Як выглядае сёння палітычная турма XIX стагоддзя на рацэ Бярэзіне. Былы вязень – пра бабруйскі СІЗА


Свет «зоны» за апошнія паўтара года стаў нечакана вельмі блізкім для беларусаў. ІЧУ, СІЗА, калоніі, турмы – цяпер рэчаіснасць і штодзённасць для ўсё большай колькасці беларускіх сем’яў. Таму мы лічым важным як мага больш дэталёва распавесці, як там выглядае побыт. Наш суразмоўца прайшоў праз шэраг пенітэнцыярных установаў «яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам». Падаем ягоны аповед пра жыццё за кратамі. У першай частцы – як выглядаюць знутры бабруйскія ізалятары – часовага ўтрымання і следчы.

«Дно засталося недзе зверху, а ты трапіў яшчэ ніжэй»

ІЧУ ў Бабруйску.
Фота: nash-dom.info

Беларус, з якім мы размаўляем пра «зону», перажыў зняволенне ў бабруйскіх ІЧУ і СІЗА № 5, транзітнай камеры ў гомельскім СІЗА № 3, у Следчай турме № 4 і папраўчай калоніі № 15 у Магілёве. Мужчына не гатовы раскрываць сваю асобу, таму мы не называем імя, артыкул, гады зняволення.

Даведка
зона.бел – праект «Белсату», які прысвечаны ўмовам, у якіх трымаюць палітычных вязняў. Турмы, калоніі, СІЗА, ІЧУ – там праводзяць дні, месяцы і, на жаль, гады тыя, хто незаконна трапіў за краты. Журналісты не могуць паказаць знутры, як выглядае побыт за кратамі, але пры дапамозе тых, хто ўжо адседзеў, мы можам распавесці аб выпрабаваннях, праз якія праходзяць тысячы беларусаў.

У бабруйскі ізалятар часовага ўтрымання наш суразмоўца трапіў яшчэ да рамонту, які рабілі там летась. Цяпер умовы сталі крыху лепшыя. Як было да гэтага – перадаем успаміны былога вязня:

– Калі складаць рэйтынг самых жорсткіх клаакаў свету, бабруйскі ІЧУ яшчэ пару гадоў таму меў бы добрыя тры зоркі ў ім.

У камеры – трое нараў, у куце – вядро. Сцены з грубай «шубай», усё зашмальцаванае, адпаведныя пахі.

Пад’ём а 6-й гадзіне раніцы, праверка. Выводзяць у прыбіральню, якая месціцца на калідоры, на 10–15 хвілін. Там жа нейкае падабенства рукамыйніка. Увесь астатні час ці трывай содні, ці спраўляй патрэбу ў цеснай і бруднай камеры пры ўсіх.

Бабруйскі ІЧУ: 1. калідор; 2. санвузел і рукамыйнік; 3. 4-мясцовая камера, вядро ў куце замест прыбіральні; 4. нары ў камеры. Малюнак героя матэрыялу

Памяшканне не праветрывалася. Святло ў камеру не трапляла. Гадзіннік у цябе забіраюць, і ты арыентуешся ў часе толькі па ежы, якую табе прыносяць. Калі ты ніколі ні з чым падобным не сутыкаўся, трапляючы туды, разумееш, што дно засталося недзе зверху, а ты – ніжэй. Тыя ўмовы можна смела назваць адным з відаў катаванняў.

СІЗА № 5: тут сядзелі ўдзельнікі паўстання Каліноўскага

Праз 10 содняў нашаму суразмоўцу прад’явілі абвінавачанне і перавялі ў СІЗА № 5 г. Бабруйску. Гэты следчы ізалятар адметны тым, што размяшчаецца ў гістарычным будынку, – так званай «вежы Апэрмана», якая ўваходзіць у комплекс Бабруйскай крэпасці. Будаўніцтва фартэцыі распачалося ў 1810 годзе, вежу дабудавалі ў 1831-м, яна атрымала імя інжынера Карла Апэрмана, які і распрацаваў план крэпасці. Аднак яшчэ да 1831 году вежа выкарыстоўвалася як палітычная турма. Першымі арыштантамі тут былі дзекабрысты, пазней – удзельнікі паўстанняў 1831 і 1863 гадоў.

СІЗА №5 у Бабруйску, унутраны дворык.
Фота: komkur.info

Пра бабруйскую турму на тэрыторыі крэпасці пісаў расейскі пісьменнік Аляксандр Герцэн і параўноўваў яе з французскімі: «… Перш за ўсё, трэба ведаць, што такое французскія турмы. Адзін дазвол бачыцца з іншымі арыштантамі і разам гуляць робіць іх больш прымальнымі, чым Шпільбэрг, Шпандаў ці Бабруйск». А самая вядомая ягоная цытата: «Няхай Сібір, няхай што заўгодна, толькі не гэтая страшная турма на рацэ Бярэзіне».

СІЗА № 5 у Бабруйску. Макет. Наперадзе – двухпавярховы адміністратыўны будынак. Збудаванне ў форме кругу ўнутры старога будынку – «падковы» – дворыкі для шпацыраў падследных.
Фота: komkur.info

Падчас Другой сусветнай вайны ў вежы трымалі ваеннапалонных. Пасля вайны – рэпрэсаваных савецкіх грамадзянаў. Потым да 1969 года тут былі камеры папярэдняга заключэння, з 1969 года – СІЗА.

Сёння ізалятар, разлічаны на 310 чалавек, абслугоўвае, акрамя Бабруйску, шэсць суседніх раёнаў: пяць – Магілёўскай вобласці, адзін – Гомельскай.

У 2002 годзе вежа Апэрмана разам з усім комплексам крэпасці была занесеная ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і атрымала другую ахоўную катэгорыю як помнік нацыянальнага значэння.

СІЗА № 5 у Бабруйску. Унутраны дворык. На будынку – шыльда, якая паведамляе, што гэта – гістарычна-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь.
Фота: komkur.info

«Калі вялі ў камеру, думаў – усё, хана»

Як сёння выглядае побыт у СІЗА, распавядае наш суразмоўца, які правёў там крыху менш за год.

– Цябе прывозяць. Шмон, то бок праверка, падчас якой ты цалкам раздзяваешся, прысядаеш пры гэтым. Потым цябе вядуць у «баню» – памяшканне, у якім 7 ці 8 «душавых саскоў», без распыляльнікаў – на цябе проста льецца вада з трубы. Халодная. Табе кажуць – слухай, у нас гарачай вады няма, будзеш прымаць душ? А ты больш за тыдзень прабыў у мярзотных умовах у ІЧУ, таму табе ўжо ўсё роўна, якая там вада.

Потым апісваюць твае рэчы і вядуць у камеру. Пасля ІЧУ я сабе ўяўляў, што турма павінна быць яшчэ больш жорсткай, думаў, будзе нешта кшталту кучы сена ў куце і дзірка ў падлозе.

Мяне вялі ў камеру праз неадрамантаванае крыло. Я ішоў, глядзеў на гэтыя скляпенні, абабітую цэглу, абшарпаныя старыя дзверы з «кармушкамі», якія ў тым свеце называюць «браня», і думаў – усё, хана. Дужа гнятлівая абстаноўка. Ідзеш, цягнеш з сабой скручаны матрац – «вату», пасцельную бялізну, нейкія свае рэчы, у ботах без матузкоў . Усё максімальна нязручна. Лесвіца, якая не адпавядае ніякім антрапаметрычным паказнікам. Прыступкі крутыя, слізкія, па іх агулам складана ісці, не кажучы ўжо пра тое, каб з сабой нейкія рэчы несці.

СІЗА № 5 у Бабруйску.
Фота: komkur.info
СІЗА № 5 у Бабруйску.
Фота: komkur.info

Калі мяне прывялі ў камеру, я выдыхнуў, бо ўяўляў сабе хлеў, але аказалася, што ўсё не так страшна. Там былі даволі новыя «шканары», вялізнае скляпенне на ўсю камеру, светлыя сцены, плітка на падлозе, чыста.

Халодная вада, электрычнасць паводле раскладу, увесь час расчыненае акно

Будынак Бабруйскага СІЗА мае форму падковы. Па ўнутраным радыусе праходзіць калідор, а па вонкавым – «нарэзка» з камераў. У камерах, паводле былога арыштанта, як правіла, 14 чалавек, але ёсць і разлічаныя на 12, 8, і нават 4 чалавекі. Усярэдзіне камеры вельмі падобныя:

– Справа ці злева ад уваходу – туалет, агароджаны цаглянай сценкай такой вышыні, што калі ты стаіш, не відаць тваёй ніжняй часткі. Металічныя дзверы ў навейшых камерах. У больш старых – проста занавеска. На супрацьлеглым баку – вешалка для вопраткі, месца для абутку і двух’ярусныя ложкі. У новых камерах – з высоўнымі скрынямі для рэчаў. У старым корпусе рэчы захоўвалі проста ў сумках, якія ставілі пад нары.

Маленькае акенца, якое ніколі не зачынялася, незалежна ад часу, сезону, надвор’я.

СІЗА № 5 у Бабруйску: 5. прыёмнік; 6. агульны выгляд камеры; 7. план камеры, справа ўнізе – санвузел; 8. агульны выгляд СІЗА з дворыкамі для шпацыраў унутры. Малюнак героя матэрыялу

Раз на тыдзень вадзілі ў «баню», тады ж мянялі пасцельную бялізну, ручнікі, якія там чамусьці называлі «баландзёркай», хоць увогуле «баландзёры» – гэта гаспадарчая абслуга турмы, якая складаецца з вязняў, што засталіся там адбываць пакаранне. Да іх ставяцца крыху грэбліва, бо яны наўпрост падпарадкоўваюцца супрацоўнікам турмы і выконваюць іхныя загады.

Разеткі працавалі паводле раскладу, і гэта вельмі нязручна. Нехта захацеў гарбаты зрабіць, а табе, напрыклад, трэба ваду нагрэць у тазіку, каб нешта папраць, бо гарачай вады ў камерах няма. Часам з праннем трапляеш у не самыя прыемныя сітуацыі. Напрыклад, ты толькі што замачыў адзежу, і тут шмон, усю камеру выводзяць на «прадол» – калідор. Адпаведна ты са сваімі мокрымі рэчамі ў пакеце выходзіш на праверку.

Асобнае пытанне – як высушыць рэчы, асабліва ў міжсезонне, калі няма ацяплення. Вельмі вільготна, нічога не сохне, у выніку часам дасушваеш на сабе, з усімі наступствамі гэтага – кашаль, насмарк і іншае.

Турэмныя шпацыры: сонца ў дворыкі амаль не трапляе

Камера ў СІЗА № 5 у Бабруйску.
Фота: komkur.info

Па ўнутраным радыусе «падковы» бабруйскага СІЗА размешчаныя таксама дворыкі для шпацыраў, распавядае былы вязень:

– Раз на дзень цябе выводзяць у гэтыя дворыкі. Туды амаль не трапляе сонца, толькі ўвесну ці ўлетку некаторыя дворыкі крыху закранае.

Дворыкі – гэта такі круг, падзелены на сектары. Уверсе ходзяць супрацоўнікі турмы і глядзяць, каб ты там ні з кім не размаўляў, не біўся ці нечага яшчэ не рабіў супрацьпраўнага.

Перад шпацырам усіх правяраюць, пасля зноў, перад тым як зайсці ў камеру, стаіш «на расцяжцы». Пакуль ты на шпацыры, камеру могуць шманаць – без цябе спакойна лазяць па тваіх рэчах.

Вельмі розны ў СІЗА кантынгент – паводле ўзросту, сацыяльнага і культурнага ўзроўню, паводзінаў. Там я зразумеў, што да моманту, пакуль я не трапіў туды, жыў у нейкім сваім свеце: нарадзіўся ў добрай сям’і, вучыўся ў добрай школе, універсітэт, праца, навокал усе інтэлігентныя людзі. А там разумееш, наколькі разнастайная Беларусь. І першы час складана, пакуль пазнаёмішся з ладам таго жыцця. Потым разумееш: самае галоўнае – не перашкаджай нікому і жыві сваім жыццём, і ніхто цябе не будзе асабліва чапаць. А можна нават знайсці цікавых суразмоўцаў.

Прызвычайваешся да мясцовых традыцыяў. Напрыклад, чаго пільнаваліся ў бабруйскім СІЗА: калі ў цябе нешта з ежы ўпала на падлогу, ты не можаш гэта падняць, трэба выкінуць. А калі ў цябе ў туалеце на падлогу ўпала нешта, хоць і нейкая асабістая дарагая рэч, ты не маеш права да яе больш дакранацца, бо гэта лічыцца брудным месцам. З табою могуць адмовіцца камунікаваць, піць гарбату і г. д.

«Першаходы», «осуждёнка», «обиженка»

Вежа Апэрмана – СІЗА № 5 у Бабруйску.
Фота: komkur.info

Камеры ў бабруйскім СІЗА падзеленыя на некалькі тыпаў: «першаходы», «осуждёнка», жаночыя, строгага рэжыму, «малалеткі», «обиженка» ці «петушарня»:

– «Першаходы» – тыя, што першы раз туды трапілі, падследныя. Першаходаў не садзяць з бывалымі, каб тыя іх не падвучылі нечаму. «Осуждёнка» – тыя, каго асудзілі, і яны чакаюць этапу.

У камерах строгага рэжыму сядзелі рабяты, якія не першы раз туды траплялі. Жаночыя камеры таксама падзяляліся на «першаходскія» і строгія. Жанчыны ніяк не перасякаліся з мужчынамі.

«Камеры-малалеткі» для няпоўнагадовых. Разам з імі сядзяць адзін ці два дарослыя, якія за імі глядзяць. Стаць наглядчыкам для гэтых дзяцей лічыцца даволі ганебным, бо ты нібыта ўказваеш, як ім жыць, а гэтага нельга рабіць у турме, калі нешта не перашкаджае іншым.

Ёсць камеры «обиженка» ці «петушарня». У нас называлі «обиженка». Там сядзяць падследныя ці асуджаныя з пэўным статусам. Туды можна трапіць за пэўны лад жыцця на волі, напрыклад, калі даведваюцца, што чалавек не гетэрасексуальнай арыентацыі. Ці тыя, што сядзяць за згвалтаванне ці яшчэ за нейкую «жэсць», ці «опущенные по беспределу».

Нумары камераў-«обиженок» усе ведаюць, з імі не падтрымліваюць паміжкамернай сувязі. У іх нават свой посуд, астатнія з яго есці не будуць. А ўвогуле посуд агульны – пасля ежы «баландзёры» яго збіраюць, мыюць. У цябе праз увесь час застаецца толькі металічны кубак грамаў на 200–250, так званы «кругар», які ты атрымліваеш пры ўездзе.

16 кілаграмаў мыла ў заплечніку як спартовы снарад

СІЗА № 5 у Бабруйску.
Фота: сацсеткі

У СІЗА ўвогуле стараюцца «жыць агульным», падтрымліваць адзін аднаго, кажа наш суразмоўца:

– Дзеляцца адзін з адным, бо ва ўсіх розныя сітуацыі, не ў кожнага ёсць сваякі. Збіраюць чалавеку з сабой пакет, калі ён едзе на этап, каб ён не пусты ехаў, мог папаліць у дарозе, гарбату запарыць.

Ежа ў СІЗА напачатку здаецца пустой, поснай. Лягчэй становіцца, калі родныя перадаюць табе соль, спецыі. А ранішняя каша перамяняецца, калі дадаеш у яе сухафрукты, арэхі. Калі сваякі дапамагаюць, галадаць там не будзеш, а можна нават і лішнюю вагу набраць. Каб гэтага пазбегнуць, я стараўся займацца.

У камеры гэта не вельмі зручна, бо пастаянна паляць, таму выкарыстоўваеш гадзіну шпацыру. Хто прысядае, хто адціскаецца. А ў камерах, напрыклад, наліваюць вады ў смеццевыя пакеты, і з пакетамі стараюцца займацца. Мы неяк назбіралі кілаграмаў 16 гаспадарчага мыла ў заплечніку (раз на тыдзень выдаюць прыналежнасці для галення, у тым ліку мыла), і можна было з імі адціскацца ці рабіць імправізаваныя брусы. Паміж двума «шканарамі» ёсць праход – «хадок», і ў ім можна было, абапіраючыся на верхнія ярусы «шканароў», займацца.

Ну бо трэба было неяк трымаць сябе ў форме пры збольшага сядзячым ладзе жыцця. Бо ў камеры ты ўвесь час ці сядзіш, ці ходзіш, ці стаіш. Ляжаць нельга. Калі заўважаць, што ты ляжыш, напрыклад, пасля абеду, на цябе могуць напісаць дакладную, і ты паедзеш у ШІЗА.

ШІЗА: поўная ізаляцыя, сам-насам са сваімі думкамі

СІЗА № 5 у Бабруйску.
Фота: сацсеткі

– ШІЗА – гэта маленькая камера, недзе два на тры метры. Калі ты туды заязджаеш, у цябе забіраюць усё тваё адзенне, выдаюць нешта кшталту робы, і ўсё. Ты не можаш там нічога мець. Нара на ўвесь дзень прышпільваецца да сцяны, забіраюць коўдру, матрац.

У куце бетонны кубік – гэта табурэтка, столік прывараны да падлогі. Там увогуле ўся мэбля прывараная, ты не можаш ссунуць стол, лаўку. Напэўна, так зроблена з меркаванняў бяспекі.

Удзень ты можаш стаяць, хадзіць, адціскацца. Хоць і гэта часам забараняюць. Там жа стаяць відэакамеры, і бывае, толькі пачнеш займацца, як у дзверы грукаюць – нельга. Я не ведаю, чаму. Магчыма, расцэньваюць як падрыхтоўку да ўцёкаў ці зайздросцяць, што ты можаш больш адціснуцца, чым яны.

Туалет без аніякай шторкі. Ёсць камеры, у якіх «вочка» у дзвярах якраз «глядзіць» на туалет, і кантралёр можа назіраць за тваімі натуральнымі працэсамі.

Раніцай вельмі рана, каля 6:00–6:30 цябе выводзяць на шпацыр. І ты адзін гуляеш.

У ШІЗА нельга нічога чытаць ці пісаць. Туды не перадаюць перадачаў, лістоў. Ты там у поўнай ізаляцыі, сам-насам са сваімі думкамі.

З бабруйскага СІЗА нашага суразмоўцу этапавалі ў Гомельскі – там ён два тыдні прабыў у так званай «транзітнай хаце», а потым – у Магілёўскую следчую турму № 4. Пра яе і папраўчую калонію № 15 – у другой частцы аповеду.

Праз бабруйскі СІЗА №5 прайшлі некаторыя палітвязні. Сярод іх: бабруйцы Ігар і Алег Букасы, Ягор Храменя, асуджаныя за гвалт у дачыненні супрацоўнікаў міліцыі, Ілля Дзярагін – адбываў у «вежы Апэрмана» пакаранне – тры месяцы арышту за абразу прэзідэнта, Дзмітрый Бабок – затрыманы сёлета ў чэрвені, асуджаны на 1 год калоніі таксама за абразу прэзідэнта, пакуль што застаецца ў бабруйскім СІЗА.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў