«Да 75 % насельніцтва Расеі падтрымлівае». Палітолаг Андрэй Суздальцаў пра стаўленне расейцаў да вайны


6 дзень ідзе поўнамаштабная вайна Расеі з Украінай, на ўкраінскіх землях гінуць і трапляюць у палон расейскія вайскоўцы. Як на гэта глядзяць у Расеі? Спыталі ў расейскага палітолага Андрэя Суздальцава.

28 лютага ўскраіны Данецка пацярпелі ад моцнага абстрэлу, у выніку якога загінуў мужчына. Хто дакладна атакаваў горад, сказаць цяжка. Расейскія СМІ паведамляюць, што абстрэл Данецка арганізавала ўкраінскае войска. У сваю чаргу старшыня Данецкай абласной вайскова-грамадзянскай адміністрацыі Павел Кірыленка паведаміў, што пад расейскія ўдары патрапілі прынамсі дзевяць населеных пунктаў. Данецк, Украіна. 28 лютага 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

«Ці хочуць рускія вайны?» – папулярная савецкая песня на словы Яўгена Еўтушэнкі, упершыню выкананая ў 1961 годзе, у год піку Берлінскага крызісу. Песня не адказвае на пытанне – прапануецца спытаць «у тых салдат, што пад бярозамі ляжаць».

Многія расейцы сапраўды падтрымліваюць вайну. Чаму?

Ці хочуць рускія вайны цяпер, калі Расея атакавала Украіну, а рускія салдаты ляжаць пад украінскімі бярозамі? Расейскі палітолаг Андрэй Суздальцаў тлумачыць «Белсату»:

«Няма народу, які хацеў бы вайны. Але мы глядзім апытанні – да 75 % насельніцтва Расеі падтрымлівае спецаперацыю расейскіх войскаў ва Украіне».

Перад пачаткам атакі УЦВГД праводзіў апытанне аб падтрымцы прызнання незалежнасці «ДНР» і «ЛНР» – 73 % падтрымалі рашэнне. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна заяўляў, что «спецаперацыю» супраць Украіны падтрымлівае не меншы адсотак, але вынікі такіх апытанняў не публікаваліся. Пазней з’явіліся такія лічбы УЦВГД: 68 % расейцаў падтрымліваюць «спецыяльную вайсковую аперацыю» Расеі ва Украіне, 22 % не падтрымліваюць. І падобна, што шмат расейцаў сапраўды падтрымліваюць вайну з Украінай.

Харкаў пасля абстрэлу расейскімі войскамі. 1 сакавіка 2022 г.
Фота: VYACHESLAV MADIYEVSKYY / Reuters / Forum

На думку Суздальцава, справа ў агульнай стомленасці ад украінскага канфлікту. У Расеі даўно прысутнічаюць уцекачы з Данбасу, Расея адпраўляе гуманітарныя канвоі на Данбас, расейцы па тэлевізары бачаць абстрэлы гарадоў на Данбасе, падкантрольных баевікам «ДНР» і «ЛНР», смерці мірных жыхароў.

«Асаблівае ўражанне робіць на расейскае насельніцтва знакамітая Алея Анёлаў у Данецку, прысвечаная 149 дзецям, якія загінулі», – адзначае ён.

Прычыны гібелі дзяцей, чые імёны названыя на мемарыяле, дакладна не вядомыя, але ў 2018 годзе UNICEF сцвярджала, што ад пачатку канфлікту ў рэгіёне больш за 140 дзяцей загінулі ад мінаў або былі параненыя мінамі. Дзеці сапраўды гінуць пад абстрэламі на Данбасе, украінскія ўлады і «сепаратысты» абвінавачваюць у гэтым адны адных. UNICEF адзначала, што вайсковыя аб’екты нярэдка размяшчаюць каля школ і дзіцячых садкоў, але дзве траціны ахвяраў сярод дзяцей прыпадалі ў 2017 годзе на міны і выбуховыя прылады. Адносна гібелі дзяцей распаўсюджваюцца шматлікія фэйкі.

Фота
Маршы супраць вайны ў Маскве
2022.02.28 02:33

Вайна на Данбасе працягвалася восем гадоў. Палярызацыя меркаванняў адносна яе ў Расеі была вельмі жорсткай, адзначае Суздальцаў. У Расеі гучала крытыка таго, што «Расея не можа абараніць людзей», «восем гадоў працягваецца знішчэнне людзей, генацыд», «знішчаюцца рускія гарады».

Суздальцаў успомніў, што абурыла расейцаў, як канцлер Германіі «пасмяяўся над генацыдам» – на самай справе, Олаф Шольц назваў недарэчнымі (lächerlich) заявы Пуціна аб тым, што вайной з Украінай ён абараняе людзей ад генацыду. А ў Расеі гэта «ўспрынялі як вельмі цяжкую абразу».

«Калі Расея пайшла на абвастрэнне, бумеранг вайны вярнуўся туды, адкуль пачынаўся, у Кіеў, гэта было ўспрынята як справядлівасць, пакаранне ваенных злачынцаў, якія беспакарана восем гадоў знішчалі народ Данбасу», – апісвае Суздальцаў бачанне сітуацыі ў Расеі.

Hавiны
Калектыўная адказнасць: ці мусяць беларусы адчуваць віну і сорам перад украінцамі?
2022.02.28 01:28

Пэўны раскол у расейскіх эліце і багеме ёсць, многія выступілі супраць. Да праціўнікаў вайны далучылася навуковая і творчая інтэлігенцыя, якая лічыць, што канфлікт трэба вырашаць дыпламатыяй. Як кажа Суздальцаў, контраргумент быў такім: «Дзе вы былі восем гадоў, калі забівалі рускіх людзей?».

«Але агуламстаўленне да вайны, да гэтай спецаперацыі ў народзе пазітыўнае», – лічыць Суздальцаў.

Ён таксама ўспамінае заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Мюнхене за пяць дзён да расейскай атакі аб тым, што Украіна можа паставіць пад сумнеў Будапешцкі мемарандум: Украіна ў 1994 годзе адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі бяспекі ад Расеі (якая яшчэ восем гадоў таму анэксавала частку тэрыторыі Украіны і падтрымлівала баевікоў на Данбасе), Вялікабрытаніі і Злучаных Штатаў. Гэта зрабіла «вельмі цяжкае ўражанне» на расейцаў, кажа палітолаг:

«Зразумела, што гэта ядзерная зброя супраць Расеі. Яе ж можна нават не вырабляць, а ўзяць пазыку, пазычыць. І ў гэтым выпадку вайна непазбежная».

Суздальцаў кажа, што палітолагі бачылі ў заяве Зяленскага «свядомую правакацыю», «апошнюю кроплю». У дыялогах згадвалася пазіцыя Ізраіля, які актыўна перашкаджаў з’яўленню ядзернай зброі ў арабскіх краінаў, разбамбаваў ядзерны рэактар у Іраку ў 1981 годзе, знішчыў авіяналётам меркаваны ядзерны рэактар у Сірыі ў 2007-м, правёў кібератаку на ядзерны аб’ект у Іране ў 2021-м.

Ці баяцца расейцы эканамічнага крызісу?

Краіны Захаду ўводзяць супраць Расеі беспрэцэдэнтныя санкцыі за напад на Украіну. Адключэнне банкаў ад аплатнай сістэмы SWIFT нават не выглядае такім страшным на фоне магчымай замарозкі актываў Цэнтрабанку Расеі.

Hавiны
Эканоміка вайны. Расея страціла амаль трыльён долараў за 4 дні агрэсіі супраць Украіны
2022.02.28 10:29

Расейцы ставяцца да гэтага дакладна не спакойна, хвалююцца, кажа Суздальцаў. Але людзі не баяцца ўмоўных талонаў на хлеб і каўбасу: «Усё ж такі гэта не XX стагоддзе, а XXI». Проста чакаюць, што «будзе цяжэй жыць», што паднімуцца кошты, што ўпадзе курс рубля.

«Але нам гэта знаёма і па 2014 годзе, і па 2008-м», – адзначае Суздальцаў.

У расейцаў дакладна няма настрою на тое, каб «кінуцца ў ногі, аддаць Украіне зямлі да Камчаткі», сцвярджае ён. Ёсць сум, але настрой «жорсткі». Стане долар па 140 рублёў, па 500 або 700, масавых пратэстаў палітолаг не чакае:

«Расейскае грамадства выразна арыентаванае: пачалася вайна, вайна гэтая і была. Санкцыі, закрыццё паветранай прасторы – на нас напалі! – разважае ён. – Усім зразумела, што санкцыі ўсё роўна будуць, ёсць такі агульны пункт гледжання, што Расею хочуць знішчыць, падзяліць, разрабаваць. Украіна атрымала велізарную саюзную савецкую спадчыну, разрабавала яе, цяпер трэба рабаваць Расею. Такі фармат глыбіннага ўспрыняцця».

А што з абстрэламі ўкраінскіх гарадоў?

Па дадзеных украінскага боку, за першыя чатыры дні нападу Расеі ва Украіне загінула 352 мірных жыхары, сярод іх 14 дзяцей. Пад абстрэлы траплялі ў тым ліку жылыя дамы. На пытанне аб адносінах расейцаў да гэтых абстрэлаў Суздальцаў адказвае пытаннем: «А вы бачылі абстрэлы ўкраінскіх гарадоў?»

Hавiны
Вайсковы эксперт пра абстрэлы Украіны: «Галоўная задача – стварыць хаос сярод цывільнага насельніцтва»
2022.02.26 17:48

Суздальцаў робіць акцэнт на тым, што ўкраінскія гарады не разбамбавалі з паветра, але адмаўляецца верыць у тое, што абстрэлы расейскіх войскаў закранулі жылыя кварталы.

«Наогул у расейскім войску забараняюць выкарыстоўваць артылерыю ў гарадскіх мяжах, – адзначае Суздальцаў. – Гэта каштавала шмат жыццяў салдат у Харкаве. Але бывае, на вялікі жаль, залятае. Але самі бачыце, што гэта не сістэма і, на шчасце, не бамбаванне з паветра. Але адразу скажу, на Данбасе да гэтага прывыклі за восем гадоў. Дзеля даведкі: адзін залп любой сістэмы залпавага агню па горадзе гарантуе страту дзясяткаў тысяч жыццяў. «Сонцапёк» спаліць увесь горад, як Дрэздэн у 1945 г. Гэтага ва Украіне не было».

Hавiны
«Ці хочуць рускія вайны?..» Як расейцы рэагуюць на прызнанне Пуціным «ДНР» і «ЛНР»
2022.02.22 20:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў