Латушка пра пераслед сям’і: Гэта даволі моцны ціск, але ён ніяк не ўплывае на маю дзейнасць


Павел Латушко, руководитель и основатель Народного антикризисного управления (НАУ)
Павел Латушка, кіраўнік і заснавальнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ). Варшава, Польшча. 22 кастрычніка 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

Ужо некалькі прадстаўнікоў сям’і Паўла Латушкі зазнаюць рэпрэсіі. І іх не толькі трое, паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў размове з «Белсатам».

«Я мяркую, што ажыццяўляюцца рэпрэсіі праз прыналежнасць да маёй сям’і. Гэта фактычна тэрор у Беларусі. Можна правесці аналогію з перыядам сталінскіх рэпрэсіяў 1937 года, якія спазнаў увесь постсавецкі абшар, калі пераследуюцца родныя і блізкія дзеячаў. Напрыклад, пераслед маёй дачкі, завядзенне крымінальнай справы ў дачыненні майго стрыечнага брата – тут таксама трэба чакаць негатыўнага развіцця падзеяў», – мяркуе Павел Латушка.

Паводле інфармацыі палітыка, Анатоль Латушка цяпер на Акрэсціна, а пазней надоўга застанецца ў турме. На праўладным канале была інфармацыя, што затрыманы ў хуткім часе мае распавесці нешта пра палітыка. Да гэтага наш суразмоўца ставіцца з хваляваннем за роднага:

«Гэта сведчыць пра тое, што ён можа зазнаваць гвалт, што будуць спробы абылгаць сябе і мяне. Але адразу заўважу, што мы з ім не камунікавалі каля 10 гадоў. Таму я абсалютна не ведаю, што ён можа сказаць: мы не мелі кантактаў. Калі мы былі дзецьмі, сябравалі, сустракаліся, калі да бабулі прыязджалі на святы. Пазней кантакты былі ўжо значна радзейшыя, і мы даўно не бачыліся».

Артыкулы
У Менску затрымалі стрыечнага брата Паўла Латушкі
2022.02.01 08:16

Павел Латушка заклікае праваабарончую супольнасць прызнаць Анатоля Латушку палітычным вязнем:

«Я спадзяюся, што будзе прынятае такое рашэнне ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Бо гэта прыкметы рэпрэсіяў праз прыналежнасць да сям’і».

Аднак гэта не адзіны эпізод пераследу родных кіраўніка НАУ.

«Некаторыя з прозвішчам Латушка страцілі працу. Быў прыклад, калі прымушалі запісаць «пакаяннае» відэа, дзе абгаварыць і абылгаць мяне. Але родны адмовіўся гэта рабіць. У нас моцная сям’я, і ніколі такога не было, каб адзін аднаму здраджваў», – падкрэсліў наш суразмоўца.

Сваякі кіраўніка НАУ не мелі на думцы ўцякаць з Беларусі.

«У бабулі з дзядулем было васьмёра дзяцей, таму гаворка пра вялікую колькасць родных і блізкіх. Нерэальна ўявіць, што ўсе з’едуць. І зноў жа, кожны сам прымае рашэнне, але ніколі нікога не вабіла нейкае замежжа. Ніхто не імкнуўся з’ехаць. Я праз сваю працу бываў за мяжой і заўсёды вяртаўся. І мая дачка праз маю працу была за мяжой. І мы хочам дабіцца таго, каб як мага хутчэй вярнуцца дадому», – адзначыў Павел Латушка.

Артыкулы
Супраць дачкі Паўла Латушкі завялі крымінальную справу
2022.01.28 22:08

У сваёй прамове Лукашэнка казаў, што ён са сваймі падначаленымі даў сігнал прадстаўнікам дэмакратычных сілаў Беларусі, каб тыя вярталіся дадому і на каленях каяліся.

«Трэба зразумець, што ў ягоным вузкім разуменні прымусіць замаўчаць Латушку, актывістаў грамадзянскага руху – значыць вырашыць праблему. Але гэта праблемы яго не вырашыць. Абсалютная большасць беларусаў сваё рашэнне прыняла і прагаласавала супраць гэтага дыктатара і супраць дыктатуры. І гэта ніякім чынам не паўплывае», – падкрэсліў кіраўнік НАУ.

На думку спадара Паўла, Лукашэнка лічыць яго асабістым ворагам:

«Такая інфармацыя да мне прыходзіла, і не аднойчы. Я не магу ўсяго распавесці пра тыя сведчанні, якія апошнім часам да мяне прыходзяць. Як я казаў, ён пагражаў задушыць мяне, калі я яму здраджу. Тое, што супраць мяне заведзеныя 6 крымінальных справаў, пачаўся ціск на дачку – крымінальная справа, арышт кватэры, затрыманне стрыечнага брата, тое, што адбываецца з іншымі роднымі, – гэта сведчанне таго, як ён ставіцца да мяне.

Ён лічыць мяне сваім ворагам. Але мы працуем сістэмна, не здаемся, у нас ёсць абсалютна рэальны інструмент, каб змяняць гэтую сітуацыю малымі і вялікімі крокамі ды рабіць ягонае жыццё цяжкім».

Сярод пагрозаў кіраўніку НАУ багата нават не намёкаў, а ўласна пагрозаў фізічна расправіцца:

«На мінулым тыдні «ByPol» рабіў расследаванне – гэта толькі адзін прыклад таго, што адбываецца. Гэта больш за 20 пагрозаў фізічнага характару за гэтыя месяцы. Пагрозы былі публічныя і непублічныя: былі пагрозы дзеянняў падчас размоваў, былі публікацыі, пагражалі сякераю рассекчы галаву, і нож у спіну, і выступы Азаронка. Пра некаторыя я не магу сказаць, бо гэта таямніца следства. Гэта даволі моцны ціск, але гэта ніяк не ўплывае на маю дзейнасць і маё рашэнне весці барацьбу. Нават не супраць Лукашэнкі, а за новую Беларусь. Але зразумела, што перашкодаю да гэтага ёсць Лукашэнка ды ягоная сістэма».

  • Стрыечнага брата кіраўніка НАУ Паўла Латушкі Анатоля Латушку затрымалі ў Менску 31 студзеня. На мінулым тыдні стала вядома, што крымінальную справу завялі на Яну Латушку – дачку Паўла Латушкі. Паведамлялі, што ейную кватэру арыштавалі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў