«З васьмі чалавек у камеры пяць – «палітычныя». Заснавальніца Прэс-клубу Юлія Слуцкая апісала побыт у СІЗА


Аляксандра Слуцкая, дачка заснавальніцы Прэс-клубу Беларусь Юліі Слуцкай, у сваім «Фэйсбуку» распавяла пра побыт маці ў СІЗА на Валадарскага.

«Мама трымаецца малайцом, перадае ўсім велізарнае прывітанне і вялікі дзякуй за падтрымку. «Сябры і знаёмыя знаходзяць такія важныя словы для мяне цяпер!» Нашы лісты як «нітачкі, якія злучаюць мяне з нармальным светам. Я адчуваю, як яны выцягваюць мяне», – цытуе Аляксандра лісты маці.

«Вяртаемся ў раскіданую камеру»

Падчас ператрусаў нас усіх, акрамя дзяжурных, выводзяць у карцар. Гэта памяшканне метр на тры з паловай. У далёкім канцы – прыбіральня. Над ёй замест зліву – кран з вадой. То бок гэта яшчэ і рукамыйніца. Замест вентыляцыі над унітазам дзірка, ацяплення няма. Вельмі вільготна і халодна. Драўляная дошка-ложак на дзень прыкручваецца да сцяны. Апошні хлопчык сядзеў тут 17 содняў.

Вяртаемся ў раскіданую камеру. Торбы з-пад ложкаў высунутыя, матрацы загорнутыя, рэчы выкінутыя на ложкі.

Гісторыі
«Я проста хачу да мамы на ручкі». Аповед дачкі затрыманай заснавальніцы Прэс-клубу Юліі Слуцкай
2021.01.26 07:58

«Гулялі па самым краі дворыка, ездзілі з горкі»

Па панядзелках у нас дзень лазні. У лазню трэба ісці па вуліцы. Дзяўчаты ідуць у халатах і гумовых тапках на босую нагу. Я надзяваю шкарпэткі і спартовы касцюм. На восем чалавек – пяць кранаў.

Душаў няма, проста льецца струмень вады. На тое, каб памыцца, у нас 20 хвілін, уключаючы апрананне і распрананне. Сёння мы гулялі па самым краёчку панадворка, бо па цэнтры была велізарная лужына. У самым куце ўтварылася горка снегу, сантыметраў 60. Дзяўчаты прымудрыліся з гэтай горкі з’язджаць.

Пад акно камеры прыходзіць вялікі руды кот і гучна крычыць.

Прыходзіць як па гадзінах – два разы на дзень. Мы яго падкормліваем. Думаю, што не толькі мы. Калі вельмі пастарацца, ката можна разгледзець праз жалезныя пруты на вокнах.

У мяне ўсё добра, наколькі гэта магчыма. Адзін дзень хварэла, але з лекамі, якія ты мне перадала, вельмі хутка выкараскалася. Толькі кашаль не спыняецца. Але, напэўна, гэта рэакцыя арганізму на курэнне.

Упарта працягваю рабіць па дзве трэніроўкі на дзень. У любых умовах.

Прывучылася зранку есці аўсянку: заліваю шматкі кіпенем, дадаю сушаных журавінаў, міндальных шматкоў, арэхаў – і супер-каша гатовая!

На абед – распушчальны суп з хлябцом. Увечары – грачаныя шматкі або пюрэ з салодкім перцам, памідорамі і каўбасой.

У камеры ёсць свой заведзены парадак. Шмат дробных правілаў, якія палягчаюць прымусова-сумеснае жыццё. Напрыклад, той, хто ідзе ў туалет, уключае ваду. І калі не курыць – паліць кнот. Кожны раз выціраем сурвэткамі пасля сябе ўнітаз, выціраем падлогу.

Калі ў камеру хтосьці ўваходзіць, усе павінны стаць і закласці рукі за спіну. Працягваецца крызіс з лістамі. Мы ўжо месяц не атрымлівалі ніякіх вестак з дому. Усе на нервах. Пару разоў прынеслі некалькі паштовак без зваротных адрасоў ад чужых людзей. (Апдэйт – некаторыя лісты ўсё ж пачалі прарывацца!)

Трэба прызнаць, што калі ёсць яшчэ людзі, якія атрымліваюць інфармацыю толькі з тэлевізара, то прамыванне мазгоў выдатнае. Пачынаю заўважаць, што паддаюся нават я, вельмі добра дасведчаная, што гэта паралельная рэальнасць.

Hавiны
Затрыманых у «справе «Прэс-клубу» прызналі палітвязнямі
2021.01.14 13:02

«Усе, уключаючы палітычных, маральна рыхтуюцца ісці адседжваць тэрміны ў гомельскую калонію»

У нас у камеры цяпер восем чалавек. Тры – паводле наркатычнага артыкулу, астатнія – палітычныя. Адна дзяўчына ўжо атрымала 12 гадоў, цяпер ідуць апеляцыі. У турму яна трапіла ўпершыню, удома яе чакаюць двое маленькіх дзяцей. Жах! Яшчэ большы жах, што ўсе, уключаючы палітычных, маральна рыхтуюцца ісці адседжваць тэрміны ў гомельскую калонію.

Распавяду пра дзяўчат у камеры.

Тоня. Была валанцёрам «Краіны для жыцця». Муж цяпер у гэтай жа турме. За двума маленькімі дзецьмі глядзяць бацькі. Ёй за 30. Вельмі спакойная, упэўненая, пісьменная.

Маша – актыўны ўдзельнік студэнцкага руху. Вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Зусім юная, тоненькая. Ідэалістка.

Саша – ёй ледзь за 20, яна сірата. Падобная да маленькага фламінга (у галаве ружовыя пасмы). Вельмі разумненькая, добра малюе. Яна валанцёрыла, выкідала мяшок са смеццем, які збірала за пратэстоўцамі. Ёй закідаюць будаўніцтва барыкад. Хутка суд.

Аліна. Яна ўкусіла за нагу міліцыянта ў РУУС, які заламаў ёй рукі.

Hавiны
Юлія Слуцкая з СІЗА распавяла пра затрыманне і сваю справу
2021.01.06 15:37

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў