З магілы Алеся Чаркашына знік нацыянальны сцяг


Берасцеец Алесь Чаркашын пайшоў з жыцця больш за 6 гадоў таму. Увесь гэты час сябры дбалі пра сцяг на ягонай магіле на вясковых могілках у вёсцы Камяніца Жыравецкая Берасцейскага раёну. Цяпер жа сцяг проста знік.

З магілы Алеся Чаркашына на вясковых могілках у вёсцы Камяніца Жыравецкая Берасцейскага раёну знік нацыянальны сцяг.
Фота: Белсат.

«Яны ўжо дабраліся да мёртвых! Столькі гадоў на вясковых могілках вісеў гэты сцяг і нікому не замінаў. Калі была патрэба, то мы замянялі яго на новы», – кажа адзін з берасцейцаў.

Алесь Чаркашын быў парамедыкам на Данбасе. Ён быў цяжка паранены 10 жніўня 2015 года ў баі каля вёскі Белакаменка: у яго трапілі аскепкі міны, пачалося заражэнне крыві. 28 жніўня 2015-га беларус памёр у шпіталі ў Запарожжы. Чаркашыну было 33 гады.

Магіла Алеся Чаркашына з нацыянальным сцягам.
Фота: Белсат.

Да вайны Алесь Чаркашын узначальваў берасцейскі філіял БХД. У пачатку 2015 года ўступіў у добраахвотніцкі ўкраінскі корпус «Правага сектару», быў таксама капеланам у складзе тактычнай групы «Беларусь». Чаркашын быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «Народны Герой Украіны» – недзяржаўнай узнагародаю, заснаванай украінскімі валанцёрамі.

Алеся Чаркашына пахавалі на вясковых могілках Камяніцы Жыравецкай Берасцейскага раёну.

Hавiны
Шэсць гадоў таму памёр Алесь Чаркашын
2021.08.28 09:11

АС belsat.eu

Стужка навінаў