У Менску п'яная кампанія закідала кватэру кактэйлямі Молатава. Cправу перададуць у суд


Менская кватэра, якую закідалі кактэйлямі Молатава.
Фота: Sk.gov.by

Фрунзенскі раённы аддзел Следчага камітэту закончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні мужчынаў, якія падпалілі дзверы кватэры і ейны гаўбец кактэйлямі Молатава.

Паводле версіі следства, уначы 4 лістападу 2020-га двое мужчынаў падпалілі дзверы кватэры ў доме па вуліцы Берута. У той жа час яшчэ некалькі асобаў закідалі гаўбец той жа кватэры кактэйлямі Молатава.

40-гадовы мужчына, які быў у кватэры, выклікаў МНС і пачаў тушыць агонь. У выніку былі пашкоджаныя гаўбец кватэры і ўваходныя дзверы. Шкода склала больш як 7 тысяч рублёў.

Міліцыянты затрымалі пяць чалавек, якіх падазравалі ў здзяйсненні гэтага злачынства. Выявілася, што ў час распіцця спіртовых напояў адзін мужчына распавёў пра канфлікт з чалавекам, які жыве ў той кватэры, і прапанаваў яму адпомсціць. Пасля гэтага кампанія купіла на запраўцы некалькі літраў бензіну і разліла яго па пляшках.

Усе фігуранты справы – мужчыны ва ўзросце ад 32 да 55 гадоў, якіх неаднаразова судзілі. Трое з іх нідзе не працуюць. Падчас здзяйснення злачынства яны былі пʼяныя.

Чатырох мужчынаў вінавацяць у незаконным вырабе гаручых рэчываў па папярэдняй змове (ч. 2 арт. 295-3) і наўмысным знішчэнні маёмасці (ч. 2 арт. 218). Усе яны цяпер пад вартай. У дачыненні пятага фігуранта крымінальная справа спыненая за адсутнасцю складу злачынства. Cправу перадалі пракурору для накіравання ў суд.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў