205-ы дзень пратэстаў. Новы КаАП, Адвакаты Андрэевай і Чульцовай абскардзілі вырак


1 сакавіка ў Беларусі набыў моц новы КаАП. Змены ў заканадаўстве прадугледжваюць узмацненне адказнасці за ўдзел у масавых акцыях пратэсту, якія анансуюць у штабе Святланы Ціханоўскай. Іншыя галоўныя падзеі 205-га дня паслявыбарчых пратэстаў у аглядзе «Белсату».

Адвакаты Чульцовай і Андрэевай абскардзілі вырак

У пятніцу, 26 лютага, адвакаты журналістак «Белсату» Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай падалі апеляцыйную скаргу на вырак дзяўчатам у Менскі гарадскі суд. Асноўныя тэзісы абароны агучыў адвакат Кацярыны Андрэевай Сяргей Зікрацкі.

Падзеі 15 лістапада 2020 года наогул нельга назваць дзеяннямі, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Міжнародна-прававыя нормы гарантуюць грамадзянам права на мірныя сходы. І 15 лістапада грамадзяне рэалізоўвалі сваё права, лічаць адвакаты.

Чацвёрты дзень суда над журналісткамі Белсату. Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай вынеслі прысуд. Ім прысудзілі два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Менск, Беларусь. 18 лютага 2021 году.
Фота: АВ / Белсат

Абарона мяркуе, што суд не выявіў фактаў непадпарадкавання законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, а гэта – неабходная ўмова для прыцягнення да адказнасці паводле гэтага артыкулу. У прысудзе ўказваецца, што непадпарадкаванне было. Таксама ў судзе не прагучала доказаў, што менавіта дзеянні ўдзельнікаў пратэставай акцыі пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту.

Зікрацкі не сказаў, што будуць рабіць адвакаты, калі апеляцыі не задаволяць, але запэўніў, што магчымасці абароны журналістак заходзіць далёка за межы разгляду справы ў Менскім гарадскім судзе.

Hавiны
Адвакаты Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай абскардзілі вырак журналісткам
2021.03.01 11:34

Святлана Ціханоўская распавяла пра стратэгію перамогі, яе муж – пра судовыя выракі

Святлана Ціханоўская пракаментавала выданню NV.UA пункт стратэгіі перамогі, датычны перамоваў. Палітык лічыць, што асабіста з Лукашэнкам яны немагчымыя – трэба знаходзіць кантакты ў элітах.

«Перамовы трэба весці з палітычнай элітай, з тымі, хто навокал яго, – у каго яшчэ ёсць мараль, прынцыпы і хто разумее, што праз Лукашэнку палітычны і гуманітарны крызіс пагаршаецца, і надышоў час перамоваў. Ніхто не кажа пра Лукашэнку – усе разумеюць, што ён не пагодзіцца ні на якія перамовы і да апошняга будзе трымацца за сваю ўладу. Але мы звяртаемся да тых, хто разумее, што ў гэтай краіне яшчэ жыць іхным дзецям», – cказала Ціханоўская.

Блогер Сяргей Ціханоўскі, які ўжо дзясяты месяц сядзіць за кратамі, даслаў ліст журналістцы TUT.by. Муж экс-кандыдаткі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай пракаментаваў палітычна матываваныя прысуды.

«Я бачу ў навінах выракі судоў для блогераў, актывістаў і журналістаў. Хлусня і несправядлівасць спараджаюць узлаванасць і негатыў. Незразумела, на што спадзяюцца ўлады, бо ў сярэднім прысуды па 3 гады, і праз пару гадоў сотні нявінна асуджаных выйдуць на волю. Усе іхныя гісторыі зноў будуць агучаныя. І калі на фоне гэтых прысудаў не з’явяцца новыя Аўтуховічы, то частка з гэтых асуджаных потым жа сама стане Аўтуховічамі», – мяркуе Сяргей Ціханоўскі.

Адвакат Алег Юрчанка і блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Фота belsat.eu

Новы Адміністратыўны кодэкс

Сёння ў Беларусі пачынае дзеяць новы Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Змены ў ім закранулі ў тым ліку «палітычныя» артыкулы.

Галоўны «палітычны» артыкул цяпер не 23.34, а 24.23, але фармулёўка ранейшая: «Парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзення масавых мерапрыемстваў». Калі гэтае правапарушэнне здзейсненае паўторна цягам года, максімальны памер штрафу павялічваецца ад 100 да 200 базавых велічыняў (у выпадку арганізатараў ад 150 да 200). А содняў можна атрымаць ажно 30.

Пацвердзіліся магчымыя папраўкі ў КК. Прапануюць пазбаўляць волі за мітынгі. Крымінальны кодэкс. Крыніца: pravo.by

Акрамя таго ўвялі адказнасць за абразу службовай асобы ў інтэрнэце. З’явілася адказнасць за фінансаванне СМІ замежнымі юрыдычнымі асобамі, замежнымі грамадзянамі ці асобамі без грамадзянства ў выпадку, калі гэта забаронена заканадаўчымі актамі, а таксама за фінансаванне з ананімных крыніцаў. Караць за сцягі цяпер можна паводле асобнага артыкулу – 24.26 («Незаконнае выкарыстанне і выраб сцягоў і сімвалаў»). За гэта прадугледжаны штраф ад 5 да 20 базавых велічыняў (індывідуальным прадпрымальнікам – ад 10 да 40, юрыдычным асобам – ад 20 да 60).

Hавiны
З 1 сакавіка дзее новы Адміністратыўны кодэкс. За мітынгі цяпер можна атрымаць да 30 содняў
2021.03.01 09:14

Выстава беларускіх фатографаў у Варшаве

З 4 да 25 сакавіка ў варшаўскай галерэі «Kordegarda» адбудзецца выстава «Беларусь: Марш Свабоды». Ініцыятарам выступіў Еўрапарламент, а шэфства над экспазіцыяй узяў тэлеканал «Белсат».

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Фотавыстава «Беларусь: Марш Свабоды» адлюстроўвае падзеі апошніх шасці месяцаў у Беларусі з гледзішча вядомых беларускіх фотажурналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам» і іншымі незалежнымі беларускімі медыямі: Юліі Шаблоўскай, Аляксандра Васюковіча, Дар’яі Буракінай, Надзеі Бужан, Андрэя Ланкевіча, Лесі Пчолкі і Вольгі Шукайлы. Як кажуць арганізатары выставы, аўтары фотаздымкаў апынуліся адначасова ў падвойнай ролі: журналіста і грамадзяніна.

Сотні палітычных прысудаў за люты

Праваабарончы цэнтр «Вясна» падсумаваў звесткі пра суды ў крымінальных справах палітычнага кірунку, якія адбыліся ў лютым. У палітычна матываваных справах пакаралі не менш як 102 чалавекі

Часцей за ўсё асуджаныя атрымлівалі пазбаўленне волі (49 чалавек). 26 чалавек атрымалі тэрміны «хіміі», 21 – «хатняй хіміі». Тройчы суды каралі пратэстоўцаў штрафамі, столькі ж – арыштамі.

17-гадоваму хлопцу з эпілепсіяй Мікіту Залатарову далі 5 гадоў калоніі за «масавыя беспарадкі». Дзмітрый Карнееў і Мікіта Залатароў. Гомель. 22 лютага 2021 года.
Фота: ЛШ / Белсат

Большасць людзей (39) асудзілі паводле артыкулу 342 («Арганізацыя і рыхтаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), 17 чалавек пакаралі паводле арт. 369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), 15 – паводле 364 («Гвалт ці пагроза ўжывання гвалту над супрацоўнікам органаў унутраных справаў»), 12 – паводле 293 («Масавыя закалоты»), 11 – паводле 339 («Хуліганства»).

За гвалт сілавікоў у паслявыбарчы час пакуль не завялі ніводнай крымінальнай справы.

Анонс
Выстава вядомых беларускіх фотакарэспандэнтаў у варшаўскай галерэі «Kordegarda»
2021.03.01 16:01

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў