«Рэферэндум», вучэнні, цэны і санкцыі для «Беларуськалію». Што чакае Беларусь і беларусаў у лютым


Новы месяц традыцыйна прыносіць шэраг змяненняў у жыццё грамадзянаў нашай краіны. Сабралі асноўныя новаўвядзенні, якія чакаюць Беларусь у лютым – як палітычныя, так і эканамічныя, эпідэмічныя ды архітэктурныя.

«Рэферэндум» is coming

27 лютага дзейныя ўлады Беларусі запланавалі канстытуцыйны «рэферэндум». У межах рыхтавання да яго ЦВК зацвердзіў каляндарны план арганізацыйных захадаў.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Да 1 лютага павінны быць утвораныя ўчасткі для галасавання, да 6 лютага – участковыя камісіі. Да 16 лютага належыць паведаміць грамадзянам пра час і месца галасавання. Датэрміновае галасаванне пачнецца 22 лютага. Першыя вынікі будуць апублікаваныя ўжо 28 лютага.

Стратэгія дэмакратычных сілаў заклікае ўдзельнікаў галасавання ставіць дзве галачкі і тым самым псаваць выбарчыя бюлетэні.

Вучэнні з Расеяй

З 10 да 20 лютага ў Беларусі супольна з Расеяй будуць праведзеныя вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022». Некаторыя аглядальнікі мяркуюць, што менавіта яны могуць папярэднічаць расейскаму нападу, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, на суседнюю Украіну.

Да 9 лютага плануецца адпрацаваць пытанні перадыслакацыі і стварэння ў кароткія тэрміны груповак войскаў на пагражальных кірунках, аховы і абароны важных аб’ектаў, аховы мяжы ў паветранай прасторы, ацэнкі гатовасці і здольнасці дзяжурных сілаў ды сродкаў выканаць навучальна-баявыя задачы з выкарыстаннем кантрольных мэтаў.

«Беларуськалій», нафта і энергетыка

З 1 лютага Літва спыняе транзіт грузаў «Беларуськалію». Менск ужо заявіў, што мае намер звярнуцца з гэтай нагоды ў суд. Апошні эшалон з калійнымі ўгнаеннямі павінен быў заехаць у Літву 31 студзеня а 19:20, каб праследаваць у Клайпедскі порт. Звычайна праз Літву штодня праходзіць 6-7 эшалонаў, па 60 вагонаў у кожным, або каля 5 тысяч тонаў угнаенняў.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Scanpix / delfi.lt

А ўкраінская энергасістэма ў лютым часова будзе адлучаная ад энергасістэмы Беларусі дзеля тэставання працы ў ізаляваным рэжыме. Прадугледжанае правядзенне сістэмных выпрабаванняў працы энергасістэмаў Украіны і Малдовы ў складзе адзінага блоку рэгулявання ў ізаляваным ад сінхроннай зоны краінаў СНД і Балтыі рэжыме. Таксама ідзе актыўная праца ў інтэграцыі энергасістэмы Украіны з еўрапейскаю сістэмаю «ENTSO-E».

У сваю чаргу Беларусь праіндэксуе на 7,4 % тарыфу на паслугі прадпрыемствам «Гомельтранснафта Дружба» ў транзіце нафты праз Беларусь па магістральных трубаправодах. Таксама прадугледжаны рост тарыфаў на транспартаванне нафты па ўнутрырэспубліканскіх маршрутах.

Што змяняецца для бізнесу і ІП

Пачынаючы з 1 лютага, прадпрымальнікі будуць выплочваць адзіны падатак паводле новых ставак 2022 года. Стаўкі выраслі ў разы. А тым ІП, якія раней карысталіся спрошчанаю сістэмаю падаткаабкладання, трэба будзе альбо закрыцца, альбо перайсці на выплату падаходнага падатку або адзінага падатку.

Таксама з 1 лютага юрыдычныя асобы і ІП больш не змогуць прымаць наяўныя грошы пры продажы тавараў, выкананні работаў, наданні паслуг без выкарыстання касавага абсталявання. Цяпер касы павінны выкарыстоўваць:

  • настаўнікі, трэнеры няпоўнагадовых;
  • прадаўцы нехарчовых тавараў на рынках і кірмашах;
  • тыя, хто здае ў арэнду памяшканні ў інтэрнатах, дачы, садовыя дамкі і да т. п.;
  • тыя, хто гандлюе або надае паслугі не на пастаянным месца працы, акрамя сельскай мясцовасці;
  • тыя, хто займаецца разносным гандлем гароднінаю, садавіной, ягадамі, грыбамі, арэхамі, семкамі;
  • сельпо з адным прадаўцом.
Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: АЗ / Белсат

А распаўсюднікі рэкламы, якія да 1 лютага не падалі ў МАРГ паведамлення аб улучэнні ў рэестр на папяровым носьбіце, больш не змогуць надаваць паслугі ў размяшчэнні рэкламы.

Што будзе з цэнамі, тарыфамі і крэдытамі?

1 лютага адбудзецца традыцыйны рост коштаў на цыгарэты. Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман» з 1 лютага падымае цэны на 8–10 капеек, а «Табак-інвест», «Беларусьгандаль» і «Інтэр-Табака» падымаць цэнаў не будуць.

Таксама беларусы атрымаюць рахункі з павялічанымі сумамі за студзень.

А Нацыянальны банк з лютага перагледзеў разліковую велічыню стандартнай рызыкі (РВСР) – адсоткавы максімум па пазыках у банкаў. Так, стаўкі па новых крэдытах у рублях для юрыдычных асобаў складуць 16,38 % гадавых (было 15,79 %), для фізічных асобаў – 20,38 % гадавых (было 20,55 %). Калі крэдыт бралі з канкрэтнай РВСР, то яе памер мяняцца не будзе.

Вырасце грашовая дапамога

З 1 лютага вырасце памер грашовай дапамогі ў доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Прыбаўка складзе каля 8,8 %. Дапамога на першае дзіця вырасце на 43,82 рубля – да 539,56 рубля. Дапамога на другое і наступных дзяцей складзе 616,64 рубля, на дзіця-інваліда – 693,72 рубля. Перагляд памеру дапамогі прывязаны да зменаў сярэдняга заробку па краіне.

Таксама з 1 лютага павялічыцца бюджэт пражыткавага мінімуму (БМП). Для працаздольнага насельніцтва ён складзе 329,35 рубля супраць ранейшых 321,22 рубля. Бюджэт пражыткавага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва вырасце да 296,55 рубля (было 288,01 рубля). Новы памер БПМ будзе дзеяць да 30 красавіка.

У сувязі з гэтым вырасце памер некаторых відаў грашовай дапамогі, якія даюць пры нараджэнні дзяцей. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці складзе 2965,5 рубля (была 2880,1 рубля), а пры нараджэнні другога і наступных – 4151,7 рубля (была 4032,14 рубля).

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, вырасце да 296,55 рубля. Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў на час выхавання дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў складзе 148,28 рубля.

Штомесячная дапамога сем’ям на дзяцей, старэйшых за 3 гады, з асобных катэгорыяў сем’яў складзе: на дзіця-інваліда – 207,59 рубля, на іншых дзяцей у сям’і – 148,28 рубля. Штомесячная дапамога ў доглядзе дзіцяці-інваліда, малодшага за 18 гадоў, складзе 296,55 рубля (з I і II ступенню страты здароўя і з III і IV ступенню страты здароўя да спаўнення 3 гадоў) і 355,86 рубля (з III і IV ступенню страты здароўя пасля спаўнення 3 гадоў); на дзіця ва ўзросце да 18 гадоў, інфікаванага ВІЧ, – 207,59 рубля.

І пенсіі

Акрамя таго, пералічаць сацыяльныя пенсіі, надбаўкі да пенсіяў, павышэнне выплатаў асобным катэгорыям пенсіянераў, даплаты атрымальнікам ва ўзросце 75 гадоў і болей. Сацыяльныя пенсіі розным катэгорыям людзей з інваліднасцю складуць 222,41–326,21 рубля. Атрымальнікам сацыяльных пенсіяў, старэйшым за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост, будуць выплачваць 148,28 рубля. Надбаўкі да пенсіяў вырастуць да 37,07 рубля і 74,14 рубля, даплаты пенсіянерам, якія не працуюць і старэйшым за 75 гадоў, – да 55,61 рубля, старэйшым за 80 гадоў – да 74,14 рубля.

Павысяць пенсіі бацькам дзяцей-інвалідаў, якія мелі раней ІІІ ці IV ступені страты здароўя, а затым былі прызнаныя інвалідамі з дзяцінства I групы. Пры ўмове догляду такіх дзяцей не менш за 20 гадоў памер пенсіі бацькоў вырасце да 291,33 рубля.

Таксофон, телефон-автомат, телефон общего пользования, уличный телефон
Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Павышэнне памеру пенсіі чакае і іншыя катэгорыі атрымальнікаў. Таксама большымі стануць памеры грашовай дапамогі ў доглядзе інвалідаў I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Як карыстацца газам

З 16 лютага ўступаюць у моц новыя правілы карыстання газам у побыце. У іх усталяваны парадак разлікаў за выкарыстаны газ, выкананыя працы ды паслугі, тэхнічнае расследаванне прычынаў аварыяў і няшчасных выпадкаў, а таксама прапісаныя патрабаванні ў запэўніванні бяспекі пры карыстанні газам у побыце.

Акрамя таго, з 16 лютага патрабуецца заключэнне дзвюх дамоваў або падзел ранейшай на дзве – на газазабеспячэнне і на тэхнічнае абслугоўванне газавых прыбораў. Акрамя таго, утрыманне газавага абсталявання ў спраўным стане ды яго абслугоўванне становяцца клопатам уласніка – як фізічнай, так і юрыдычныя асобы. Абслуговыя арганізацыі атрымліваюць права замяняць газавае абсталяванне.

Мост вяртаецца

З 10 лютага плануюць адкрыць для руху адбудаваны мост праз Няміга ў Менску, які абваліўся ў ноч на 8 студзеня. Яго запланаванае будаўніцтва займае менш за месяц.

Мост на Немиге, обрушение моста, ремонт, строительство, грузоподъёмные краны, Минск
Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Таксама ў лютым пачнуць будаваць Нацыянальны выставачны цэнтр у будучым «разумным горадзе», пад забудову якога аддалі ворныя землі. Ён з’явіцца ў паўночнай частцы Менску, у раёне перасячэння МКАД і Даўгінаўскага тракту. Праўда, арабскія і сербскія інвестары павінны былі пабудаваць яго яшчэ да 2021 года.

Каронавірус: дзесьці ёсць, а дзесьці – не

Міністэрства аховы здароўя Беларусі з 1 лютага прыпыняе да асобнага распараджэння ўсе адукацыйныя захады: курсы павышэння кваліфікацыі, семінары, навукова-практычныя канферэнцыі ў мэтах удасканалення прафесійных ведаў медычных работнікаў. Звязана гэта з ростам захворванняў на вострыя рэспіраторныя і каронавірусную інфекцыю.

Між тым нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балету з лютага адменіць антыковіднае рассаджванне гледачоў. У лютым забяспечаць 100 % глядацкіх месцаў, хоць яшчэ ў студзені было «шахматнае» рассаджванне.

«Дармаеды», рыбакі і ЦТ

У Беларусі кожны квартал пералічваюць «дармаедаў», якія без паважнай прычыны (пенсія, дэкрэтны адпачынак, інваліднасць і г. д.) не занятыя ў эканоміцы. Каб не трапіць у спіс, трэба адпраўляць да 21 студзеня, 21 красавіка, 21 ліпеня і 21 кастрычніка ў органы занятасці дакументы, якія пацвярджаюць, што вы не «дармаед». «Дармаеды», у якіх ёсць ва ўласнасці жытло, будуць плаціць поўныя тарыфы на гарачую ваду, ацяпленне і газ.

У лютым пройдзе другі этап рэпетыцыйнага тэставання. 6 лютага будучыя абітурыенты змогуць здаць пробнае ЦТ па фізіцы, хіміі, замежных мовах, сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі, 13 лютага – па матэматыцы, біялогіі, грамадазнаўстве і геаграфіі, 20 лютага – па беларускай і расейскай мовах.

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Белсат

Да канца лютага 2022 года рыбакі не змогуць лавіць рыбу, у якой ідзе нераст. Так, у лютым нельга будзе лавіць ментуза і быць паблізу ад гэтага віду рыбы на адлегласці 1 кіламетр ад берага вадаёму. Таксама да красавіка нельга лавіць сама.

Алімпіяда ў Кітаі

У Пекіне між тым 4 лютага стартуюць зімовыя Алімпійскія гульні. Беларуская каманда, якую рэпрэзентуюць 29 атлетаў у шасці відах спорту, на іх можа заваяваць ад дзвюх да трох узнагародаў. Але гэта не дакладна.

Аналітыка
«Запхнуць спартоўку ў багаж»? Чаго Беларусі чакаць ад Алімпіяды ў Пекіне, і колькі будзе медалёў
2022.01.26 14:31

МГ belsat.eu

 

Стужка навінаў