Міхэіл Саакашвілі пра палітычны канфлікт у Грузіі: беларусам гэтая сітуацыя вельмі знаёмая

Міхэіл Саакашвілі дае ацэнку палітычнага крызісу ў Грузіі ды параўноўвае сітуацыю з Беларуссю і Расіяй у эксклюзіўным інтэрв’ю Аліне Коўшык для праграмы «ПраСвет». Былы прэзідэнт распавядае, у якую драматычную сітуацыю трапіла Грузія. Беднасць з 2012 года пашырылся ў 2,5 разу. Грузія застаецца на ўзроўні Суб-Сахарнай Афрыкі што да галадання насельніцтва. Грузія – адная з некалькіх краінаў у свеце, што яшчэ не заключылі пагаднення ў справе з вакцынаю супраць каронавіруса.

Які ваш дыягназ таго, што цяпер адбываецца ў Грузіі?

Думаю, беларусам гэтая сітуацыя вельмі знаёмая. Масавы ціск на медыі. Два гады таму закрылі галоўны апазіцыйны канал «Руставі-2». Журналісты адтуль сышлі і заснавалі новы канал, але аднаму з галоўных фінансістаў гэтага каналу, Гіёргію Руруа, падкінулі зброю і зачынілі ў турме.

У Грузію мне не дазваляюць уязджаць ужо дзявяты год праз абсалютна надуманыя абвінавачванні.

Сотні нашых актывістаў былі вымушаныя пакінуць краіну. Напрыклад, чалавека, які адказвае за сацыяльныя медыі ў нашай партыі, асудзілі да 6 гадоў за тое, што ён нібыта некалькі гадоў таму кагосьці абразіў на вуліцы. Грунтуючыся на паказаннях адной асобы, яго засудзілі завочна. Ён цяпер застаецца ў Варшаве. Змог з’ехаць у апошні момант.

Цяпер затрымалі старшыню нашае партыі Ніка Мэлію праз надуманае абвінавачванне ў дзяржаўным перавароце: быццам ён два гады таму спрачаўся з паліцыяй падчас масавай акцыі. Тады дзясяткам людзей выбілі вочы гумовымі кулямі, шмат людзей былі параненыя. Штурмавалі офіс партыі паказальна: зламалі дах, вокны, выкарыстоўваючы пяць тысяч спецназаўцаў.

Акцыя супраць затрымання Ніка Меліі 23 лютага, г. Тбілісі. Партрэт палітыка на плакаце. Фота: David Mdzinarishvili/TASS

Гэта ўсё вам знаёма. Пазіцыя запалохвання насельніцтва змушае людзей пакінуць краіну. Калі я стаўся прэзідэнтам Грузіі, насельніцтва было крыху большым за 4 мільёны, да сёння яно скарацілася на 900 тысяч асобаў. А цяпер ужо толькі за адзін дзень тыдзень таму на паездку ў Нямеччыну на сельскагаспадарчыя работы зарэгістраваліся 84 тысячы асобаў. Людзі масава ўцякаюць з краіны. Пры мне эканоміка вырасла ў чатыры разы, а пры іх – скарацілася на 6 % за той самы перыяд. Карупцыя пачала вяртацца.

Поўная беларусізацыя і ўкараненне расейскае мадэлі. Спецназ разганяе пратэстоўцаў.

Галоўнае, што былі скрадзеныя выбары, таму што ўсе прызнаюць, што адбыўся масавы подкуп выбарцаў, масавае ўкідванне галасоў. Ад рукі перапісалі пратаколы, калі гэтага не ставала. Калі выявілася, што ў іх усяго 40 %, а ў апазіцыйнай кааліцыі – 60 %, яны перапісалі наадварот вынікі выбараў.

Лідар апазіцыі быў арыштаваны. На днях збілі аднаго з самых вядомых журналістаў разам з жонкаю. Дырэктара галоўнага апазіцыйнага каналу Нікалаза Гварамію два разы на тыдзень возяць на суд, у яго адабралі пашпарт за тое, што ён нібыта ўчыніў шкоду ўласнай былой кампаніі. Хоць уладальнікі кампаніі, якую ў іх адабралі, кажуць, што ён быў найлепшым менеджарам за ўсю іхную гісторыю. Я думаю, нашыя сітуацыі вельмі падобныя.

Сцэнар Лукашэнкавага сыходу падказвае Саакашвілі. На што яму скардзілася Ціханоўская?

Я бачу шмат паралеляў, але Грузія ўсё ж такі дэмакратычная дзяржава, дзе выбары да восені 2020 года працавалі. У Беларусі яны не працуюць ужо амаль 26 гадоў, уладу трымае адзін чалавек. І маштаб рэпрэсіяў, вядома, яшчэ не сувымерны. На шчасце, ён меншы ў вас у Грузіі.

Гэта залежыць ад маштабу пратэсту. Будзе больш пратэстаў, будзе больш рэпрэсіяў. Грузію таксама кантралюе адзін чалавек, алігарх і афіцыйны твар, найбуйнейшы акцыянер расейскага «Газпрому». Ён сказаў, што не аддасць улады. Практычна мінулай восенню ён сказаў, што мы выбары як інстытут скасавалі.

Я двойчы перадаваў уладу. У 2007 годзе ў нас былі масавыя мітынгі ў Грузіі, я скараціў свой прэзідэнцкі тэрмін на два гады, сышоў у адстаўку. З цяжкасцю перамог на выбарах з перавагай толькі 2 %, 52 % у мяне было.

Міхэіл Саакашвілі падчас прэзідэнцкай кампаніі 25 снежня 2007 г.

Другі раз у 2012 годзе, калі нашая партыя прайграла, мой другі прэзідэнцкі тэрмін заканчваўся. Я не збіраўся працягваць яго, я перадаў уладу мірным спосабам праз 5 хвілінаў пасля абʼяўлення вынікаў экзіт-полаў.

Мы, вядома, разлічвалі, што ў Грузіі будзе развівацца дэмакратыя, але мы ведалі, што людзі, якія прыйшлі да ўлады, не маюць добрых намераў, што будуць манеўраваць дзяржаўнымі інстытутамі. З іншага боку, мы думалі і думаем, што грузінскі народ не дапусціць таго, каб у яго адабралі дэмакратычны здабытак – свабодныя выбары і свабодную прэсу.

Каму выгадна тое, што адбываецца ў Грузіі? Чаму ўладу нельга перадаць мірным шляхам, калі ты рэальна прайграў выбары? Раней гэта было магчыма.

Калі казаць пра вонкавыя сілы, гэта выразна выгадна Пуціну. Пасля прыходу да ўлады Байдэна сталася зноў рэалістычнаю інтэграцыя Грузіі з NATO. Зноў актывізаваўся Еўразвяз. Цяпер пра гэта казаць амаль не выпадае. Ёсць таксама людзі на Захадзе, якія з задавальненнем бы спісалі Грузію. Яны кажуць, маўляў, ну, не адбылася краіна, хоць бы ў нас менш праблемаў было, навошта яшчэ адную краіну з Усходняй Еўропы інтэграваць, калі ў нас сваіх праблемаў дастаткова. Мы проста возьмем адтуль танную працоўную сілу. Яны будуць у нас тут капусту збіраць. Рэальна на збор капусты ў Нямеччыне зарэгістраваліся дактары навук, інжынеры, лекары. Проста нацыянальная трагедыя. Таму ёсць шмат людзей, якія ад гэтага маюць выгаду. Вядома, у гэтую колькасць не ўваходзіць сам народ Грузіі, які вельмі пакутуе.

Беднасць у Грузіі з 2012 года вырасла ў 2,5 разы. Мы на ўзроўні Суб-Сахарнай Афрыкі што да галадання насельніцтва. Грузія – адная з некалькіх краінаў у свеце, што яшчэ не заключыла пагаднення ў справе з вакцынаю супраць каронавіруса.

Я думаю, што гэта штучна падтрымліваюць, гэтаксама, як і каменданцкую гадзіну. Галоўнае, што забіваюць сярэдні клас. Паводле нашых падлікаў, крадзецца штогод ад 800 мільёнаў да 1 мільярда долараў толькі бюджэтных грошай. І гэта вельмі не падобна да тае Грузіі, якую мы пакідалі. Яна была другой самай некарумпаванай краінай у Еўропе, самай бяспечнай краінай у Еўропе, а цяпер крымінал вяртаецца. Грузія была на 7-м месцы паводле прастаты вядзення бізнесу, у нас была найлепшая і найхутчэйшая мытня ў свеце, у нас было шмат таго, чаго не было ў мностве развітых краінаў. Гэтыя інстытуты паступова зводзяцца на нішто. І гэта асабліва сумна для мяне асабіста.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 25 лютага 2021 г.

Калаж з фота: VALENTYN OGIRENKO / Reuters / Forum; Mikhail Metzel / TASS / Forum

Hавiны