Адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай абскардзілі вырак журналісткам


Чацвёрты дзень суда над журналісткамі «Белсату». Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Іх пакаралі двума гадамі ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 года.
Фота: АВ / «Белсату»

У пятніцу, 26 лютага, адвакаты журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай падалі апеляцыйную скаргу на вырак дзяўчатам у Менскі гарадскі суд.

Асноўныя тэзісы абароны агучыў адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі.

Падзеі 15 лістапада 2020 года наогул нельга назваць дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Міжнародна-прававыя нормы гарантуюць грамадзянам права на мірныя сходы. І 15 лістапада грамадзяне рэалізоўвалі сваё права, лічаць адвакаты.

Абарона мяркуе, што суд не выявіў фактаў непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, а гэта – неабходная ўмова для прыцягнення да адказнасці паводле гэтага артыкулу. У прысудзе ўказваецца, што непадпарадкаванне было. Таксама ў судзе не прагучала доказаў, што менавіта дзеянні ўдзельнікаў пратэставай акцыі пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.

Зікрацкі не сказаў, што будуць рабіць адвакаты, калі апеляцыі не задаволяць, але запэўніў, што магчымасці абароны журналістак заходзіць далёка за межы разгляду справы ў Менскім гарадскім судзе.

Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова былі затрыманыя 15 лістапада за стрым, падчас якога паказалі жорсткі разгон акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэнне сілавікамі народнага мемарыялу на плошчы Пераменаў. Спачатку на дзяўчат склалі адміністратыўныя пратаколы паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП: іх звінавацілі ў тым, што яны нібыта бралі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту і не падпарадкоўваліся пры гэтым міліцыі. 17 лістапада суд Кастрычніцкага раёну пакараў журналістак за прафесійную дзейнасць 7 соднямі адміністратыўнага арышту. У пастанове адзначалася, што складу злачынства ў іхных дзеяннях няма.

20 лістапада ім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Для дзяўчат абралі меру стрымання ў выглядзе арышту і этапавалі ў жодзінскую турму. Там іх трымалі ў розных камерах.

Суд Фрунзенскага раёну Менску пакараў нашых каляжанак двума гадамі пазбаўлення волі.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў