Як Беларусь абыходзіць санкцыі з дапамогай партнёраў алігарха Вараб’я


За мінулы год пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію выраслі амаль у тры разы. Ва ўмовах заходніх санкцыяў гэта было немагчыма без маніпуляцыяў з таварнымі кодамі. Канчатковымі бенефіцыярамі схемы сталі людзі, звязаныя з беларускім бізнесменам Мікалаем Вараб’ём. Гэта высветлілі праграма «Давайце разбірацца», цэнтр журналісцкіх расследаванняў «Re: Baltica» і выданне Delfi.ee.

Глядзіце ў нашым відэа:

Што за схема?

Пастаўкі нафтапрадуктаў прыносяць беларускім уладам мільярды долараў выручкі. Раней каля паловы тавараў накіроўвалася на экспарт праз еўрапейскія парты. Але з 25 чэрвеня 2021 года такія пастаўкі сталі фармальна немагчымымі. Гэта адбылося пасля скандальнай пасадкі самалёта «Ryanair» у Менску, калі пад еўрапейскія абмежаванні трапілі цэлыя сектары беларускай эканомікі, у тым ліку і нафтавай.

Хоць трэба абмовіцца, што пад санкцыі трапілі ключавыя катэгорыі нафтапрадуктаў: бензін, дызель, газ, мазута. Іх класіфікуюць пад таварным кодам 2710. Са звестак, атрыманых следчымі ад Еўрастату, відаць, што ўжо ў ліпені экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі ў ЕЗ рэзка скараціўся.

Але адначасова з гэтым падзеннем здарыўся «экспартны цуд». Яшчэ да ўвядзення санкцыяў сталі імкліва расці пастаўкі ў ЕЗ нафтапрадуктаў пад кодам 2707, што ўключае, напрыклад, масла, бензол, талуол, ксілол, нафталін ды іншыя прадукты, якія не трапляюць у заходнія абмежаванні.

Аб’ектыў
«Эканамічны цуд» адбыўся. Але не паўторыцца
2021.12.31 21:35

Паводле звестак Еўрастату, за апошні год экспарт з Беларусі ў ЕЗ алівы пад кодам 2707 павялічыўся ўтрая – да 1,7 млн тон. І гэта пры тым, што рэзкае павелічэнне прыйшлося ўжо на апошнія месяцы 2020 года. Калі ж параўнаць з дадзенымі за 2019 год, дык гэтая колькасць павялічылася больш чым у 4,5 разу за два гады. У грошах за няпоўны мінулы год «экспартны цуд» ацэньваецца ў больш за паўмільярда еўраў. Асноўная плынь паставак прыпадае на Эстонію.

Ці ведалі ў Эстоніі пра гэтыя пастаўкі?

У эстонскай мытні распавялі, што старанна правяраюць пастаўкі з Беларусі. Правяраюцца і нафтапрадукты, што не трапілі пад абмежаванні. Калі гэта неабходна, мытня бярэ ўзоры з гэтых партыяў і аналізуе іх у лабараторыях.

«Падобныя праверкі мы ажыццяўлялі ўжо сёлета. У нас было падазрэнне, што ў пададзенай дэкларацыі быў адлюстраваны няправільны таварны код. Мы праверылі, узялі пробы і, на шчасце, нашыя падазрэнні не апраўдаліся», – сказаў прадстаўнік Мытнага дэпартаменту Эстоніі Пірэт Тынкус.

Аналітыка
Дык працуюць санкцыі ці не? Што адбываецца з беларускім транзітам праз Балтыю
2021.12.27 07:30

У Міністэрстве замежных справаў Эстоніі былі здзіўленыя, калі даведаліся, што асноўныя аб’ёмы беларускіх нафтапрадуктаў пад кодам 2707 ідуць праз іх краіну. Пазней кіраўніца МЗС Эва-Марыя Ліймэтс адзначыла, што «поўнага эмбарга ў дачыненні Беларусі не было ўведзена, і ў такіх выпадках заўсёды ёсць тавары і асобы, якія не падпадаюць пад дзейныя санкцыі».

«Хоць транзіт беларускіх нафтапрадуктаў праз Эстонію ў яго цяперашнім выглядзе законны, я цалкам згодная з тым, што ён дрэнна выглядае на фоне санкцыяў», – дадала Эва-Марыя Ліймэтс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўночны порт Пальдыскі ў Эстоніі.
Фота: wikimedia.org

Прэм’ер-міністарка Эстоніі Кая Калас даручыла профільным міністэрствам высветліць, ці мела месца зламыснае парушэнне санкцыяў падчас транзіту праз Эстонію беларускіх нафтапрадуктаў.

«У тэме захавання санкцыяў супраць Беларусі дзяржаве выказаны сурʼёзны папрок, – распавяла Кая Калас. – Сітуацыя выглядае вельмі дрэнна, і я стаўлюся да гэтага вельмі сурʼёзна. Прынцыповая замежная палітыка мусіць выяўляцца і ў яе выкарыстанні ўдома: калі мы дамовіліся пра санкцыі – мы мусім іх ужываць, і калі зʼяўляюцца прабелы, то трэба іх ліквідаваць. У адваротным выпадку мы прымяншаем сваю пераканаўчасць і сцішаем голас на міжнароднай арэне».

Хто ж стаіць за «экспартным цудам»?

Журналісты «Delfi» даведаліся, што беларускія нафтапрадукты ў Эстонію перавозіла эстонская кампанія «Merktrans». Пад якім таварным кодам яны ішлі, прадстаўнік экспедытарскай фірмы адмовіўся гаварыць.

«У 2021 годзе «Merktrans» перавёз з Беларусі каля 1,8 млн тон наліўных грузаў, – сказаў сябра праўлення «Merktrans» Аляксандр Кавалёў. – Гэта нафтапрадукты, што не ўваходзяць у санкцыйны спіс і, у сваю чаргу, дазволеныя да транзіту мытнымі органамі».

Колькасць нафтапрадуктаў, перавезеных «Merktrans», амаль цалкам супадае з лічбамі Еўрастату пра імпарт беларускай алівы. Хто ж стаіць за гэтым перавознікам?

Следчыя знайшлі сувязі гэтай фірмы з эстонскім бізнесоўцам Аляксеем Чульцом, які быў даўнім партнёрам Мікалая Вараб’я – галоўнага беларускага нафтавіка, набліжанага да ўладаў.

Hавiны
Як набліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы хаваюцца ад санкцыяў
2021.08.28 08:32

Адзін з ланцужкоў сувязі выглядае наступным чынам. Аляксей Чулец уваходзіць у раду «Merktrans». А раней ён быў саўладальнікам гэтай кампаніі праз эстонскі холдынг «Baltic Sea Bunkering». А Мікалай Варабей быў звязаны з «Merktrans «праз падкантрольную яму кампанію «БелКазТранс». У 2020 годзе дырэктар даччынай структуры «БелКазТрансу» ў Маскве Аляксей Лысенкоў узначальваў адначасова прадстаўніцтва «Merktrans» у Расеі.

Мікалая Вараб’я таксама называлі асноўным уладальнікам «Новай нафтавай кампаніі». Гэта адзіная прыватная кампанія, якая мае права на экспарт нафтапрадуктаў з Беларусі. У кастрычніку 2020-га і студзені 2021-га НКК прадала больш за 2 млн тон мазуты для пастаўкі праз эстонскі порт Муўга. Паводле інфармацыі ад удзельнікаў рынку, адна з кампаніяў, што выкупіла мазуту ў ННК, называецца «Tintrade». Яе дзейнасць таксама звязваюць з Аляксеем Чульцом.

Эстонскі бізнесовец Аляксей Чульцоў (справа).
Фота: Real Me / aripaev.ee

Мікалай Варабей трапіў пад санкцыі ЕЗ у снежні 2020 года. Пазней у чорны спіс трапіла і «Новая нафтавая кампанія». У Бруселі падазравалі, што ННК выкарыстоўваецца для абыходу абмежаванняў.

Расследaванні
Як «аршанскі афшор» спрабуе абысці санкцыі Захаду і незадаволенасць Расеі
2021.10.26 18:05

Чулец займаецца транзітным і партовым бізнесам у краінах Балтыі ўжо каля 30 гадоў. Сумесна з бізнес-партнёрам Сяргеем Пастэрсам ён валодае эстонскім портам Пальдыскі. Акрамя таго, ім належаў рыжскі тэрмінал «B. L. B Baltijas terminals». Праз яго Беларусь шмат гадоў экспартавала нафтапрадукты ў трэція краіны.

У красавіку 2021 года холдынгавая кампанія Чульца-Пастэрса прадала «B. L. B Baltijas terminals» вышэйзгаданаму «БелКазТрансу», які да снежня 2020 года належаў Вараб’ю. Аднак у латвійскім рэестры юрыдычных асобаў уладальніцай значылася беларуска Лідзія Ушакова. Яна пераняла ў Варабʼя «БелКазТранс» роўна за тыдзень да таго, як ЕЗ уключыў яго ў санкцыйны спіс.

Пра яе мала што вядома, акрамя таго, што раней працавала ў кампаніях Варабʼя, была партнёркаю іншага алігарха Аляксея Алексіна, які патрапіў пад санкцыі, у адным з ягоных і Варабʼя прадпрыемстваў («Неанафта») і выступае саўладальніцай рэстарану «Бруклін» у Менску. Ушакова не адказала на просьбу пракаментаваць сітуацыю. Зрэшты, ейнае валоданне тэрміналам доўжылася нядоўга. У верасні 2021 года ён быў прададзены зарэгістраванай на Кіпры кампаніі, што належыць грамадзяніну Азербайджану.

Hавiны
«Рабочы рух» апісаў схему калійных афшораў
2021.12.08 16:31

Аляксей Чулец сваю цяперашнюю сувязь з Мікалаем Варабʼём адмаўляе:

«Пасля накладання на яго санкцыяў прадпрымальніцкай дзейнасці з ім не маю».

Дзеля справядлівасці варта сказаць, што беларускія нафтатрэйдары раней ужо зараблялі маніпуляцыямі з таварнымі кодамі. Можна ўспомніць гучную гісторыю з «разбаўляльнікамі», калі беларусы бязмытна закуплялі ў Расеі нафтапрадукты, а потым прадавалі іх у Еўропу пад выглядам хімічнай прадукцыі.

Схема праіснавала з пачатку 2011 да канца 2012 года. Толькі за 2012 год было пастаўлена нафтапрадуктаў на 2,8 млрд долараў. У параўнанні з 2011 годам рост склаў 77 %. Кампанія Варабʼя была адной з удзельніц гэтай схемы. У 2013 годзе пад ціскам расейскіх уладаў, якія ацэньвалі свае страты ад рээкспарту ў 1,5 млрд долараў, Беларусь была вымушаная спыніць «разбаўляльную» схему.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр «Новая зямля» для «Белсату».

У суаўтарстве з «Re: Baltika» і Delfi.ee

Стужка навінаў