працаўнікі. Прычынай таму сталася падпісанне дамовы аб калектыўнай матэрыяльнай адказнасці, з якой супрацоўнікі павінны былі пагадзіцца, каб застацца на працы.
Пасля гэтага кіраўніцтва холдынгу «Мінаблмясамалпрам», у які ўваходзіць і малочны завод, прыняло рашэнне вызваліць ад пасады гендырэктара прадпрыемства.
Пяць чалавек, якіх затрымалі на Дні Волі, трымаюць галадоўку ў Бабруйскім ІЧУ
30 сакавіка стала вядома, што жыхар Бабруйску Павел Кабанчук, якому суд даў 15 содняў арышту за налепку з Пагоняй на аўтамабілі, ужо чацвёрты дзень трымае галадоўку.
А сёння, 1 красавік, стала вядома, што акрамя Паўла Кабанчука, галадуюць яшчэ чацвёра мужчын. Гэта Іван Манько, Уладзімір Міхалап, якога асудзілі на 30 содняў, інвалід III групы Сяргей Бяляеў і Аляксандр Парахневіч, якога суд пакараў 20 содняў арышту.
Дзяўчыне, якой на Акрэсціна перабілі ногі і парвалі звязкі, хочуць прысудзіць «хімію»
Суд Маскоўскага раёну Менску 1 красавіка працягнуў разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай.
21-гадовую дзяўчыну вінавацяць у актыўным удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК). Справу вядзе суддзя Вольга Малашэнка, бок абвінавачання рэпрэзентуе памочнік пракурора Маскоўскага раёну Фёдар Сініцкі. Аляксандра віны не прызнае.
На паседжанні 1 красавіка дзяржаўны абвінаваўца папрасіў для Патрасаевай 3 гады «хатняй хіміі» і прымусовае псіхалагічнае лекаванне.
У Менску 1 красавіка завяршыўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволеных сясцёр Міронцавых.
Вікторыі Міронцавай прысудзілі 2,5 года зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, а ейнай сястры Настассі – 2 гады. Трэцяя сястра пакінула краіну. Пытанні матэрыяльнай кампенсацыі «Менсктрансу» будзе развязваць грамадзянскі суд.
Калі дзеўчын выводзілі з залы суда, яны паказвалі прысутным сімвал перамогі. Маці асуджаных назвала сваіх дачок гераінямі.
АД, belsat.eu