Новая цэнзура ў «Прессболе»: пад навінамі на сайце выдання адключылі каментары


Спартовае выданне «Прессбол» робіць чорныя спісы з усіх, хто крытыкуе цяперашнюю ўладу, і выдаляе каментары. Цяпер выданне пастанавіла цалкам адключыць каментары на сайце.

«Прессбол».
Фота: TUT.by

«Каментары адключаныя ў раздзеле навінаў. Груба кажучы, карыстальнікі не могуць пракаментаваць свежай навіны. Кіраўніцтва ў асобе Юрыя Арлова паабяцала, што бліжэйшым часам магчымасць каментаваць вернуць, але з больш жорсткаю мадэрацыяй. Маё меркаванне ўсё тое ж: пад мелодыю заезджанай пласцінкі «спорт – па-за палітыкаю» ўводзяць цэнзуру, якая выключае абсалютна любую крытыку Мінспорту, НАК, АБФФ і проста любых цяперашніх спартовых чыноўнікаў. Прычым выключаецца крытыка, заснаваная чыста на спартовых паказніках», – сказаў у размове з «Белсатам» былы журналіст «Прессбола».

Журналіст дадае факты таго, што любая крытыка ў сённяшнім «Прессболе» забароненая.

«Тлумачэнні Арлова наконт таго, што сайт не супраць навінаў, якія не змяшчаюць палітыкі, не пацвярджаецца фактамі. Чаму няма навінаў пра выдатны выступ Сныцінай за свой клуб? Чаму не ставяцца чыста футбольныя каментары Кутузава ці Ісаева? Дзе меркаванні Хадасевіча, Татура? Няма іх, як і ўвогуле любой крытыкі, хоць нават сляпы бачыць, што наш футбол і хакей цяперашнімі дзеячамі даведзены да ручкі. Затое ў стужцы навінаў хапае месца для Недасекава, Мірончык-Івановай, Багдановіча ды іншых праўладных прыхільнікаў, – кажа былы журналіст «Прессбола».

Hавiны
«Усім ужо не да медалёў. Важней – каб нічога не здарылася». Аляксандр Апейкін пра цэнзуру на Алімпійскіх гульнях
2022.01.30 19:26

Журналіст распавёў, што цяпер спартовае выданне робіць выгляд, што спорт – па-за палітыкаю, але калі гэта датычыць дзяржаўных органаў альбо праўладных арганізацыяў, пра гэта адразу забываюць:

«Чорны спіс выдання складаецца літаральна з усіх, хто крытыкуе цяперашнюю ўладу, працу федэрацыяў, Міністэрства спорту. Напрыклад, нядаўна была навіна, што Васіль Хамутоўскі стаў памочнікам Алега Дулуба ў Львове. Гэтая навіна ў «Прессболе» так і не выйшла, таму што абодва – «ворагі». У гэтым выданні цяпер, мусіць, усе ворагі, з нядаўніх часоў спіс папоўнілі былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Хацкевіч і яе былы гулец Віталь Кутузаў: яны наважыліся крытыкаваць сітуацыю ў беларускім спорце».

Нагадаем, што «Прессбол» быў незалежным і найлепшым спартовым выданнем Беларусі, пакуль у канцы 2020 года яго не захапілі лукашысты: яны прызначылі свайго рэдактара, пасля чаго большасць журналістаў звольнілася на знак пратэсту.

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў