«Рэферэндум» праведзены. Што гэта было – і як паўплывае на жыццё беларусаў?


Расейскае ўварванне ва Украіну, суўдзельніцай якога стала лукашысцкая Беларусь, захіліла праблему так званага рэферэндуму аб зменах у Канстытуцыю. А кампанія ўсё ж адбылася. ЦВК сцвярджае, што большасць выбарнікаў падтрымала новую Канстытуцыю. Belsat.eu разбіраўся, што гэта значыць для беларусаў.

Людзі ля аднаго з участкаў. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Як праходзіла кампанія

Кампанія «рэферэндуму» прайшла ва ўмовах самых масавых у найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіяў. Прычым у сувязі з «рэферэндумам» палітычны пераслед толькі ўзмацніўся. КДБ і МУС заяўлялі пра шматлікія затрыманні, у тым ліку ў крымінальных справах. Напрыклад, пад крымінальны пераслед трапілі распаўсюднікі ўлётак, у якіх настаўнікаў заклікалі сумленна лічыць галасы.

Праз рэпрэсіі сёлета фактычна ўпершыню праваабарончая супольнасць і апазіцыйныя партыі не сталі афіцыйна накіроўваць сваіх назіральнікаў у выбарчыя камісіі і на ўчасткі, каб не падвяргаць людзей небяспецы. Ва ўчастковыя камісіі ў 2022 годзе не трапіў ніводзін прадстаўнік апазіцыі, а сярод 17 тысяч назіральнікаў – толькі адзін.

Улады пазбавілі сотні тысяч беларусаў замежжа права галасаваць на «рэферэндуме»: выбарчыя ўчасткі за мяжою ствараць адмовіліся. Спісы ўчастковых камісіяў Цэнтральная выбарчая камісія фактычна засакрэціла. Насуперак Выбарчаму кодэксу імёны, а часам нават нумары тэлефонаў камісіі проста не публікавалі.

Людзі ля аднаго з участкаў. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Апазіцыя заклікала беларусаў не байкатаваць галасавання, а прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і псаваць бюлетэні – ставіць крыжыкі ў абодвух графах. Такім чынам прапанавалася выказаць свой пратэст супраць рэферэндуму. Але за тры дні да асноўнага дня галасавання распачалося расейскае ўварванне ва Украіну. Замест пратэстаў супраць рэферэндуму на першы план выйшлі антываенныя пратэсты. Спачатку людзі сабраліся ў на сваіх выбарчых участках, а потым пратэсты перакінуліся ў цэнтр Менску. Акцыю 27 лютага разагналі, больш за 800 чалавек былі затрыманыя. Але гэта былі першыя вулічныя выступы ў цэнтры беларускай сталіцы з 2020 года.

Аналітыка
Гібрыдная Канстытуцыя: як Лукашэнка спалучыў дзве супрацьлеглыя ідэі ў адным дакуменце
2021.12.28 17:00

Сутнасць зменаў

Галоўныя змены ў Канстытуцыі датычаць Усебеларускага народнага сходу (УНС). УНС атрымлівае статус «найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя» і велізарныя паўнамоцтвы:

  • здымаць прэзідэнта з пасады ў выпадку сістэматычнага парушэння ім Канстытуцыі або ў выпадку дзяржаўнай здрады;
  • уводзіць ваеннае і надзвычайнае становішча;
  • выбіраць і здымаць старшыняў і суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў;
  • фармаваць Цэнтрвыбаркам, а таксама разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў;
  • даваць абавязковыя для выканання даручэнні дзяржаўным органам і службовым асобам;
  • прымаць рашэнне аб накіраванні вайскоўцаў для ўдзелу ў аперацыях па-за межамі Беларусі.

Адначасова новая Канстытуцыя ўводзіць абмежаванні на колькасць прэзідэнцкіх тэрмінаў (не больш за 2), але пры гэтым абнуляе тэрміны Лукашэнкі – то бок ён атрымае права абрацца яшчэ двойчы і застацца на пасадзе прэзідэнта да 2035 года. Пасля сыходу з пасады экс-прэзідэнту гарантуецца недатыкальнасць, а таксама пажыццёвае месца ў складзе УНС і Савеце Рэспублікі.

Людзі ля аднаго з участкаў. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

У Канстытуцыі з’явіўся і яшчэ шэраг важных нормаў. Напрыклад, павышаецца мінімальны ўзрост, калі можна заняць пасаду прэзідэнта, з 35 да 40 гадоў, тэрмін сталага жыцця ў Беларусі перад выбарамі павялічваецца для кандыдата з 10 да 20 гадоў, а наяўнасць віду на жыхарства ў іншай краіне (нават у мінулым) наогул пазбаўляе грамадзяніна права балатавацца на прэзідэнцтва.

Акрамя таго, з Канстытуцыі прыбіраецца норма пра тое, што Беларусь імкнецца стаць нейтральнай краінай і бяз’ядравай зонай. Затое гарантуецца, што «Рэспубліка Беларусь выключае агрэсію са сваёй тэрыторыі ў дачыненні іншых дзяржаваў». Можна пабачыць горкую іронію ў тым, што гэтая норма была прынятая якраз у той момант, калі Беларусь стала суўдзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Што цяпер зменіцца ў Беларусі

Насамрэч для беларусаў не зменіцца абсалютна нічога.

Па-першае, новы асноўны закон краіны яшчэ не пачаў дзеяць. У ЦВК кажуць, што новы варыянт Канстытуцыі набудзе юрыдычную моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага публікавання. А вось калі ён будзе апублікаваны, не ўдакладняецца.

Па-другое, закон, які вызначыць кампетэнцыю і парадак фармавання УНС, мусіць быць прыняты цягам года. Калі будзе абраны УНС, наогул невядома – тэарэтычна гэты момант можна зацягваць столькі, колькі будзе трэба. А пакуль гэтага не адбылося, усе паўнамоцтвы, якія плануецца перадаць УНС, застануцца ў Лукашэнкі і дэ-факта, і дэ-юрэ.

Па-трэцяе, аўтарытарную мадэль у Беларусі змяняць наогул не плануецца. З аднаго боку, пасля таго, як новая Канстытуцыя набудзе моц, УНС можа пераўтварыцца ў орган, які прынамсі ў тэорыі здольны абмяжоўваць уладу прэзідэнта. Але ў рэальнасці Лукашэнку ніякае абмежаванне паўнамоцтваў пагражаць не будзе, бо артыкул 144 дазволіць яму сумяшчаць пасады прэзідэнта і старшыні УНС. Мяркуючы з заяваў Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонай адміністрацыі, ён мае намер гэтым правам скарыстацца.

Людзі ля аднаго з участкаў. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Такія пункты новай Канстытуцыі, як, напрыклад, адмова ад бязʼядравага ці нейтральнага статусу ў цяперашніх умовах тым больш не мае ніякага значэння. Беларусь стала суўдзельніцай агрэсіі супраць Украіны яшчэ пры старой Канстытуцыі, тут месціцца велізарная групоўка расейскай арміі і размешчаныя ракетныя комплексы, здольныя несці ядравыя боегалоўкі. То бок гэтыя нормы і раней не вельмі абмяжоўвалі Лукашэнку.

Навошта праводзіўся рэферэндум

Цяпер, калі Расея пры падтрыманні Беларусі распачала вайну супраць Украіны, ужо цяжка прыгадаць, навошта ў прынцыпе ладзіўся гэты рэферэндум, – настолькі не актуальна ён выглядае.

Насамрэч ідэю чарговай змены Канстытуцыі (асноўны закон краіны ўжо змянялі ў 1996 і 2004 гг.) Лукашэнка выношваў ужо даўно. Упершыню ён пра гэта загаварыў яшчэ ў канцы 2016 года. Дэталі задумы доўгі час не раскрываліся, але, мяркуючы з усяго, Лукашэнка хацеў скарэктаваць палітычную мадэль у Беларусі такім чынам, каб спрасціць транзіт улады да свайго пераемніка і забяспечыць сабе і свайму атачэнню пэўныя гарантыі, калі ён сам аднойчы проста фізічна не зможа кіраваць дзяржавай.

Да 2020 года ініцыятыва фактычна так і не ссунулася з месца. Аднак пасля выбараў 2020 года найхутчэйшае правядзенне канстытуцыйнай рэформы стала адной з галоўных умоваў Крамля, на якіх Расея была гатовая падтрымліваць Лукашэнку падчас масавых пратэстаў. Публічна Масква не агучвала пажаданняў наконт зместу канстытуцыйнай рэформы, але ясна, на які вынік расейскае кіраўніцтва разлічвала. Крэмль меў намер зрабіць беларускую палітычную сістэму больш прадказальнай і кантраляванай, каб расейскія інтарэсы ў Беларусі былі завязаныя не на аднаго Лукашэнку. Прычым пасля канстытуцыйнай рэформы Лукашэнка абяцаў Маскве правесці датэрміновыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары.

Людзі ля аднаго з участкаў. Менск, Беларусь. 27 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Такім чынам, пасля выбараў 2020 года склалася дваістая сітуацыя. З аднаго боку, Лукашэнка даўно задумваўся пра канстытуцыйную рэформу, але яна была патрэбная яму з разліку на транзіт улады ў аддаленай будучыні. З іншага боку, Масква настойвала на рэформе і транзіце тут і цяпер, прычым у неспрыяльных умовах палітычнага крызісу ў Беларусі і катастрафічнай электаральнай сітуацыі. Рэферэндум у такіх абставінах Лукашэнку зусім не патрэбны, але і сварыцца праз гэта са сваім адзіным саюзнікам ён не хацеў.

Як вынік, ён прыняў Канстытуцыю ў такім выглядзе, каб захаваць статус-кво і пакінуць у сваіх руках усе рычагі ўплыву ў палітычнай сістэме Беларусі. Наўрад ці гэта тое самае, чаго дабіваўся Крэмль у 2020 годзе. Але цяпер гэтае пытанне наогул страціла актуальнасць у двухбаковых стасунках – Пуцін даўно згубіў цікаўнасць да гэтай гісторыі. Усё захіліла вайна. А кантроль над беларускай палітычнай сістэмай Крамлю цяпер прасцей ажыццяўляць пры дапамозе расейскай арміі, чым праз складаныя канстытуцыйныя механізмы.

Здымак вокладкі: Белсат

РР belsat.eu

Hавiны
Што трэба ведаць пра так званы рэферэндум у Беларусі – чытайце ў падборцы матэрыялаў «Белсату»
2022.02.27 12:12
Стужка навінаў