«Дзень ковіднага шаленства». У Беларусі дазволілі бальнічныя ад студэнтаў і дыягназ без тэсту


Чэргі ў паліклінікі ў панядзелак Міністэрства аховы здароўя патлумачыла выходнымі. У аўторак з чэргамі стала лягчэй, але з’явілася некалькі дзіўных навінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга ў інфекцыйнае аддзяленне ў Смалявічах.
Фота: чытачы Белсату

Медыкам дазволілі ставіць дыягназ COVID-19 без ПЛР-тэставання ці антыген-тэставання. Цяпер можна пастанавіць, што рэч у каронавірусе, проста паводле «клінічных і/або рэнтген-тамаграфічных звестак». Пры гэтым у COVID-19 могуць быць дзясяткі розных сімптомаў, але такія сімптомы могуць выклікаць і іншыя хваробы (лекаванне якіх можа адрознівацца).

З тэстамі сітуацыя падазроная: у Беларусі іх, паводле афіцыйнай статыстыкі, робяць столькі ж, колькі ва ўтрая меншай Літве, а атрымліваюць у пяць разоў менш станоўчых выпадкаў. Старшыня менскага Камітэту аховы здароўя Алена Богдан вінаваціла ва ўтварэнні чэргаў ахвочых зрабіць тэст на каронавірус у клініцы ды заклікала купляць тэставыя наборы самастойна ў крамах і аптэках.

Hавiны
Якая сітуацыя са штамам о-мікрон у Беларусі? Спыталі ў інфекцыяніста
2022.01.31 07:30

Ставіць дыягназ COVID-19 і афармляць бальнічныя дазволілі студэнтам-медыкам. Пасля гэтай навіны супольнасць медыкаў «Белыя халаты» напісала пра «дзень ковіднага шаленства»: чалавек без дыплому лекара можа браць на сябе адказнасць за экспертызу часовай непрацаздольнасці і выдаваць юрыдычны дакумент.

«Халаты» абураюцца: хто будзе несці адказнасць у выпадку парушэнняў? І чаму кажуць, што «лекараў дастаткова» і «сітуацыя не крытычная», а дазваляюць выдаваць бальнічныя студэнтам, якія на тое не маюць паўнамоцтваў?

Чэргі зменшыліся: чакаць трэба ўжо ўсяго толькі 2-3 гадзіны. Пра гэтую сітуацыю парталу Zerkalo.io расказалі чытачы, якія пабывалі ў розных клініках Менску, Горадні і Наваполацку. Мяркуючы з фота, людзі чакаюць прыёму як на дварэ (дзе – 3 °С), так і ў даволі цесных памяшканнях, дзе сядзяць амаль плячо да пляча (а з-пад масак у некаторых тырчаць насы).

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

Пасланне Лукашэнкі слухалі прынамсі некалькі інфікаваных. Увечары 31 студзеня «Наша ніва» паведаміла, што некаторыя з прысутных на звароце Аляксандра Лукашэнкі 28 студзеня не выйшлі на працу пасля выходных з прычыны хваробы. Адна жанчына атрымала станоўчы тэст на каронавірус у дзень звароту, другі мужчына, нягледзячы на сімптомы, адмаўляецца здаваць тэст. У час звароту ў зале былі некалькі тысячаў чалавек, большасць з якіх не насіла масак. А сядзелі чыноўнікі і праўладныя актывісты шчыльна: на дыстанцыі, значна меншай за неабходную каронавірусу для «паспяховай» перадачы.

Менскіх школьнікаў шлюць на экскурсію ў музей, калі хварэе палова настаўнікаў і пятая частка дзяцей. «Белыя халаты» не называюць нумару школы, але расказваюць, што ў чатах класаў набіраюць 15 чалавек для экскурсіі ў Музей Вялікай Айчыннай вайны. Медыкі абураюцца: «Бацькі, у вас запасныя дзеці ёсць?»

У Беларусі толькі месяц таму пачалі вакцынаваць дзяцей 12–17 гадоў, хоць шмат дзе ў свеце з восені вакцынуюць дзяцей дзе ад 5 гадоў, а дзе і ад 3 гадоў. Штам о-мікрон, які цяпер дамінуе і ў Беларусі, і ў свеце, можа заражаць і дзяцей да 5 гадоў – яны хварэюць менш востра, але ўсё роўна хварэюць і могуць заражаць іншых. Пра тое, што медыкі не спраўляюцца з дзіцячаю захворвальнасцю, улады ведалі прынамсі з 21 студзеня.

Hавiны
Трапляюць у шпіталі з цяжкімі сімптомамі. З якога ўзросту можна вакцыянаваць дзяцей ад каронавіруса?
2021.11.29 07:40

Клінікі запоўненыя хворымі, а хварэюць і самі дактары. Паводле звестак «Белых халатаў», у 6-й гарадской клінічнай лякарні Менску хворымі занятыя ўсе ложкі, радзільню перапрафілявалі на ковіднае аддзяленне, штодня заражаецца хтосьці з работнікаў. У 32-й паліклініцы Менску чэргі з самай раніцы па 50–60 чалавек, а ў пачатку тыдня адразу тры лекары адначасова сышлі на бальнічны з каронавірусам. У Мікашэвічах клініка забітая людзьмі, па 40–50 чалавек чакаюць прыёму ў памяшканні на 30 м², а ў аптэках мястэчка скончыліся экспрэс-тэсты. У Гомлі нават у «неперагружаным» раёне не трапіць да тэрапеўта. А ў 10-й менскай гарадской клінічнай лякарні медыкам пагражаюць правяраннямі, калі яны не будуць выпраўляць хворых дамоў (на амбулаторнае далечванне).

Колькасць выклікаў хуткай дапамогі і ў Менску, і ў рэгіёнах «б’е ўсе магчымыя і немагчымыя рэкорды», а работнікі хуткіх адзін за адным сыходзяць на бальнічныя. На адной менскай падстанцыі з 15 брыгадаў засталіся дзейнымі толькі 7, а з іх толькі 3 – так званыя лінейныя, на якія і падае асноўная разгрузка. Праз вялікую колькасць выклікаў на несур’ёзныя праблемы або «дзеля кансультацыі» такая вялікая, што на сур’ёзныя праблемы даводзіцца гадзінамі чакаць хуткую.

Праз паведамленні чытачоў пра шалёныя чэргі «Белыя халаты» нават прапанавалі флэш-моб: дзяліцца здымкамі талончыкаў на прыём. Яны паказалі прыклады: учора а 8:43 недзе ў чарзе быў 271 чалавек, а яшчэ дзесьці а 15:23 – 552 чалавекі.

Hавiны
Пятая хваля каронавіруса ў Горадні: масавыя захворванні на прадпрыемствах і чэргі ў паліклініках
2022.01.31 14:43

Заўтра Ціханоўская правядзе адкрытую размову пра медыцыну. Офіс Святланы Ціханоўскай тлумачыць: улады Беларусі і раней рэдка пыталі беларусаў, што тыя думаюць пра рашэнні ў медыцыне, падатках ці будаўніцтве школаў, а цяпер зусім перасталі. Таму Ціханоўская запускае серыю онлайн-абмеркаванняў, першае з якіх будзе пра медыцыну. Яно пачнецца 2 лютага а 19:00 у фармаце «Zoom»-канферэнцыі: доступ вольны, але патрэбная папярэдняя рэгістрацыя.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў