Затрыманых падчас візіту Лукашэнкі выкладчыкаў пакаралі арыштам за «непадпарадкаванне»


Галоўны корпус БДУ. Фота belsat.eu

29 студзеня Аляксандр Лукашэнка прыязджаў у БДУ на сустрэчу са студэнтамі. Тады ж стала вядома, што затрымалі трох выкладчыкаў універсітэту, паведамляе TUT.by.

Паўла Пятрова з факультэту радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогіяў судзілі за непадпарадкаванне паводле арт. 23.4 КаАП («Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў»). Спадара Пятрова затрымалі раніцай 29 студзеня, суд адбыўся 1 лютага. Паводле пратаколу Павел Пятроў аказаў супраціў, калі супрацоўнікі органаў выводзілі яго з падʼезду: трымаўся за паручыны, сядаў на зямлю, упіраўся нагамі. Суду выкладчык распавёў, што супраціву ён не аказваў. Суд Фрунзенскага раёну пастанавіў, што віна даказаная, і прызначыў спадару Пятрову 15 содняў арышту.

Удзельніцу страйкаму ўніверсітэту Святлану Волчак затрымалі раніцай 29 студзеня. Да таго, як з ёй знікла сувязь, спадарыня паспела напісаць, што дзверы ейнай кватэры ломяць. У той жа дзень яе судзілі ў судзе Фрунзенскага раёну Менску паводле арт. 23.4 КаАП. Як паведамляюць сваякі і валанцёры, экс-выкладчыцу БДУ прызналі вінаватай і пакаралі 14-дзённым арыштам.

Разам са Святланай затрымалі ейнага мужа Міхаіла Волчака. Суд пакараў яго за непадпарадкаванне (арт. 23.4) 15-дзённым арыштам.

Увечары 28 студзеня затрымалі выкладчыцу геаграфічнага факультэту БДУ Вольгу Кавалеўскую. На яе склалі два пратаколы: паводле арт. 23.34 і 23.4 КаАП. 29 студзеня ейную справу разгледзелі ў судзе Фрунзенскага раёну і, паводле інфармацыі валанцёраў, накіравалі на дапрацоўванне.

МГМ Belsat.eu

Стужка навінаў